Больш, чым спорт

- 9:32Выхаванне, Спартыўныя падзеі

Фінальны этап спартакіяды Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі выявіў самых хуткіх, спрытных і актыўных у спорце.

З верасня мінулага года па май гэтага ў розных гарадах краіны, дзе ёсць філіялы РІПА, праходзілі спаборніцтвы па розных відах спорту: настольным тэнісе, валейболе, плаванні, міні-футболе, лыжных гонках, гіравым спорце, дартсе. Лёгкая атлетыка ў Гомелі завяршыла гэты круг: на базе спартыўнага комплексу “Прамень” прайшлі спаборніцтвы па лёгкаатлетычным мнагаборстве: бег 100 м, бег 1000 м, скачок у даўжыню з разбегу, кіданне мяча.

Пяць каманд ад навучэнцаў і шэсць ад выкладчыкаў прадстаўлялі ўсе філіялы РІПА: каманда Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе, індустрыяльна-педагагічны каледж, Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М.С.Высоцкага, Маладзечанскі дзяржаўны політэхнічны каледж і Гомельскі дзяржаўны дарожна-будаўнічы каледж імя Ленінскага камсамола Беларусі.

Дырэктар апошняй установы Вячаслаў Пільшчыкаў на стадыёне падтрымлівае сваіх. Адзначае, што гэта не толькі спорт, гэта значна больш:

— Для нас гэта развіццё, зносіны, папулярызацыя здаровага ладу жыцця, выхаванне патрыятызму і праяўленне актыўнай жыццёвай пазіцыі. Гэта стварэнне спартыўнага братэрства. У кожнага філіяла РІПА ёсць рэсурсны цэнтр, профільныя лабараторыі. Таму ў выніку для нас гэта і нарошчванне кампетэнтнаснай магутнасці спецыялістаў, і абмен ведамі, сумесныя семінары, канферэнцыі, калёквіумы. 

Кожны з відаў спорту праходзіў на пляцоўцы аднаго з шасці каледжаў сістэмы РІПА. На працягу года каманды ездзілі ў іншыя гарады, калегі спаборнічалі на спартыўных пляцоўках і мелі зносіны ў нефармальнай атмасферы. Гэта вельмі важна, лічыць першы прарэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Юлія Сычова:

— Нашы калектывы знаходзяцца ў розных месцах краіны, але хацелася, каб яны мелі зносіны. Такія мерапрыемствы, як гэтая спартакіяда, накіраваны на аб’яднанне нашых калектываў, на фарміраванне каманды, якая можа звярнуць горы ў тым ліку і ў падрыхтоўцы кадраў. Калегі падчас нефармальных зносін маюць магчымасць абмеркаваць свае прафесійныя напрацоўкі. Мы імкнёмся зацікаўліваць нашы філіялы і ў іншых кірунках: працуем над стварэннем розных вучэбна-метадычных комплексаў. У нас ёсць падобныя спецыяльнасці, і мы разам адпрацоўваем вучэбна-метадычныя дапаможнікі, каб пасля імі карысталіся ўсе. Нашы філіялы ўдзельнічаюць у эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці. На базе сваіх навучальных устаноў апрабуюць тыя ці іншыя методыкі, а затым мы іх укараняем у сістэму падрыхтоўкі кадраў на ўсю краіну. 

Ірына АСТАШКЕВІЧ.