Новы 2015 год для сістэмы адукацыі краіны пачаўся з навіны: у Беларусі будзе праведзены пілотны праект па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў № 1199 ад 19 снежня 2014 года.
Магчымасць апрабацыі нарматыўнага, ці, як яго яшчэ называюць, падушавога фінансавання ўстаноў адукацыі ў краіне абмяркоўвалася даўно. Тым больш што ў суседніх краінах такая схема са сваімі асаблівасцямі дзейнічае даўно. Спецыялісты органаў кіравання адукацыяй, галіновага прафсаюза вывучалі вопыт суседніх краін даволі скрупулёзна, вылучаючы плюсы і мінусы падобнай сістэмы. І вось, згодна з прынятым урадам рашэннем, эксперымент па ўвядзенні нарматыўнага фінансавання з 1 студзеня будзе праведзены ў шэрагу ўстаноў краіны.
Сутнасць яго ў тым, што ўрадам устанаўліваецца базавы нарматыў бюджэтнай забяспечанасці расходаў на навучанне і выхаванне аднаго навучэнца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі (на сёння, згодна з тэкстам пастанаўлення, — 11 807,6 тысячы рублёў у год) і карэкціруючыя каэфіцыенты да яго, якія залежаць ад віду ўстановы і ступені навучання. Потым гэты нарматыў памнажаецца на сярэднегадавую колькасць навучэнцаў установы. Адпаведна, аб’ёмы фінансавання, якое накіроўваецца на навучанне і выхаванне навучэнцаў устаноў, будуць устанаўлівацца ў залежнасці ад колькасці навучэнцаў у кожнай установе.
Як паведамляе прэс-цэнтр Міністэрства адукацыі, гэты праект плануецца правесці ў мэтах удасканалення бюджэтнага фінансавання ў галіне адукацыі. Перавагай такой сістэмы фінансавання з’яўляецца павышэнне зацікаўленасці ўстаноў адукацыі ў выніках сваёй дзейнасці.
— Установы будуць атрымліваць бюджэтныя сродкі па нарматыве ў залежнасці ад колькасці навучэнцаў, гэта значыць, чым больш вучняў, тым большы аб’ём фінансавання, — адзначаюць у Міністэрстве адукацыі. — Такім чынам, будзе створана асяроддзе для здаровай канкурэнцыі паміж установамі за кожнага вучня.
Згодна з рашэннем урада, прадугледжана правядзенне пілотнага праекта па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі па двух напрамках: у цэлым па адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы — у Баранавічах і ў асобных установах агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у іншых гарадах.
На рэалізацыю праекта не спатрэбіцца выдзяленне дадатковых сродкаў з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў. Плануецца, што бюджэтныя сродкі будуць накіроўвацца на фінансаванне рэалізацыі пілотнага праекта зыходзячы са сродкаў адпаведных мясцовых бюджэтаў, прадугледжаных на расходы па агульнай сярэдняй адукацыі, гарантаванага і адраснага забеспячэння рэалізацыі мер па сацыяльнай абароне навучэнцаў у адпаведнасці з заканадаўствам.
Немалаважна ў новай сістэме і тое, што праектам прадастаўляецца права кіраўнікам устаноў адукацыі самастойна фарміраваць штатны расклад у межах выдзеленых сродкаў, аптымізаваць штатную колькасць, а вызваленыя сродкі накіроўваць на стымуляванне работнікаў, устанаўленне павышаючых каэфіцыентаў да тарыфных ставак (акладаў) работнікаў. Нарматыўнае фінансаванне дазволіць забяспечыць празрысты і справядлівы механізм фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, рацыянальнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў, павелічэнне заработнай платы, павышэнне якасці адукацыі.
У далейшым пры атрыманні станоўчых вынікаў пілотнага праекта, адабрэнні педагагічнай грамадскасцю, кіраўніцтвам краіны новых падыходаў да фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі будзе разгледжана магчымасць шырокага ўкаранення нарматыўнага фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у гарадах.
Алена МАРКЕВІЧ.