Больш за 100 маладых педагогаў з Беларусі сабраў фестываль педагагічных ідэй на Гродзеншчыне

- 16:05Образование

Фестываль педагагічных ідэй “Прызванне — педагог” прайшоў у Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Фестываль ужо стаў традыцыйным і праводзіцца 12 гадоў. Сёлета ён сабраў больш за 100 маладых педагогаў з Беларусі, а таксама ў анлайн-рэжыме — удзельнікаў з Омска, Тулы і Тульскай вобласці Расіі. У фестывалі прынялі ўдзел каманды ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, у тым ліку каледжы з Расіі. На працягу трох дзён яны асвойвалі эфектыўныя прыёмы і метады работы з навучэнцамі, прымалі ўдзел у трэнінгах асобаснага росту, кейс-інтэнсівах, інтэлектуальным турніры і творчых майстар-класах.

Вітаючы ўдзельнікаў фестывалю, рэктар ГрАІРА Святлана Сяргейка падкрэсліла, што на такіх форумах у маладых спецыялістаў ёсць магчымасць павучыцца ў таленавітых, вопытных педагогаў, а потым ужо прымяніць атрыманыя веды на практыцы ў сваіх установах адукацыі. Удзел у фестывалі садзейнічае прафесійнаму росту маладых настаўнікаў, наладжванню кантактаў з калегамі. Майстар-класы і ўрокі для ўдзельнікаў форуму правялі лепшыя педагогі ўстаноў адукацыі Гродзенскай вобласці.

— Фестываль стварае прафесійную адукацыйную прастору для маладых педагогаў, што дазваляе сфарміраваць у іх каштоўнаснае стаўленне да прафесійнай дзейнасці. У рамках мерапрыемства для іх ствараецца асяроддзе, з аднаго боку, для зносін паміж сабой, для камунікацыі, аб’яднання ў прафесійныя суполкі, з другога — яны маюць магчымасць пазнаёміцца з вопытнымі майст­рамі, пераможцамі і лаўрэатамі конкурсу “Настаўнік года”. У гэтым годзе пра свае напрацоўкі таксама расказалі пераможцы абласнога этапу рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют”. Сакрэтамі майстэрства па­дзяліліся настаўнікі-метадысты, навучылі калег так выбудоў­ваць адукацыйны працэс, каб ён быў эфектыўным, — расказала прарэктар па навукова-метадычнай рабоце ГрАІРА Марына Дабрадушанка.

Арганізатары мерапрыемства — галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, абласная арганізацыя прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, ГрАІРА.

Ирына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара