Больш за 23,8 тыс. першакласнікаў сядуць за парты ў Мінску 1 верасня

- 16:36Образование

У новым навучальным годзе адукацыйны працэс у Мінску будзе арганізаваны ў 241 установе агульнай сярэдняй адукацыі, будуць працаваць 442 дзіцячыя садзікі (без уліку спецыяльных устаноў адукацыі і ўстаноў ведамаснай падпарадкаванасці). Аб гэтым падчас прэс-канферэнцыі журналістам паведаміў намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Глеб Лаўрыновіч, перадае карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

У 1-я класы прыйдуць 23 823 хлопчыкі і дзяўчынкі, для іх будзе працаваць 89 класаў (дарэчы, на 7 больш, чым летась). Традыцыйна найбольшая колькасць 1-х класаў будзе адкрывацца ў раёнах актыўнай жылой забудовы. Так, напрыклад, у шэрагу школ мікрараёнаў Мінск-Мір, Каменная Горка, Лябяжы будзе адкрыта па 10 першых класаў.

Да 1 верасня ў Заводскім раёне Мінска пасля капітальнага рамонту будзе адкрыта СШ № 210. Там заменены аконныя блокі, дзвярныя праёмы, цалкам адрамантаваны фасад і дах будынку, абноўлены стадыён. Работы тут плануецца завяршыць да 1 жніўня.

Абнаўляецца ў рамках капрамонту гімназія № 146 у Маскоўскім раёне. Работы будуць завершаны ў снежні, для школьнікаў установу адкрыюць у трэцяй чвэрці.

Да новага навучальнага года будзе ўведзена ў эксплуатацыю пасля капрамонту школа-інтэрнат № 9 у Кастрычніцкім раёне. Тут адрамантаваны вучэбныя, спальныя карпусы, дах, праводзіцца мадэрнізацыя харчаблоку.

Г. Лаўрыновіч падкрэсліў, што новых школ у Мінску ў найбліжэйшы час адкрыта не будзе. Новая ўстанова адукацыі на 1020 месцаў з’явіцца ў мікрараёне Лябяжы ў 2024 г.

Калі гаварыць пра дашкольныя ўстановы адукацыі, то ў бягучым годзе ў горадзе запланавана будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю 4 дзіцячых садзікаў. Адзін ужо адкрылі ў Заводскім раёне. Тры такія аб’екты будуць уведзены ў эксплуатацыю да канца бягучага года ў Брылевічах Маскоўскага, Навінках Цэнтральнага і Сокале Кастрычніцкага раёнаў. За кошт гэтага колькасць месцаў у дашкольных установах адукацыі сталіцы павялічыцца прыкладна на тысячу, — адзначыў намеснік старшыні камітэта па адукацыі.

Пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года важнае значэнне надаецца стварэнню ўмоў бяспечнага знаходжання навучэнцаў. Вядзецца работа па ўмацаванні і развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы (рамантуюцца дахі, фасады, санвузлы, добраўпарадкоўваюцца прылеглыя тэрыторыі), па паляпшэнні ўмоў працы работнікаў і дзейнасці навучэнцаў. Вялікая ўвага ўдзяляецца мадэрнізацыі харчаблокаў.

З 1 жніўня ў раёнах будуць працаваць міжведамасныя камісіі па прыёмцы школ да новага новучальнага года. Да 15 жніўня сертыфікаты гатоўнасці павінны атрымаць усе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота з архіва рэдакцыі