Кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў 28-га склікання ў Беларусі вылучана ўжо больш за 7,7 тысячы чалавек. Такая інфармацыя размешчана на сайце Цэнтрвыбаркама.
Часцей за ўсё патэнцыяльныя кандыдаты ў дэпутаты выбіраюць вылучэнне шляхам збору подпісаў, такіх каля 70 працэнтаў, працоўнымі калектывамі вылучана прыкладна 28 працэнтаў ад агульнай колькасці прэтэндэнтаў на дэпутацкі партфель, ад палітычных партый — 1,8 працэнта. Для вылучэння можна выкарыстоўваць два або адразу ўсе тры спосабы.
Сваіх кандыдатаў у дэпутаты на гэты момант вылучылі шэсць партый: Беларуская аграрная партыя, Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), КПБ, ЛДП і РППС.
Паводле інфармацыі ЦВК, на гэты момант сярод вылучаных кандыдатаў больш за 4 тысячы, або амаль 52,5 працэнта, — дэпутаты дзеючага склікання, 337 маладых людзей (ва ўзросце да 30 гадоў) — гэта прыблізна 4,4 працэнта ад агульнай колькасці вылучэнцаў. Вялікую актыўнасць у выбарчай кампаніі праяўляюць жанчыны, іх сярод прэтэндэнтаў на дэпутацкую пасаду больш за 4 тысячы, каля 52,7 працэнта.
Што тычыцца сфер дзейнасці, то больш за ўсё сярод вылучэнцаў прадстаўнікоў сферы адукацыі, культуры, навукі і аховы здароўя (амаль 32 працэнты), сельскай гаспадаркі (20,9 працэнта).
Перыяд вылучэння кандыдатаў у дэпутаты стартаваў 10 снежня і завершыцца 8 студзеня. Мясцовыя выбары пройдуць у Беларусі 18 лютага. Увогуле будзе размеркавана крыху больш за 18 тысяч мандатаў.