Большасць краін, пазбаўленых з-за даўгоў права голасу ў Генасамблеі, вярнулі яго

- 12:14Інфармацыйная гадзіна

Венесуэла, Іран і яшчэ пяць краін вярнулі сабе права голасу ў Генеральнай Асамблеі (ГА) ААН, пагасіўшы запазычанасць па ўзносах у бюджэт сусветнай арганізацыі. Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік Генеральнага сакратара ААН Стэфан Дзюжарык.

“Плацяжы паступілі ад Бахрэйна, Бурундзі, Дамініканскай Рэспублікі, Ісламскай Рэспублікі Іран, Малі, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, а таксама Венесуэлы. Цяпер яны могуць галасаваць у Генеральнай Асамблеі”, — сказаў ён. 18 студзеня Генсек Пан Гі Мун накіраваў пісьмо ў Генасамблею, праінфармаваўшы пра тое, што з-за даўгоў права голасу страцілі 10 краін. Акрамя названых, гэта Вануату, Лівія і Маршалавы астравы. Яны па-ранейшаму не могуць галасаваць на пасяджэннях ГА. Запазычанасці па ўзносах таксама маюць Гвінея-Бісау, Емен, Каморскія астравы, Сан-Тамэ і Прынсіпі і Самалі, аднак у адносінах да гэтых пяці краін дзейнічаюць паслабленні. Згодна з 19 артыкулам Статута Аб’яднаных Нацый, член арганізацыі “пазбаўляецца права голасу ў Генеральнай Асамблеі, калі сума яго запазычанасці роўная або перавышае суму ўзносаў, якія належаць з яго за два поўныя папярэднія гады”. Для таго каб вярнуць права голасу, Ірану было неабходна заплаціць $4,3 млн, Венесуэле — $2,9 млн, а Дамініканскай Рэспубліцы — $2,1 млн. Найменшую суму прыйшлося пералічыць Бурундзі — $1360. Раней пастаянны прадстаўнік Венесуэлы пры ААН Рафаэль Рамірэс заявіў, што затрымка з выплатай узносаў адбылася па бюракратычных прычынах. Як паведаміў журналістам Стэфан Дзюжарык, узносы за 2016 год пералічылі ўжо 20 краін, у тым ліку Данія і Швейцарыя.