Бонсцікі — за бяспеку на дарозе

- 9:59Інфармацыйная гадзіна

Падчас вясновых канікул і на працягу некалькіх дзён новай чвэрці — з 22 сакавіка па 4 красавіка — у рамках комплексу прафілактычных мерапрыемстваў “Бяспечныя канікулы” ў краіне праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя “Бяспека дзяцей — прыярытэт для дарослых”, якая накіравана на прадухіленне дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх.

Асаблівасцю сёлетняй акцыі стаў новы сацыяльны праект па нестандартным навучанні дзяцей ва ўзросце ад 4 да 10 гадоў правілам бяспечных паводзін на дарозе. Галоўнымі героямі праекта сталі новыя маленькія цацкі — бонсцікі.

Сутнасць цацачнага эксперымента ў тым, што пры дапамозе гульняў бонсцікі разам з інспектарамі ДАІ паспрабуюць дапамагчы навучэнцам школ і выхаванцам дзіцячых садоў вывучыць, як правільна пераходзіць дарогу і ў якіх месцах рабіць гэта найбольш бяспечна. Акрамя гэтага, бонсцікі будуць расказваць дзецям, што такое тармазны шлях і колькі часу неабходна аўтамабілю для таго, каб здзейсніць экстраннае тармажэнне.

“Мы расказваем, да якога ўзросту дзяцей трэба перавозіць з выкарыстаннем аўтамабільных крэслаў, а таксама засяроджваем увагу на тым, што ўсе пасажыры аўтамабіля абавязаны прышпільвацца. Таксама ўдзяляем увагу тым правілам дарожнага руху, якія павінны ведаць веласіпедысты, сярод якіх вельмі многа дзяцей і падлеткаў, — адзначае Ганна Банадык, старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ МУС Беларусі. — Расказваем, каму забаронена выязджаць на праезную частку на веласіпедзе, што такое флікер і як з яго дапамогай стаць прыкметнымі ў цемры. Такім чынам, дзецям тлумачацца базавыя правілы бяспекі, акцэнтуецца ўвага на пераходзе праезнай часткі па пешаходным пераходзе, бо ў апошні час выпадкі наезду на дзяцей на пераходах, на жаль, адбываюцца вельмі часта. Для таго каб найбольш поўна данесці да маленькіх пешаходаў такую важную інфармацыю, мы вырашылі выкарыстаць нестандартны прыём і далучыць да работы герояў, якія сёння неверагодна папулярныя сярод нашых дзяцей, — бонсцікаў. Працуючы з дзіцячай аўдыторыяй, вельмі важна выбіраць той спосаб зносін, які дзецям найбольш цікавы і зразумелы. А бонсцікі сёння — гэта самы прыкметны трэнд сярод маленькіх беларусаў. Таму мы адважыліся на такі сацыяльны эксперымент і спадзяёмся, што ён прынясе станоўчы вынік”.

Увогуле, акцыі, накіраваныя на папярэджанне дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей і падлеткаў, з’яўляюцца важнай прафілактычнай мерай. І ад таго, наколькі ўважлівымі на дарозе будуць дарослыя, залежыць здароўе і жыццё маленькіх пасажыраў і пешаходаў.

Падрыхтавала Наталля ДУБІК.