Вясна — гарачы час для выпускнікоў 9-х і 11-х класаў, бо пытанне прафесійнага самавызначэння стаіць першым нумарам у іх найбліжэйшых жыццёвых планах.
Буда-кашалёўскія школьнікі таксама выбіраюць для сябе спецыяльнасць, але для многіх гэтае пытанне ўжо вырашана. Якім чынам, карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Буда-Кашалёўскага райвыканкама Гомельскай вобласці Алена Парфененка.
— У гэтым навучальным годзе ў 9-х класах школ раёна вучыцца 321 чалавек, 11 класаў заканчваюць 147 юнакоў і дзяўчат. Некаторыя з іх ужо з мэтавымі накіраваннямі, таму не задаюцца пытаннем, куды паступаць. Па апошняй інфармацыі, мэтавыя накіраванні на навучанне па сельскагаспадарчым профілі ўзялі 28 чалавек (выпускнікі як 9-х, так і 11-х класаў). 11 чалавек плануюць паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі, 17 — у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. І гэта не апошнія лічбы. Ёсць нямала дзяцей, якія выказалі намер узяць мэтавае накіраванне.
У мінулым годзе 129 нашых выпускнікоў паступілі ў навучальныя ўстановы сельскагаспадарчага профілю, 36 вучацца па мэтавых дагаворах. І 11 чалавек па мэтавых накіраваннях атрымліваюць педагагічныя спецыяльнасці.
Трэба адзначыць, што ўстановы адукацыі і мясцовыя органы ўлады прафесійнаму вызначэнню выпускнікоў удзяляюць вялікую ўвагу. Праводзяцца прафарыентацыйныя мерапрыемствы, арганізуюцца сустрэчы з прадстаўнікамі каледжаў і ўніверсітэтаў. Прынамсі, падчас камандзіроўкі ў Буда-Кашалёва мне давялося папрысутнічаць на такой сустрэчы, якая праходзіла пры ўдзеле прадстаўнікоў райвыканкама.
У Доме культуры было мнагалюдна, у зале прысутнічалі старшакласнікі разам з педагогамі. Перад імі па чарзе выступалі прадстаўнікі каледжаў і Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі. Старшакласнікі задавалі пытанні наконт умоў навучання і перспектыў працаўладкавання. І тут да размовы падключыліся прадстаўнікі мясцовых органаў улады, якія расказалі пра перспектывы працаўладкавання ў раёне і ўмовы атрымання жылля.
У Буда-Кашалёве клапоцяцца пра сваіх выпускнікоў і імкнуцца ствараць максімальна спрыяльныя ўмовы для іх будучага жыцця на малой радзіме. Той факт, што яны даволі актыўна бяруць мэтавыя накіраванні, яскрава сведчыць пра эфектыўнасць сумеснай прафарыентацыйнай работы.
На тэрыторыі Буда-Кашалёўскага раёна дзейнічаюць 22 агульнаадукацыйныя ўстановы, з якіх 1 пачатковая школа, 1 гімназія, 2 базавыя школы і 18 сярэдніх. Агульная колькасць навучэнцаў — 3243.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота аўтара
Навіна па тэме:
В тесной привязке к конкретному предприятию. Минобразования — о преимуществах целевой подготовки