Будаўнічы аспект

- 10:14Адукацыйная прастора, Вышэйшая школа

Як функцыянуе БелАЭС, чым карысна знаёмства з ёй будучым інжынерам­будаўнікам і ці можна трапіць на электрастанцыю спачатку на практыку, а пасля і на працу?

Студэнты Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта ў час летняй практыкі азнаёміліся з работай Беларускай атамнай электрастанцыі, наведаўшы дэманстрацыйны корпус вучэбна-трэніровачнага цэнтра.

— Штогадова нашы студэнты пасля заканчэння 1 курса ездзяць на БелАЭС. ­
Там для іх праводзяць пазнавальную экскурсію па вучэбным цэнтры. Мы пазнаёміліся з рознымі спецыялістамі, у тым ліку з тымі, каго рыхтуюць да кіраўнічых пасад на АЭС. Яны якраз праходзілі навучанне і адпрацоўку магчымых аварыйных сітуацый, і гэты аспект вельмі зацікавіў нашых навучэнцаў, — расказала кіраўнік практыкі асістэнт кафедры “Гідратэхнічнае і энергетычнае будаўніцтва, водны транспарт і гідраўліка” факультэта энергетычнага будаўніцтва БНТУ Вікторыя Крыцкая.

Па яе словах, АЭС наведвалі студэнты спецыяльнасці “Будаўніцтва цеплавых і атамных электрастанцый”, якая, зразумела, з’яўляецца будаўнічай, а та­му юнакі ў першую чаргу разглядалі і аналізавалі сам будынак станцыі.

Пры паступленні на спецыяльнасць “Будаўніцтва цеплавых і атамных электрастанцый” абітурыенты прадастаўляюць сертыфікаты ЦТ па рускай або беларускай мове, матэматыцы і фізіцы. Навучанне доўжыцца пяць гадоў.

— Што тычыцца вытворчых практык на старшых курсах, то, зразумела, прыняць усіх жадаючых на АЭС не могуць, але ўсё ж такі шанс ёсць у многіх, было б жаданне. Так, зараз адзін з нашых студэнтаў энергетычнага факультэта, які перайшоў на 4 курс, знаходзіцца там на практыцы. Звычайна практыканты, так бы мовіць, займаюцца больш папяровымі справамі, але калі праявяць цікавасць, то змогуць шмат чаго пабачыць, — дадала Вікторыя Ігараўна.

Будучыя інжынеры-будаўнікі паглядзелі на поўнамаштабны трэнажор блокавага пульта кіравання, дзе адточ­ваюць свае навыкі інжынеры па кіраванні рэактарам і турбінай. А яшчэ ім расказалі пра асаблівасці работы атамнай станцыі, будову рэактарнай устаноўкі, крыніцы энергіі для АЭС, найноўшыя сістэмы бяспекі, што выкарыстоўваюцца на электрастанцыі.

— На Астравецкай АЭС мая вучэбная група пабывала 14 ліпеня. Думаю, амаль усе былі там першы раз, аднак асабіста я спадзяюся, што не апошні. На жаль, на тэхнічную тэрыторыю атамнай станцыі нас не пусцілі ў мэтах бяспекі. Але і экскурсія па вучэбна-трэніровачным цэнтры была вельмі пазнавальнай: нам растлумачылі фізічны прынцып работы АЭС і тэхналагічныя асаблівасці збудавання, паказалі поўную і дакладную копію галоўнага пульта кіравання энергаблока. На ім спецыялісты трэніруюцца ў вырашэнні нестандартных і аварыйных сітуацый у працэсе эксплуатацыі энергаблока. А яшчэ нас азнаёмілі з сістэмамі бяспекі АЭС і запэўнілі ў дасканаласці канструкцыі і немагчымасці выкіду радыенуклідаў у навакольнае асяроддзе нават пры самай моцнай паломцы ў любой частцы збудавання, у тым ліку і рэактарнага аддзялення. Таксама мяне зацікавіла наяўнасць прыстаўленай да АЭС ваеннай часці супрацьпавет­ранай абароны, якая ў выпадку нападзення на станцыю варожых сіл зможа ім супраць­стаяць, — падзяліўся ўражаннямі другакурснік факультэта энергетычнага будаўніцтва Антон Сінічэнкаў.

Яго аднагрупніку Даніілу Міхалькевічу таксама было цікава азнаёміцца з макетам асноўнага абсталявання станцыі. Увогуле, студэнты задавалі шмат пытанняў пра вышыню і канструкцыю градзірні, матэрыял перакрыццяў турбіннага, рэактарнага аддзяленняў, закраналі іншыя вузкаспецыялізаваныя пытанні.

— Не кожны дзень убачыш гра­дзірні памерам з паўтара футбольнага поля ў даўжыню і два полі ў вышыню. Таксама ўразіў узровень падрыхтоўкі спецыялістаў перад допускам да работы, бо, як аказалася, пасля атрымання дыплома нікога не дапускаюць да рэактара, а спачатку ўсе прахо­дзяць дадатковае навучанне і асвойваюць новыя веды, як кажуць, “з парты на парту”. А яшчэ ў час экскурсіі я асвяжыў веды аб спосабе атрымання электрычнасці з ядзернага паліва і ў поўнай меры зразумеў, што нават простая выпрацоўка электрычнасці можа дася­гаць такіх вялізных маштабаў, — дадаў Данііл.

На факультэце энергетычнага будаўніцтва БНТУ будучых інжынераў рыхтуюць па спецыяльнасцях, звязаных з будаўніцтвам і эксплуатацыяй аб’ектаў энергетыкі і воднай гаспадаркі, а таксама з выкарыстаннем рэсурсаў — як прыродных, так і энергетычных.

На маё ж пытанне, ці хацелі б юнакі вярнуцца на АЭС у якасці спецыялістаў, а не студэнтаў, Антон сказаў, што вельмі хацеў бы:

— Пры наведванні вучэбна-трэніровачнага цэнтра АЭС экскурсавод праінфармаваў нас, што калі добра вучыцца і мець жаданне, то цалкам рэальна трапіць да іх на прадпрыемства на летнюю вытворчую практыку на старшых курсах. Я лічу, што ў рамках маёй спецыяльнасці гэта было б выдатным вопытам.

Хто ведае, што будзе заўтра, але пакуль зразумела адно: у БНТУ рыхтуюць не проста добрых спецыялістаў, а не­абыякавых і ўважлівых да дробязей, дапытлівых і цікаўных, таму можна быць спакойнымі за будучыню нашай краіны.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота прадастаўлена БНТУ.