Будаўніцтва БелАЭС — важнае пытанне з пункту гледжання як эканамічнага, так і палітычнага, маральнага

- 10:12Інфармацыйная гадзіна

Беларускую атамную электрастанцыю плануецца ўвесці ў строй летам 2020 года. Аб прыхільнасці дадзеным абавязацельствам на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам заявіў генеральны дырэктар Дзяржаўнай карпарацыі па атамнай энергіі “Расатам” Аляксей Ліхачоў.

“Мы ўчора працавалі ўвесь дзень на станцыі, абмеркавалі стан спраў. Гатовы далажыць падрабязна, — сказаў Аляксей Ліхачоў. — Мы зыходзім з абавязацельстваў “Расатама” ўсю станцыю ўвесці ў строй летам 2020 года”.

Гендырэктар “Расатама” падзякаваў беларускаму боку за пастаянную ўвагу да будаўніцтва БелАЭС. “Мы гэта адчуваем, адчуваюць і нашы будаўнікі, якія працуюць тут, у Беларусі”, — сказаў ён.

Аляксей Ліхачоў нагадаў аб размове кіраўніка беларускай дзяржавы з Прэзідэнтам Расіі ў канцы мая 2012 года, калі стартаваў праект. “Вы тады сказалі, што задача — пабудаваць самую бяспечную, самую сучасную станцыю ў Еўропе. І “Расатам” дзейнічае зыходзячы з гэтай вашай устаноўкі. Сапраўды, гэта новае пакаленне па бяспецы (3+). У свеце такіх аналагаў няма”, — заявіў Аляксей Ліхачоў.

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка назваў будаўніцтва БелАЭС важным пытаннем з пункту гледжання як эканамічнага, так і палітычнага, маральнага. “Нам няпроста далося рашэнне аб будаўніцтве атамнай электрастанцыі пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Фобіі былі вельмі моцныя, але нам удалося пераканаць насельніцтва, што за гэтым — будучыня. Гэта па-першае. Па-другое, гэта найвышэйшыя тэхналогіі. Побач з касмічнымі, ІТ-тэхналогіямі, лічбавай эканомікай я стаўлю і будаўніцтва атамнай станцыі, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Мы ўдзяляем вельмі сур’ёзную ўвагу будаўніцтву. Дастаткова сказаць, што я дэталёва азнаёмлены з планамі і ходам будаўніцтва станцыі”.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нядаўна быў назначаны памочнік прэзідэнта, які адказвае за ажыццяўленне нацыянальных праектаў. “Гэта ўзровень нацыянальнага праекта роўна з іншымі, якія мы ажыццяўляем, — іх каля дзясятка. Гэта вельмі затратныя праекты, таму мы ўдзяляем ім сур’ёзную ўвагу”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, тэма будаўніцтва станцыі таксама пастаянна абмяркоўваецца ў час яго сустрэч з Прэзідэнтам Расіі. “Мы абмяркоўваем будаўніцтва атамнай станцыі і ўважліва кантралюем не толькі ход будаўніцтва, але і цэнавыя параметры. Прэзідэнта Расіі вельмі цікавіць гэтае пытанне”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

“Сённяшняя сустрэча вельмі важная для таго, каб яшчэ раз абмеркаваць пытанні будаўніцтва атамнай станцыі, ліквідаваць некаторыя вузкія месцы, якія, зразумела, пры такіх вялікіх будоўлях могуць быць. І шэраг іншых пытанняў, якія вы палічыце патрэбным абмеркаваць і пачуць мае адказы на іх”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.