Выпускнікі Гомельскага дзяржаўнага дарожна-будаўнічага каледжа імя Ленінскага камсамола Беларусі, які з’яўляецца філіялам РІПА, будуюць нашы дарогі і масты. А пакуль яны вучацца, кожны дзень супрацоўнікі каледжа ствараюць асаблівую дарогу для іх — дарогу да ведаў, прафесіяналізму і майстэрства. Імчацца да сваіх мар па ёй зручна і камфортна. Гэтая дарога заўсёды ў добрым стане, яна шырокая і добраўпарадкаваная: у каледжы пастаянна працуюць над тым, каб удасканальваць якасць падрыхтоўкі кадраў. Зараз вядзецца актыўная работа па арганізацыі апераджальнай падрыхтоўкі. Прапануем чытачам даведацца, як гэта адбываецца і якіх поспехаў дасягнуў каледж у гэтым напрамку.
На працягу 90 гадоў установа рыхтуе кадры, якія адказваюць за нашы дарогі, — спецыялістаў сярэдняга звяна для дарожнай, будаўнічай і аўтамабільнай галін эканомікі. Сёння ў каледжы можна атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю па наступных спецыяльнасцях: “Будаўніцтва дарог і транспартных аб’ектаў”, “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”, “Пад’ёмна-транспартныя, будаўнічыя, дарожныя машыны і абсталяванне”, “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”, “Электронныя вылічальныя сродкі”, “Аперацыйная дзейнасць у лагістыцы”. Толькі некалькі ўстаноў нашай краіны рыхтуюць спецыялістаў для будаўніцтва дарог і транспартных аб’ектаў. Што тычыцца кадраў для будаўніцтва, абслугоўвання і рамонту аўтадарожных мастоў, то Гомельскі дзяржаўны дарожна-будаўнічы каледж — адзіная ўстанова, якая выпускае такіх спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Выпускнікі каледжа запатрабаваны і размяркоўваюцца не толькі па Гомельскай вобласці, але і на прадпрыемствы па ўсёй краіне.
Ва ўсе часы галоўнай задачай установы адукацыі застаецца выпуск добрага спецыяліста. На сучасным этапе добрага — гэта значыць канкурэнтаздольнага, мабільнага, кампетэнтнага і дасведчанага.
— Сёння вельмі важна, каб на прадпрыемства прыйшоў спецыяліст, які валодае сучаснымі ведамі і навыкамі, умее працаваць з сучаснымі прыборамі, механізмамі, тэхнікай і абсталяваннем, знаёмы з перадавымі тэхналогіямі ў сваёй прафесійнай сферы. Прычым трэба ведаць не толькі тыя тэхналогіі, якія ёсць на яго рабочым месцы зараз, але і тыя, якія з’явяцца ў найбліжэйшы час, — расказвае аб галоўных арыенцірах дзейнасці каледжа дырэктар установы Вячаслаў Мікалаевіч Пільшчыкаў. — Вось для чаго патрэбна апераджальная падрыхтоўка, якая засноўваецца на кампетэнтнасным падыходзе і цесным узаемадзеянні з прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў.
Да арганізацыі апераджальнай падрыхтоўкі ў каледжы падышлі вельмі грунтоўна. Каб вызначыцца са зместам падрыхтоўкі, на працягу двух гадоў працавалі над эксперыментальным праектам “Апрабацыя механізмаў узаемадзеяння ўстаноў прафесійнай адукацыі і арганізацый — заказчыкаў кадраў па вызначэнні і мадэрнізацыі кваліфікацыйных патрабаванняў да спецыялістаў”. Прыцягненне заказчыкаў кадраў да падрыхтоўкі спецыялістаў вельмі лагічнае: менавіта для іх установы прафесійнай адукацыі рыхтуюць спецыялістаў і менавіта яны павінны вызначаць, якія спецыялісты патрэбны вытворчасці, якімі кампетэнцыямі яны павінны валодаць, да выканання якіх працоўных функцый павінны быць гатовы. Трэба заўважыць, што супрацоўніцтва з заказчыкамі кадраў у каледжа заўсёды ладзілася актыўна — ёсць каля паўсотні прадпрыемстваў, з якімі ўстанова ўзаемадзейнічае.
Эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць у рамках праекта ў каледжы праводзіцца на базе спецыяльнасці “Будаўніцтва дарог і транспартных аб’ектаў”. Удзельнікамі сталі 3 групы дарожна-будаўнічага аддзялення, усяго 75 навучэнцаў. У работу ўключыліся і прадстаўнікі арганізацый — заказчыкаў кадраў: ААТ “Гомель-прамбуд”, РУП “Гомельаўтадар”, ААТ “Будаўнічы трэст № 14 Гомеля”, КПРБУП “Гомельаблдарбуд” і яшчэ з дзясятак арганізацый.
— Будучыя работадаўцы выказалі свае заўвагі і прапановы. Напрыклад, звярнулі ўвагу на тое, што неабходна ўзмацніць практычную падрыхтоўку, а таксама прадугледзець магчымасць атрымання навучэнцамі навыкаў работы з камп’ютарнымі праграмамі, якія выкарыстоўваюцца ў дарожным будаўніцтве. З улікам гэтых і іншых прапаноў мы вызначалі вектар далейшых дзеянняў, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Галіна Рычардаўна Мазгова. — У выніку былі распрацаваны два эксперыментальныя вучэбныя планы па спецыяльнасці “Будаўніцтва дарог і транспартных аб’ектаў” для тых, хто вучыцца на аснове базавай і агульнай сярэдняй адукацыі. Адметнасць гэтых планаў у тым, што яны складзены на модульнай аснове.
Працэс навучання пабудаваны так, што навучэнцы эксперыментальных вучэбных груп могуць атрымаць, акрамя асноўнай кваліфікацыі спецыяліста “тэхнік-будаўнік”, яшчэ і тры дадатковыя працоўныя кваліфікацыі: “замершчык на тапографа-геадэзічных і маркшэйдарскіх работах 3-га разраду”, “дарожны рабочы 3-га разраду” і “бетоншчык 3-га разраду”. Таксама кожны навучэнец можа атрымаць пасведчанне вадзіцеля. Такім чынам, выпускнікі будуць універсальнымі спецыялістамі, якія дасканала ведаюць усе аспекты сваёй справы.
Эксперыментальны вучэбны план уключае пяць модуляў, якія даюць магчымасць паслядоўна фарміраваць у навучэнцаў спецыяльныя веды, практычныя ўменні. Напрыклад, першы модуль “Тапографа-геадэзічныя і разбівачныя работы” ўтрымлівае набор вучэбных дысцыплін, вывучэнне якіх адкрывае навучэнцу магчымасці ўдзелу ў падрыхтоўцы і ўстаноўцы геадэзічнага абсталявання, правядзенні здымак на мясцовасці і апрацоўцы палявых дакументаў, удзелу ў тапографа-геадэзічных работах пры аднаўленні і разбіўцы наземных збудаванняў, падземных камунікацый. Паспяхова засвоіўшы змест першага модуля і прайшоўшы практыку, навучэнец атрымлівае кваліфікацыю рабочага — “замершчык на тапографа-геадэзічных і маркшэйдарскіх работах 3-га разраду”.
Два наступныя модулі — “Будаўніцтва, утрыманне і рамонт аўтамабільных дарог” і “Тэхналогія арганізацыі і выканання работ па будаўніцтве транспартных збудаванняў” — даюць веды і навыкі, неабходныя для атрымання яшчэ дзвюх рабочых кваліфікацый. Засвоеныя веды дазволяць выпускнікам аптымальна і якасна выкарыстоўваць сучасныя дарожна-будаўнічыя матэрыялы і сумесі ў адпаведнасці з праектным рашэннем, працаваць з найноўшым дарожным абсталяваннем і механізмамі. У змесце модуляў ідзе паступовае нарошчванне працоўных функцый, звязаных з арматурнымі, бетоннымі, цяслярнымі, мантажнымі і такелажнымі работамі.
Чацвёрты і пяты модулі — “Арганізацыя і кіраванне дзейнасцю калектыву” і “Дыягностыка і маніторынг аўтамабільных дарог і транспартных збудаванняў” — накіраваны ўжо на падрыхтоўку спецыяліста сярэдняга звяна, які можа ацэньваць умовы і тэрміны будаўніцтва, захоўваць бяспеку работ, праводзіць кантроль тэхналогіі будаўніцтва і рамонту дарожнага пакрыцця, выкарыстоўваць камп’ютарныя праграмы пры вырашэнні прафесійных задач.
Усе вучэбныя дысцыпліны і практыкі эксперыментальных планаў ацэньваюцца заліковымі адзінкамі. Заліковая адзінка — лічбавы спосаб адлюстравання працаёмкасці вучэбнай работы навучэнцаў. Гэта свайго роду валюта ў сістэме прафесійнай адукацыі, якая дапамагае ацаніць колькасць засвоенага матэрыялу і агульны ўзровень ведаў будучага работніка. Заліковыя адзінкі прысвойваюцца толькі пасля заканчэння вывучэння дысцыпліны і пры ўмове паспяховай здачы залікаў або экзаменаў. Сістэма заліковых адзінак заклікана ўніфікаваць беларускую прафесійную адукацыю і прывесці яе ў адпаведнасць з еўрапейскімі нормамі.
У працэсе складання эксперыментальных вучэбных планаў па спецыяльнасці з’явіліся новыя вучэбныя дысцыпліны: “Інфармацыйныя тэхналогіі пры будаўніцтве аўтамабільных дарог”, “Інфармацыйныя тэхналогіі пры будаўніцтве транспартных збудаванняў”, “Інфармацыйна-тэхнічнае мадэляванне аўтамабільных дарог і транспартных збудаванняў” і іншыя. Гэта спатрэбілася таму, што інфармацыйныя тэхналогіі сёння актыўна пранікаюць у работу дарожных будаўнікоў і валоданне імі становіцца адным з неабходных навыкаў для такіх спецыялістаў.
Творчай групай каледжа сумесна з заказчыкамі кадраў былі распрацаваны праекты прафесійных стандартаў на 4 віды працоўнай дзейнасці. У іх патрабаванні да ведаў і ўменняў спецыяліста прыводзяцца па кожнай працоўнай функцыі. Таксама ў рамках праекта распрацаваны 34 вучэбныя праграмы па вучэбных дысцыплінах і практыках па спецыяльнасці “Будаўніцтва дарог і транспартных аб’ектаў”. Вучэбныя праграмы для вучэбных і вытворчых практык распрацаваны таксама на модульнай аснове. Зараз працягваецца апрабацыя гэтых праграм.
Адзін праект плаўна перайшоў у другі і сёння ўстанова працуе над эксперыментальным праектам па тэме “Апрабацыя методыкі адбору і структуравання зместу адукацыйных праграм на аснове мадэрнізацыі Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый”.
Важнай умовай для арганізацыі апераджальнай падрыхтоўкі з’яўляецца высокі прафесійны ўзровень выкладчыкаў, якія працуюць з навучэнцамі. У рамках эксперымента выкладчыкі — удзельнікі творчай групы павышаюць свой прафесійны ўзровень. Праграмы стажыровак для іх складаюцца з улікам мэты і задач эксперыментальнага праекта. Выкладчыкі шмат працуюць над сабой: засвойваюць і выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі, шукаюць новыя прыёмы і методыкі правядзення вучэбных заняткаў.
Для арганізацыі апераджальнага навучання неабходна і адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база. І такая ў каледжы ёсць. У рамках рэалізацыі праекта з’явіліся два новыя кабінеты для заняткаў, а існуючыя атрымалі новае сучаснае абсталяванне. Так, напрыклад, з’явіўся кабінет аўтадарожных мастоў, штучных збудаванняў на аўтамабільных дарогах. Тут ёсць сучаснае абсталяванне для неразбуральнага кантролю асфальтабетонных пакрыццяў і жалезабетонных канструкцый: дэфектаскоп, які дазваляе без разбурэння канструкцыі прааналізаваць стан арматуры; электронны склерометр, які вымярае трываласць матэрыялаў; прыбор, які аналізуе верагоднасць узнікнення карозіі арматуры. Непасрэдна ў кабінеце ёсць жалезабетонны элемент, на якім можна патрэніравацца прымяняць гэтыя прыборы.
Лабараторыя “Геадэзія” аснашчана найноўшым навігацыйным і геадэзічным абсталяваннем. Гэта лічбавыя і лазерныя нівеліры, робатызаваны тахеометр, сучасны геарадар і трасашукальнік. Навучэнцы вучацца працаваць з гэтымі прыборамі, а таксама з праграмным забеспячэннем да іх.
Шмат цікавага і карыснага можна ўбачыць у кабінеце “Праектаванне аўтадарожных мастоў. Штучныя збудаванні на аўтамабільных дарогах”. Тут вывучаюць будову дарожна-будаўнічых машын і вучацца іх эксплуатаваць. Асабліва звяртае на сябе ўвагу стэнд-трэнажор “Сімулятар кіравання дарожнымі машынамі”, які дае магчымасць адчуць сябе за рулём такога транспарту. Сімулятар — гэта кабіна і тры экраны, якія ствараюць візуалізацыю сапраўднай работы. Так, не выходзячы з кабінета, можна “папрацаваць” на экскаватары і аўтагрэйдары. Сфарміраваныя паэтапныя заданні спрыяюць засваенню матэрыялу. Таксама ёсць тут рэальная мадэль пнеўматычнай тармазной сістэмы грузавога аўтамабіля МАЗ з прычэпам з блокам кіравання АБС. Зручны для вывучэння гідраўлічных сістэм машын гідраўлічны стэнд Festo, які дае магчымасці мантажу і дэмантажу гідраагрэгатаў. І гэта толькі некалькі прыкладаў. Наогул, вучэбныя кабінеты і лабараторыі каледжа, а таксама вучэбны палігон ствараюць усе неабходныя ўмовы для станаўлення прафесіянала.
Навучанне ў каледжы дае навучэнцам веды і ўпэўненасць у сваіх сілах, каб будаваць не толькі дарогі для людзей, але і сваю ўласную дарогу да поспеху.
Дар’я РЭВА
Фота Наталлі ЛУТЧАНКА.