Беларускія школьнікі добра ведаюць, наколькі важная ў наш час эканомія энергарэсурсаў. Патрэбныя кожнаму газ, вада, цяпло, святло далёка не бязмежныя. Дзякуючы сваім педагогам падрастаючае пакаленне з ранняга ўзросту засвойвае правілы энергазберажэння. І не проста засвойвае, а стараецца максімальна данесці іх да грамадскасці, прыўнесці свае карысныя ідэі. Моладзь вывучае магчымасці дадатковай эканоміі, распрацоўвае энергазахавальную тэхніку і канструкцыі, прыдумвае варыянты выкарыстання другаснай сыравіны. З усёй разнастайнасцю перадавой вучнёўскай і педагагічнай думкі ў гэтым кірунку можна было азнаёміцца падчас падвядзення вынікаў дзясятага, юбілейнага, Рэспубліканскага конкурсу па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон”.
Удзел у ім прынялі звыш 130 вучняў і настаўнікаў з усіх рэгіёнаў. За дзесяць гадоў конкурс набыў шырокую папулярнасць. Пра гэта сведчыць колькасць удзельнікаў, якая ўвесь час павялічваецца. Як заўважыў намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі дырэктар дэпартамента па энергаэфектыўнасці Міхаіл Малашэнка, конкурсны рух ужо набыў міжнародны характар. Сёлета, акрамя беларусаў, свае работы прадстаўлялі і навучэнцы з Азербайджана.
— У далейшым плануецца яшчэ больш пашыраць межы конкурсу, бо ідэі энергазберажэння фарміруюць у падрастаючага пакалення навыкі беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя. Гэта вельмі важна, асабліва для нашай краіны, якая не мае дастатковай колькасці неабходных рэсурсаў, — падкрэсліў Міхаіл Пятровіч.
Сёлетні конкурс паказаў, што навучэнцы беларускіх школ выразна ўсведамляюць: будучыня планеты напрамую залежыць ад іх саміх, ад таго, наколькі эфектыўна яны расходуюць энергарэсурсы. Так, навучэнец Магілёўскага абласнога ліцэя № 3 Аляксей Чудоўскі разам з вучнямі сярэдняй школы № 21 горада Раманам Карабейнікавым і Віктарам Шыбекам перакананы ў тым, што людзі могуць быць не толькі спажыўцамі электраэнергіі, але і яе вытворцамі. Хлопцы знайшлі магчымасць ператварэння механічнай энергіі ад рухаў чалавека ў электраэнергію. Яны распрацавалі даволі простую канструкцыю, якую ўкаранілі ў звычайную лесвіцу. Такім чынам штодзённая хада па прыступках ператварылася ў выпрацоўку святла.
Навучэнец сярэдняй школы № 40 Гомеля Яраслаў Рагожнік распрацаваў сценавую панэль трайнога дзеяння. Прыладу можна ўсталяваць на сцяну дома і выкарыстоўваць як універсальны кандыцыянер. А вось вучань сярэдняй школы № 5 Баранавіч Уладзіслаў Ліс прадставіў ідэю аптымізацыі сонечных электрастанцый. Рабатызаваная сістэма сачэння за перамяшчэннем сонца, якую распрацаваў хлопец, дазваляе атрымліваць значна больш энергіі, чым падобныя да яе статычныя.
Як адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Дзмітрый Харытончык, такія дзейсныя распрацоўкі знойдуць прымяненне не толькі ў школьных кабінетах.
— Дзеці і педагогі не застаюцца абыякавымі да энергетычных праблем краіны. У кожны з прадстаўленных праектаў укладзена вялікая праца і творчы пошук, таму гэтыя ідэі сапраўды ўнікальныя, а галоўнае, перспектыўныя, — падкрэсліў Дзмітрый Іванавіч.
Кампетэнтнае журы выбрала з усіх прадстаўленых праектаў самыя адметныя. Сярод практычных праектаў па энергазберажэнні перамогу атрымаў навучэнец сярэдняй школы № 5 Баранавіч Уладзіслаў Ліс. З культурна-відовішчных мерапрыемстваў самае запамінальнае распрацавалі навучэнцы Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці. У намінацыі “Мастацкая работа па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” вызначылі некалькіх пераможцаў. Самы крэатыўны відэаролік стварыў навучэнец Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну Вячаслаў Чубоўскі, а найбольш творчую работу ў паднамінацыі “Лістоўка, плакат, малюнак” прадставіў вучань сярэдняй школы № 40 Магілёва Арсеній Шышлін. А вось калектыў сярэдняй школы № 40 Гомеля атрымаў пераможны дыплом за лепшую арганізацыю адукацыйнага працэсу ў сферы энергазберажэння.
Адметна, што ў ходзе падвядзення вынікаў чарговага конкурсу “Энергамарафон” была наглядна прадэманстравана дзейнасць магілёўскіх навучальных устаноў у плане энергазберажэння. Напрыклад, у прафесійным электратэхнічным каледжы рэсурсы эканомяць, выкарыстоўваючы сонца. Тут устаноўлены свяцільні на сонечных батарэях, функцыянуе фотаэлектрычная станцыя, што дазваляе значна знізіць паказчыкі рэсурсаспажывання. Сучасныя энергаэфектыўныя тэхналогіі станоўча ўплываюць на агульнае спажыванне энергіі і ў сярэдняй школе № 45, яслях-садзе № 116 горада. Да таго ж у гэтых установах вялікую ўвагу ўдзяляюць фарміраванню культуры энергазберажэння ў падрастаючага пакалення.
Як было адзначана падчас круглага стала, які завяршаў усе мерапрыемствы, работа такім чынам павінна быць наладжана паўсюдна. Толькі тады атрымаецца дасягнуць максімальнага ўсведамлення грамадствам важнасці беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.