Будучыня аграгарадка: вопытам эфектыўнай прафарыентацыі падзяліліся педагогі з Бачэйкава

- 11:04Витебская область, Образование

З сямі выпускнікоў Бачэйкаўскай сярэдняй школы імя М.А.Высагорца Бешанковіцкага раёна шасцёра ідуць у прафесію па мэтавых накіраваннях і плануюць вярнуцца працаваць на малую радзіму, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Забеспячэнне кадрамі раёна, а найперш свайго аграгарадка і непасрэдна ўстановы адукацыі калектыў на чале з дырэктарам Наталляй Апанасёнак бачыць у ліку першачарговых задач, якія комплексна вырашае. На трэцяй ступені школьнага навучання дасягненню выніку ў значнай ступені садзейнічаюць аграрныя класы.

— Гэта вельмі запатрабаваны і эфектыўны фармат, асабліва ва ўмовах школы ў сельскай мясцовасці, — адзначае Наталля Мікалаеўна. — Агракласы дапамагаюць атрымаць грунтоўную базу ведаў па хіміі і біялогіі, матывуюць да паспяховасці па ўсіх прадметах. Безу­моўна, навучэнцаў прывабліваюць бонусы пры паступленні на профільныя спецыяльнасці. А самае каштоўнае, на маю думку, што старшакласнікі актыўней знаёмяцца з нашымі прадпрыемствамі, глыбей разумеюць сацыяльна-эканамічныя працэсы, часцей задумваюцца, дзе і як яны могуць дасягнуць поспеху ў родных мясцінах. Прычым не проста забяспечыць устойлівы дабрабыт для сябе і ўласнай сям’і, але і прынесці карысць землякам, паўплываць на развіццё малой радзімы. Мы арыентуем дзяцей на аграрныя спецыяль­насці, аднак наш безумоўны прыярытэт — нацэліць іх на канкрэтныя рабочыя месцы, заахвоціць да жыцця і самарэалізацыі мена­віта ў нашым раёне.

Прафесійную арыентацыю тут ажыццяўляюць паслядоўна з пачатковых класаў. Пасля атрымання базавай адукацыі навучэнцы робяць першы выбар: школа або каледж. Многія не шукаюць далёка і паступаюць ва Ульскі дзяржаўны каледж імя Л.М.Даватара. У новым навучальным годзе 11 класа ў школе не будзе, таму што мінулым летам усе дзевяцікласнікі аддалі перавагу каледжам. Мэтавікі і сярод тых выпускнікоў, хто вучыцца на ступені ССА, — нармальная з’ява. А прафесійны выбар сёлетніх выпускнікоў агракласа пераканаўча пацвярджае выніковасць сумеснай работы школы, аддзела па адукацыі райвыканкама і сацыяльных партнёраў па гэтым вектары. Арына Шынкевіч і Ілья Ружынскі па мэтавых накіраваннях залічаны ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. У Горкі таксама падаў дакументы іх аднакласнік Дзмітрый Протас. Характэрна, што ў кожнага з гэтых абітурыентаў дастаткова высокі сярэдні бал атэс­тата, у Арыны ён складае роўна 9. Маладыя людзі збіраюцца звязаць лёс з аграэканомікай, меліярацыяй і землеўпарадкаваннем. Ягор Чачанец паступае ў Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь з мэтавым накіраваннем ад ваенкамата Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў. У Бачэйкаўскім дзіцячым садзе пасля заканчэння Полацкага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава чакаюць яшчэ адну выпускніцу — Настассю Бабянкову. Яе будучым калегам, Настассі Насыр і Дзіяне Талстой, мэтавыя накіраванні ў ВДУ імя П.М.Машэрава на факультэты матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій і педагагічны адпаведна выдалі ў Бешанковічах. Пасля заканчэння ўніверсітэта маладыя спецыялісты папоўняць калектывы сярэдняй школы № 1 імя І.І.Строчкі і дзіцячага сада № 5. Між тым сярэдні бал атэстата ў дзяўчат зноў жа красамоўны: 8,7 і 8,6.

— Дружныя, мэтанакіраваныя, разумныя дзеці, — характарызуе выпускнікоў іх класны кіраўнік настаўніца беларускай мовы і літаратуры Любоў Шчуко. — Паспяховыя і актыўныя не толькі ў вучобе, але і ў творчасці, спорце, грамадскім жыцці. Возьмем, напрыклад, нашу Арыну: у яе школьным партфоліа нямала дыпломаў за перамогі ў розных конкурсах, уключаючы раённы “100 радкоў пра Бешанковіцкі край” па рытарычным майстэрстве, абласны да 100-годдзя Васіля Быкава ў намінацыі “Лепшы вершаваны твор”. І, напэўна, самы каштоўны для нас, бо мы цесна супрацоўнічалі, выступаючы тандэмам “вучаніца і педагог-кіраўнік”, дыплом ІІ ступені за ўдзел у міжнародным конкурсе даследчых і творчых літаратурных работ “Духоўнае святло”, арганізаваным па благаславенні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веньяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. На цырымонію ўзнагаро­джання мы разам ездзілі ў Мінск. На свяце апошняга званка начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Мікалай Шыпуля ўручыў дзяўчыне грашовы сертыфікат ад раённага выканаўчага камітэта, якім у нашым рэгіёне традыцыйна ўзнагароджваюцца лепшыя выпускнікі. У 11 класе Арына, дарэчы, яшчэ вагалася, куды будзе паступаць. Канчатковае рашэнне прыняла пасля экскурсійнай паездкі ў Горкі, арганізаванай школай і Бешанковіцкім ПМС. Вярнулася і заявіла: “Толькі туды пайду!” Так прадпрыемства атрымала будучага маладога спецыяліста, якому дало накіраванне на вучобу. Падобныя адметныя гісторыі можна расказаць пра кожнага выпускніка. Перад імі насамрэч адкрыта мноства дарог. Радасна нам, настаўнікам, што яны ўсвядомлена ступілі на тую, якая вядзе ў Бешанковіцкі раён і роднае Бачэйкава.

На фарміраванне асобы навучэнца, яго ўчынкі і рашэнні напрамую ўплывае нас­таўніцкі прыклад. У кірунку праф­арыентацыі і грамадзянска-патрыятычнага выхавання ва ўстанове адукацыі педагогі задаюць вучням на­дзейныя арыенціры.

У калектыве сёння працуюць 24 педагогі, 9 з якіх скончылі Бачэйкаўскую школу, а астатнія ў пераважнай большасці — школы раёна. Былы дырэктар з Бачэйкава Мікалай Шыпуля, настаўнік гісторыі па педагагічнай спецыяльнасці, зараз узначальвае сістэму адукацыі Бешанковіччыны. Яго пераемніца на кіраўніцкай пасадзе Наталля Апанасёнак атрымала школьны атэстат у Бачэйкаве.

Выкладаць гісторыю ў пазамінулым студзені запрасілі студэнтку ВДУ імя П.М.Машэрава Дар’ю Рыбакову, якая на той момант вучылася на 4 курсе па мэтавым накіраванні. Паўгода Дар’я Аляксандраўна сумяшчала вучобу ў Віцебску і работу ў Бачэйкаве, затым прыйшла сюды ў якасці маладога спецыяліста і паспела выдатна сябе зарэкамендаваць.

Характэрная дэталь: дзве выпускніцы летась былі залічаны ў ВДУ па мэтавых накіраваннях, выдадзеных школай, а ўвогуле ўсе мінулагоднія выпускнікі 11 класа ва ўступную кампанію — 2023 ішлі як мэтавікі. Сфера абітурыенцкіх інтарэсаў была аналагічная: агра- і педспецыяльнасці, сілавыя структуры.

— Бачэйкаўская школа родная не толькі для дырэктара і кожнага трэцяга настаўніка, — з усмешкай гаворыць Наталля Апанасёнак. — Так, у бібліятэцы шчыруе наша руплівіца Таццяна Губко, на кухні і ў сталоўцы — малады кухар 4-га разраду Зоя Апанасёнак, таксама выпускніца гэтай установы адукацыі. Мы ў пілотным праекце па школьным харчаванні, і хачу сказаць: стараннямі работнікаў адходы ў сталоўцы рэальна зведзены да мінімуму. Нават рыбу і пячонку, якія многія з маленства не лю­бяць, Зоя Пятроўна ўмее згатаваць так, што дзеці ахвотна з’ядаюць, а іх бацькі потым пытаюцца рэцэпт. Бо дома дзеці просяць: “Хочам, як у школе!” Правая рука кухара, Валянціна Каралёва, працуе ў калектыве многа гадоў, таму добра знаёма з сем’ямі фактычна ўсіх навучэнцаў, пастаянна з імі ў кантакце. Калі ў кагосьці няма апетыту, то прычыну, хутчэй за ўсё, першай высветліць Валянціна Іванаўна. Пры неабходнасці яна тут жа праінфармуе мяне і класнага кіраўніка, далікатна давядзём да бацькоў. Нездарма за сталоўкай прыжылася трапная назва — “Таварыс­тва чыстых талерак”. Вельмі істотны для любой установы адукацыі момант, а для нас тым больш, нездарма я на ім засяродзіла ўвагу. Таму што наш кантынгент на сёння — 81 навучэнец і 42 мнагадзетныя сям’і, адказнасць і клопат вялікія.

Разам з бацькамі школа далучае дзяцей да працы, вучыць шанаваць яе ва ўсіх праяўленнях і адчуваць задавальненне як ад пра­цэсу, так і ад выніку. У сельскай мясцовасці трэба ўмець правільна выбраць насенне і расаду вырасціць, пасадзіць, прапалоць. Для гэтага створаны выдатныя ўмовы: вопытныя настаўнікі, свой вялікі агарод, цяпліца, некалькі ўчасткаў з пладовымі дрэвамі рознага ўзрос­ту. Самы малады — яблыневы сад надзеі, яго заклалі вясной напярэдадні 9 Мая.

Педагогі і навучэнцы старанна даглядаюць усе воінскія пахаванні часоў Вялікай Айчыннай вайны, якія знаходзяцца непадалёк школы. А яшчэ ў зоне іх адказнасці — падтрыманне парадку на частцы знакамітага сядзібна-паркавага комплексу Цеханавецкіх, што прымыкае да тэрыторыі школы.

Паняцці гістарычнай памяці, пераемнасці пакаленняў дзеці замацоўваюць на практыцы, укладваючы ў іх часцінку сваёй працы. Між тым установа адукацыі мае ўласныя глыбокія гістарычныя карані і сёлета адзначыць 160-годдзе. Да святкавання юбілею калектыў рыхтуецца па традыцыі дружна і творча. А значыць, абавязкова будуць прыемныя сюрпрызы і цікавыя сустрэчы, новыя справы і мэты, поспехі і дасягненні настаўнікаў, вучняў, выпускнікоў у гонар роднай школы.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлена Бачэйкаўскай сярэдняй школай
імя М.А.Высагорца Бешанковіцкага раёна