Будучыня вёскі — за краязнаўцамі

- 14:42Адукацыйная прастора

У Давыдаўскай сярэдняй школе Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці краязнаўчай работай займаюцца даўно. Цікавасць да яе праяўляюць і вучні, і настаўнікі, і выпускнікі, якія пакінулі сцены школы. Апошнія гады арганізацыю краязнаўчай работы ўзяла на сябе настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Васільеўна Раманава.

Які ж змест краязнаўчай работы ў школе? Лічым, што ёсць некалькі надзвычай важных тэм, якія з’яўляюцца яе асновай: гісторыя Радзімы ў падзеях у маёй вёсцы; гісторыя Гомельскай вобласці; гісторыя Светлагорскага раёна — як усё пачыналася; нашы знакамітыя землякі; родная школа, яе гісторыя і традыцыі; мой дом, радавод сям’і. Самае важнае, лічыць Вольга Васільеў­на, — гэта ўдзяліць увагу ўсім шасці тэмам, каб вучні і настаўнік разумелі неабходнасць іх адзінства, інтэграцыі, празрыстасць межаў, магчымасць і неабходнасць пас­таяннага сістэматычнага пераходу з аднаго кола ведаў у іншае, важнасць і мэтазгоднасць пастаяннай сувязі блізкага з далёкім, вяртання ад далёкага да блізкага.

З самага пачатку арганізацыі краязнаўчай работы мы заўважылі, што вучні праяўляюць цікавасць да тых падзей, якія блізкія ім, з якімі іх звязваюць родныя людзі. Менавіта таму на ўроках гісторыі пры вывучэнні любой тэмы педагогі нашай школы шукаюць магчымасць паказаць, як у гэтай падзеі праявілі сябе нашы аднавяскоўцы, якое дачыненне гэтая падзея мела да гісторыі развіцця нашай вёскі, як вёска адгукнулася на тыя ці іншыя падзеі.

Каб даведацца пра гэта, неабходна правесці даследаванне, звярнуўшыся да гісторыі жыцця самага звычайнага чалавека. Уступіўшы на шлях краязнаўчай даследчай работы, вучні часам бываюць вельмі здзіўлены тым, што іх суседзі, з дзяцінства вядомыя ім людзі, маюць дачыненне да такіх гістарычных падзей.

Гісторыя краю, мясцовыя падзеі вывучаюцца ў адзін­стве трох часавых вымярэнняў: мінулае, сучаснасць і будучыня. Так, вывучаючы са школьнікамі гісторыю вёскі на занятках гуртка, Вольга Васільеўна знаёміць іх не толькі з мінулым, але і сучасным станам вёскі, абмяркоўваюцца перспектывы развіцця. Гісторыя нашай вёскі выклікае ў вучняў нязменную цікавасць. Падзеі становяцца больш яркімі і запамінальнымі, калі ў іх удзельнічаюць канкрэтныя людзі, асабліва калі гэта сваякі або знаёмыя.

Пры арганізацыі краязнаўчай работы з дзецьмі ў нашай школе выкарыстоўваюцца розныя формы і метады работы. Адзін з самых перспектыўных і ўдалых, на мой погляд, кірункаў — гэта арганізацыя пошукавай краязнаўчай дзейнасці. У выніку арганізацыі такой дзейнасці вучні даведаліся, што на тэрыторыі Давыдаўскага сельскага Савета праходзіла важная ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны аперацыя “Баграціён”. Школьнікі знайшлі месца, дзе на камандным пункце 65-й арміі бывалі Г.Жукаў, К.Ракасоўскі. Таксама ім стала вядома, дзе менавіта праходзіла генеральная рэпетыцыя гэтай ваеннай аперацыі. Змаглі нават убачыць бліндажы, якія пашкадаваў час. Жыхар вёскі Горкі расказаў вучням, што з бярвення гэтых бліндажоў у вёсцы былі пабудаваны тры дамы. А бярвёны, што ляжалі на гаці і па якіх ішлі салдаты і танкі праз балота, спатрэбіліся пры пабудове хлява ў А.А.Качура з вёскі Давыдаўка. Вынікам гэтай шматгадовай пошукавай дзейнасці стала адкрыццё памятнага знака на месцы каманднага пункта 65-й арміі пад камандаваннем П.І.Батава і мемарыяльнай дошкі ў Давыдаўскай сярэдняй школе.

Цяпер хацелася б падрабязней спыніцца на іншых метадах, якія выкарыстоўваюцца для арганізацыі работы па краязнаўстве. Самыя распаўсюджаныя з іх — гэта апытанне і правядзенне інтэрв’ю, экскурсія і самастойная работа.

Метад інтэрв’ю займае шмат часу для падрыхтоўкі, бо інтэрв’юэру даводзіцца мяняць пытанні з улікам бягучых падзей, абставін і атмасферы гутаркі, узросту апытванага. Кіраўнік гуртка В.В.Раманава склала спецыяльную памятку для дзяцей па падрыхтоўцы да інтэрв’ю.

1. Пытанні трэба задаваць так, каб не закрануць самалюбства рэспандэнта, яго годнасці, пастарацца пазбегнуць адмоўных эмоцый у апытванага.

2. Варта памятаць, што падчас інтэрв’ю неабходна запісваць інфармацыю за апытваным, каб не зрабіць фактычных памылак.

3. Неабходна памятаць, што вусная гістарычная крыніца змяшчае двайную інфармацыю: факталагічную і ацэначную, таксама магчыма скажэнне фактаў.

4. Матэрыял будзе мець навуковую каштоўнасць, калі ён неаднаразова правераны і ўдакладнены па розных крыніцах інфармацыі.

Музеі, архівы, выставы, археалагічныя стаянкі, помнікі прыроды, архітэктуры, манументы — усё гэта абуджае цікавасць да гісторыі. Вольга Васільеўна выхоўвае сваіх гурткоўцаў не павучаннямі, а прыкладам займальнай сумеснай работы, вынікам якой будуць глыбокія і трывалыя веды. Але для правядзення экскурсіі патрабуецца спецыяльная падрыхтоўка як для хлопчыкаў і дзяўчынак, так і для настаўніка. Перад тым як правесці з вучнямі экскурсію ў мястэчка Кулінін Мох, кіраўнік гуртка запрасіла на заняткі найстарэйшую жыхарку вёскі Горкі Л.У.Губцэвіч, якая расказала дзецям цікавую легенду пра камяні.

Дзейсным сродкам актывізацыі самастойнай дзейнасці членаў гуртка з’яўляецца іх удзел у выпуску краязнаўчых насценгазет, рукапісных кніг, часопісаў, складанне віктарын, абмеркаванне прачытаных кніг, артыкулаў, выраб фотамантажу, наглядных дапаможнікаў па гісторыі краю для папаўнення школьнага музея. Педагогі нашай школы лічаць, што менавіта вывучэнне краязнаўчага матэрыя­лу (з-за яго даступнасці для вучняў) дае вялікія магчымасці для самастойнай работы, а таксама для арганізацыі групавых даследаванняў, дыспутаў, дыскусій. Гістарычнае краязнаўства ставіць настаўніка і дзяцей у становішча даследчыкаў. Цікавым відам самастойнай работы вучняў з’яўляецца складанне летапісу па гісторыі школы, сельскага Савета.

Канчатковым вынікам сур’ёзнай краязнаўчай работы нашых гурткоўцаў з’яўляецца школьны музей. Наша школьная пошукавая краязнаўчая работа ўзгадняецца з работай мясцовага краязнаўчага музея і ажыццяўляецца пад патранажам клуба “Пошук”, кіраўніком якога доўгія гады была Галіна Мікалаеўна Астроўская. У Давыдаўскай сярэдняй школе аформлены музейны пакой. Тут сабраны экспанаты, пошукавыя матэрыялы, дакументы, якія расказваюць пра гісторыю сельскага Савета і людзей, якія тут жывуць. У музеі размешчаны вітрыны з выставачнымі матэрыяламі: “Гісторыя вёскі”, “Герой Савецкага Саюза П.І.Батаў”, “Гісторыя школы”, “Гісторыя піянерскай і камсамольскай арганізацыі вёскі”, куток побыту нашых аднавяскоўцаў у пачатку стагоддзя, жаночая вопратка, узоры рука­дзелля сённяшніх майстрых вёскі і г.д. Асобнай экспазіцыі ў школьным музеі заслугоўвае даследаванне аб ахвярах Халакоста. За метадычную распрацоўку ўрока “Памяць ахвяр Халакоста” Вольга Васільеўна была ўдастоена дыплома лаўрэата II Рэспубліканскага конкурсу “Халакост. Гісторыя і сучаснасць. Урокі талерантнасці”.

Стала традыцыяй прыводзіць першакласнікаў 1 верасня ў музей, каб яны ў першы раз пачулі цікавую гісторыю нашай вёскі і школы. Выпускнікі, развітваючыся са школай, прыходзяць сюды, каб прынесці які-небудзь экс­панат на памяць аб сабе і зрабіць свой апошні вучнёўскі запіс у “Летапіс школы”. Настаўнікі школы лічаць, што музей дапамагае ім рабіць урокі больш канкрэтнымі, цікавымі і блізкімі дзецям, дапамагаюць выхоўваць людзей, якія любяць сваю Бацькаўшчыну.

Аб вялікіх гарадах і краінах напішуць гісторыкі і края­знаўцы, а вось памяць аб маленькіх раёнах, мястэчках і вёсачках часта знікае. Гісторыі пра іх сціраюцца з памяці, сыходзяць сведкі далёкіх часоў, і людзі пачынаюць забываць свае карані. Але мы ўпэўнены, што праз многа-многа гадоў цяперашнія гурткоўцы будуць расказваць нашчадкам-краязнаўцам аб сваім цікавым школьным дзяцінстве і аб тых далёкіх займальных падзеях, відавочцаў якіх яны сустракалі. Але самае галоўнае, яны ўпэўнены, — ім працягваць гісторыю вёскі і несці адказнасць за тое, якой гэтая вёска стане ў будучыні.

Святлана МАРКЕВІЧ,
дырэктар Давыдаўскай сярэдняй школы.