Будуецца новая школа

- 10:51Адукацыйная прастора

Урачыстае мерапрыемства закладкі капсулы часу ў гонар будаўніцтва новай школы прайшло ў райцэнтры Асіповічы Магілёўскай вобласці.

Капсулу з пасланнем нашчадкам разам з гараджанамі заклаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. Развіццё сацыяльнай сферы на Магілёўшчыне ў прыярытэце. Павышаная ўвага заўсёды ўдзяляецца функцыянаванню сістэмы адукацыі.

Новая школа будзе будавацца ў маладым мікрараёне Асіповіч. Плануецца, што гэта будзе шматфункцыянальны вучэбны цэнтр.

— У будынку размесцяцца сярэдняя школа, дзіцячы сад, гарадская дзіцячая бібліятэка, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа. Разлічана навучальная ўстанова будзе на 1200 вучняў. Плануем, што новая школа адчыніць свае дзверы ў 2022 го­дзе, — расказала начальнік аддзела па адукацыі Асіповіцкага райвыканкама Н.І.Шаўчэнка.

У Асіповіцкім раёне праводзіцца сістэмная работа па ўдасканаленні тэхнічнага стану, умацаванні матэрыяльнай базы ўстаноў адукацыі. Толькі ў бягучым годзе выкананы капітальны рамонт Лапіцкай сярэдняй школы, раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, гімназіі. Значны аб’ём работ зроблены i ў iншых навучальных установах. Напрыклад, у сярэдніх школах № 1 і № 4 Асіповіч, гарадскіх яслях-садах №№ 9, 10, 8 і Асіповіцкім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці сёлета замянілі аконныя блокі, правялі рамонт фасадаў, добраўпарадкавалі тэрыторыю. У Дрычынскім і Камяніцкім вучэбна-педагагічных комплексах істотна абнавілі спартыўныя залы. Усюды ва ўстановах адукацыі раёна праводзіцца мадэрнізацыя харчаблокаў з заменай кухоннага, тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання. Штогод тут абнаўляюць і вучэбную мэблю. Адным словам, прымаюць усе неабходныя меры для таго, каб знаходжанне дзяцей у навучальных установах было бяспечным, камфортным і радасным, а ўзровень іх адукацыі — высокім.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Дзмітрыя САЎРЫЦКАГА.