Пасольства Туркменістана ў Беларусі павінна стаць цэнтрам беларуска-туркменскага супрацоўніцтва. Такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на цырымоніі адкрыцця комплексу будынкаў туркменскага пасольства ў Мінску.
Кіраўнік дзяржавы лічыць глыбока сімвалічным, што ў знамянальныя для ўсіх краін Садружнасці Незалежнасці Дзяржаў, у тым ліку Туркменістана і Беларусі, дні святкавання Вялікай Перамогі ў цэнтры Мінска адкрываецца комплекс будынкаў пасольства брацкага Туркменістана. Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што паўтара года назад яны разам з Прэзідэнтам Туркменістана закладвалі капсулу ў фундамент будынка. А сёння ўжо ўзведзены аб’ект, які па праве з’яўляецца дастойным архітэктурным упрыгажэннем беларускай сталіцы.
“Упэўнены, што пасольства стане цэнтрам прыцяжэння беларуска-туркменскага супрацоўніцтва, а дыпламаты, якія будуць тут працаваць, унясуць свой важкі ўклад ва ўмацаванне шчырай дружбы паміж нашымі народамі і дзелавога партнёрства паміж дзяржавамі”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама падкрэсліў, што ў Беларусі вучыцца нямала туркменскіх студэнтаў, якія пасля вучобы павязуць з сабой часцінку беларускай душы і будуць у далейшым змацоўваць сваёй дзейнасцю беларуска-туркменскую дружбу. А аснова гэтай дружбы закладваецца ў Мінску.
“Безумоўна, гэтым дэманструецца ўзаемная ўпэўненасць у доўгатэрміновым характары двухбаковых адносін, нацэленасць на іх развіццё і паглыбленне. Тым больш што ў нас ёсць шэраг маштабных праектаў, рэалізацыя якіх паслужыць на карысць нашых краін”, — падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы засяродзіў увагу на важнасці рэалізацыі буйных аб’ектаў, якія сумесна ўзводзяцца ў Туркменістане. Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў супрацоўніцтве і ажыццяўленні сумесных праектаў няма вялікіх праблем. Калі нават узнікаюць нейкія пытанні, яны своечасова вырашаюцца.
Як адзначыў у сваю чаргу туркменскі лідар, “новы будынак будзе стаяць на трывалым фундаменце двухбаковай дружбы і ўзаемаразумення”. Ён лічыць, што Пасольства Туркменістана будзе актыўна працаваць на карысць далейшага развіцця двухбаковых сувязей. “Работа пасольства павінна адпавядаць высокаму ўзроўню беларуска-туркменскіх адносін”, — падкрэсліў Прэзідэнт Туркменістана.
Ён адзначыў, што з туркменскага боку ёсць выразная нацэленасць на дасягненне канкрэтных высокіх вынікаў ва ўзаемадзеянні паміж Туркменістанам і Беларуссю. Кантакты дзвюх краін характарызуюцца шматграннасцю, чаму ў вялікай меры садзейнічае створаная значная дагаворна-прававая база.
Урачыстая цырымонія адкрыцця комплексу будынкаў туркменскага пасольства адбылася з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава ў час афіцыйнага візіту Прэзідэнта Туркменістана ў Беларусь.