Будзь даследчыкам у школе — стань паспяховым у жыцці

- 12:07Адукацыйная прастора

Гарадская педагагічная майстэрня “Адкрываючы ўласны вопыт” прайшла ў сталічнай гімназіі № 16. Педагогі ўстановы падзяліліся вопытам развіцця даследчых здольнасцей навучэнцаў пачатковых класаў на вучэбных занятках.

Мэта адукацыі сёння — стварэнне ўмоў для развіцця і самаразвіцця навучэнцаў, выхавання ў іх здольнасці прымаць самастойныя рашэнні. Для дасягнення гэтай мэты педагогі звяртаюцца да актыўных метадаў навучання, сярод якіх — даследчы. Ён дазваляе фарміраваць актыўную, самастойную і ініцыятыўную пазіцыю навучэнцаў у навучанні; рэалізоўваць у першую чаргу агульнавучэбныя ўменні і навыкі, такія як даследчыя, рэфлексіўныя, самаацэначныя; фарміраваць не проста ўменні, а кампетэнцыі — уменні, непасрэдна спалучаныя з вопытам іх прымянення ў практычнай дзейнасці, якія былі б нацэлены на развіццё пазнавальнай цікавасці навучэнцаў, рэалізоўвалі б прынцып сувязі навучання з жыццём.

Як адзначыла метадыст аддзела пачатковай адукацыі МГІРА Алена Уладзіміраўна Камяк, месцам правядзення мерапрыемства невыпадкова была выбрана гімназія № 16, у якой склалася эфектыўная сістэма работы з навучэнцамі па развіцці іх даследчых здольнасцей. У выніку прыцягнення дзіцяці ў даследчую дзейнасць адбываецца развіццё пазнавальнай патрэбы і патрэбы ў творчай дзейнасці, павышаецца ўзровень самастойнасці пры пошуку і засваенні новых ведаў. Малодшыя школьнікі вучацца назіраць, даваць азначэнні паняццям, карыстацца рознымі крыніцамі для знаходжання інфармацыі, планаваць, рабіць высновы, самастойна апрацоўваць адабраны матэрыял, прадстаўляць вынікі сваёй работы.

— Мы рады, што можам падзяліцца вопытам у галіне даследчай дзейнасці, паказаць свае напрацоўкі. І калі хтосьці з педагогаў палічыць неабходным іх выкарыстоўваць у рабоце, то нам гэта будзе прыемна, — адзначыў, адкрываючы мерапрыемства, дырэктар гімназіі Георгій Уладзіміравіч Кушняроў. — Можна развівацца, знаходзячыся ў замкнёнай прасторы ў сваёй установе адукацыі, імкнуцца кожны раз прыдумваць штосьці новае, апрабаваць на практыцы, магчыма, расчаравацца, кінуць, аднак, калі ёсць узаемадзеянне, абмен меркаваннямі, узаемаўзбагачэнне, то ўсё выглядае зусім па-іншаму.

Перш чым дзіця адчуе ў сабе сілы для самастойнага даследавання, яно павінна адчуць смак да работы такога роду, зразумець, што яна дапамагае яму самастойна знайсці адказы на пытанні, выйсце з цяжкіх вучэбных сітуацый. А дзе, як не на ўроку, ён атрымае такую магчымасць? Праз выкарыстанне элементаў розных тэхналогій і методык: тэхналогію развіцця крытычнага мыслення, праблемнага і развіццёвага навучання, адукацыйнай мадэлі “Крок за крокам”, педагогі фарміруюць даследчыя навыкі малодшых школьнікаў. Як гэта адбываецца на практыцы, маглі бачыць удзельнікі мерапрыемства.

Фрагмент вучэбных заняткаў па рускай мове ў 3 класе па тэме “Фразеалагізм” прадэманстравала настаўніца пачатковых класаў Іна Іванаўна Матусевіч, якая выкарыстоўвае ў рабоце элементы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення. Мэта заняткаў — фарміраваць у вучняў уменне тлумачыць значэнне фразеалагізмаў, выкарыстоўваць іх ва ўласным маўленні. Малодшым школьнікам быў прадстаўлены фразеалагізм “черная кошка пробежала”. Дзеці шукалі яго значэнне і выказвалі гіпотэзы паходжання. Потым яны перанесліся ў фразеалагічную лабараторыю, падзяліліся на групы, кожная з якіх атрымала сваё заданне. Так, навучэнцы з групы “З першых крыніц” высвятлялі гісторыю ўзнікнення прапанаванага фразеалагізма, група “З рога ўсяго многа” шукала сінонімы да яго, група “Шиворот навыворот” — антонімы, групе “Залатыя рукі” неабходна было намаляваць ілюстрацыю да гэтага ўстойлівага выразу, групе “Чорным па белым” — вызначыць, навошта выкарыстоўваюцца фразеалагізмы ў маўленні, а групе “Птушка-гаварун” неабходна было вывучыць магчымасці выкарыстання фразеалагізмаў у іншых мовах — англійскай і беларускай. Навучэнцы паспяхова справіліся з заданнямі і прадставілі свае напрацоўкі. Гіпотэза пра тое, што кошку лічаць свяшчэннай жывёлай, пацвердзілася, а вось тое, што яна — памочніца ведзьмакоў і магаў, аказалася забабонам. На працягу ўсяго ўрока вучняў суправаджаў загадкавы герой Фразеалагізм, які даваў карысныя парады. Удзельнікі мерапрыемства змаглі пабачыць, як у вучняў паступова фарміруюцца даследчыя ўменні: яны вучацца вылучаць гіпотэзы, задаваць пытанні, у іх развіваецца метафарычнасць мыслення.

Як фарміраваць пазнавальныя матывы і інтарэсы малодшых школьнікаў у працэсе даследчай дзейнасці, паказала настаўніца пачатковых класаў Аксана Міхайлаўна Сапажэнкава. Яна прадставіла фрагмент вучэбных заняткаў па рускай літаратуры ў 4 класе на тэму “Х.К.Андэрсен. “Рамонак”. Пры вывучэнні гэтага твора педагогу адкрываецца магчымасць выкарыстання шырокага набору метадычных прыёмаў для развіцця крытычнага мыслення, якое так неабходна ў даследчай дзейнасці. Настаўніца аддала перавагу прыёму “Рамонак Блума” (“Рамонак пытанняў”). Чацвёртакласнікі шукалі адказы на шэраг пытанняў, сярод якіх “Як вы думаеце, што можна было перайначыць у казцы?”, “Якое галоўнае пытанне казкі?”, “Які жыццёвы ўрок дае нам гэты твор?”. Педагог арганізавала работу ў групах: аналітыкаў, літаратараў, стратэгаў, мастацтвазнаўцаў, музыказнаўцаў, кампазітараў і псіхолагаў. Кожнай групе былі прапанаваны свае пытанні, змешчаныя на рамонку. Так, мастацтвазнаўцы адбіралі карціны вядомых мастакоў, якія адлюстроўваюць настрой казкі, літаратары змянілі канцоўку казкі, кампазітары правялі музычны эксперымент, а музычнае суправаджэнне да твора падбіралі музыказнаўцы. На працягу заняткаў яскрава прасочваліся міжпрадметныя сувязі з музыкай, жывапісам, курсам “Чалавек і свет”. Малодшыя школьнікі вучыліся бачыць праблему (у іх фарміруюцца здольнасці развіваць уласны пункт гледжання, глядзець на аб’ект даследавання з розных бакоў), ахопліваць усю праблему цалкам, карэкт-на ставіць даследчую задачу, працаваць з камп’ютарнымі пошукавымі сістэмамі, назіраць і планаваць сваю даследчую дзейнасць. Напрыканцы заняткаў дзеці прыйшлі да высновы, што трэба цаніць усё жывое; што чалавек — частка прыроды і ён павінен жыць у згодзе з ёй. Абагульненнем атрыманых ведаў стала складанне сінквейна.

Настаўніца пачатковых класаў Алена Рышардаўна Цярэнцьева на вучэбных занятках па курсе “Чалавек і свет” стварыла ўмовы для развіцця даследчых уменняў малодшых школьнікаў. “Чаму ваду трэба берагчы і ахоўваць” — так гучала тэма заняткаў. На пачатку ўрока малодшым школьнікам быў прадстаўлены відэафрагмент аб знікненні на планеце прэснай вады. Вучні сфармулявалі праблему: чаму неабходна берагчы і ахоўваць ваду, ці ў гэтым няма неабходнасці і яе запасы невычэрпныя. Было цікава назіраць, як другакласнікі вучыліся фармуляваць гіпотэзы, выкарыстоўваючы словы “магчыма”, “прадбачым, што”, “мабыць”, “дапусцім”, як настаўніца ўмела накіроўвала іх. Згадзіцеся, ва ўменні прадбачыць падзеі, штосьці прадугледжваць абавязкова патрабуюцца арыгінальнасць і гнуткасць мыслення, прадукцыйнасць, а таксама такія асобасныя якасці, як рашучасць і смеласць. Гіпотэзы нараджаюцца як у выніку лагічных разважанняў, так і ў выніку інтуітыўнага мыслення. Вось якія гіпотэзы выказалі дзеці: “Магчыма, вада — адно з самых карысных для чалавека рэчываў. Калі мы не будзем беражліва да яе адносіцца, то людзі стануць хварэць”, “Дапусцім, калі закончыцца вада на планеце, то мы зможам перасяліцца на Месяц ці Марс, бо ўжо зараз вядзецца продаж участкаў на Месяцы”.

У класе запрацавалі 5 навуковых цэнтраў (урачы, эколагі, краязнаўцы, юрысты, эканамісты) — цэнтр фантастычных ідэй, цэнтр краязнаўства, цэнтр экалагічных катастроф, навуковы цэнтр, цэнтр эканомікі. Задача малодшых школьнікаў — выбудаваць план даследавання і даказаць ці адвергнуць сваю гіпотэзу. Вучні праводзілі эксперымент, назіралі, карысталіся навуковай літаратурай, сеткай інтэрнэт, вялі карту даследаванняў (параўноўвалі водныя рэсурсы Беларусі і вострава Тэнерыфэ) — адным словам, сталі сапраўднымі даследчыкамі. А потым паспяхова абаранялі свае работы, рабілі высновы, складалі рэкамендацыі па эканомным расходаванні вады. Было відаць, што гэта для іх толькі ў радасць. Час заняткаў праляцеў непрыкметна. А напрыканцы кожны вучань атрымаў папяровую кропельку вады, намаляваў на ёй свой настрой і падарыў аднакласніку, чыё выступленне больш за ўсё спадабалася.

З вялікай цікавасцю педагогі паглядзелі фрагменты заняткаў па фарміраванні даследчых уменняў настаўніц пачатковых класаў Вольгі Уладзіміраўны Дабранскай (руская мова ў 3 класе па тэме “Прыстаўка як частка слова”), Марыі Эдмундаўны Абрамовіч (“Чалавек і свет” у 4 класе па тэме “Як да нас прыйшла кніга”, дзе педагог імкнулася сфарміраваць у свядомасці вучняў уяўленне аб рукапісных кнігах і іх значэнні для чалавека). Удзельнікаў мерапрыемства асабліва ўразілі вучэбныя заняткі па рускай літаратуры ў 4 класе Наталлі Аляксандраўны Чарновай па знаёмстве з біяграфіяй Ш.Перо. Настаўніца прапанавала розныя віды работы па біяграфіі пісьменніка (з фотаздымкам, са знакавымі лічбамі, з тэкстам і інш).

А напрыканцы мерапрыемства настаўніца пачатковых класаў Вольга Аляксандраўна Скачкова разам са сваімі выхаванцамі — вучнямі 3 “Б” класа — прадставілі пастаноўку казкі К.І.Чукоўскага “Тэлефон” (фрагмент вучэбных заняткаў па рускай літаратуры — пазакласнае чытанне). Вучні пераклалі казку на беларускую мову з творчым дапаўненнем сюжэта. Упершыню перад гледачамі выступіў і тэатр ценяў. Дзеці праявілі свае акцёрскія здольнасці, эмацыянальна, выразна дэкламавалі радкі казкі. Прыгожа гучала наша мілагучная родная мова з вуснаў трэцякласнікаў. Усе прысутныя засталіся пад вялікім уражаннем. І гіпотэза дзяцей, што на беларускай мове казка ніколькі не згубіць сваёй прыцягальнасці, пацвердзілася.

Такая сістэмная работа педагагічнага калектыву гімназіі па фарміраванні даследчых навыкаў школьнікаў на ўроках знаходзіць працяг на пазакласных мерапрыемствах, у шосты школьны дзень. У цеснай звязцы настаўнік пачатковых класаў працуе разам з выхавальнікам групы прадоўжанага дня — фарміруюцца так званыя дыялагічныя пары. І поспех не прымушае сябе чакаць. Выхаванцы гімназіі дэманструюць свае даследчыя здольнасці на гарадскім фестывалі праектна-даследчых работ “Пазнанне і творчасць”. Тэматыка вучнёўскіх работ дастаткова шырокая: карыснасць ёгуртаў, паветра пячор, складнікі снегу, камяні з палёў і іх прымяненне ў будаўніцтве. Сёлета 13 работ з 15 прадстаўленых прайшлі завочны этап. Летась дыпламантамі фестывалю сталі Юрый Астроўскі, Дар’я Скур’ят, Эмілія Церахава і інш. З міжнародных спаборніцтваў па даследчай дзейнасці, што ў мінулым годзе прайшлі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, вучні гімназіі таксама вярнуліся з перамогай.

— Развіццё даследчых здольнасцей малодшых школьнікаў у пачатковых класах сёння становіцца найбольш актуальнай праблемай у сувязі з тым, што свет хутка мяня-ецца, мяняюцца падыходы да сістэмы адукацыі, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Уладзіміраўна Маеўская. — Нам сёння неабходна падрыхтаваць дзяцей, якія ўмеюць адчуваць сябе актыўнымі, здольнымі, творчымі, умеюць выходзіць з любой складанай жыццёвай сітуацыі. У хуткім часе нашым вучням неабходна будзе прайсці тэсціраванне па сістэме PISA. І калі акунуцца ў гэтую сістэму, то мы разумеем, што варта не проста навучыць дзяцей пісаць, лічыць, чытаць, а навучыць іх рашаць шматварыянтныя задачы, бачыць пытанні ў тэксце, адказваць на іх, знаходзіць патрэбную інфармацыю. І даследчая дзейнасць дапамагае нам з гэтай задачай справіцца.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.