Таццяна Раманаўна ЯКУБОВІЧ, старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.
Эвалюцыйны рух наперад
Мы прыйшлі да такога перыяду развіцця нашай дзяржаўнасці, калі наша грамадства стала больш палітычна сталым. Гэта яскрава прадэманстравалі сустрэчы на дыялогавых пляцоўках пры абмеркаванні змяненняў у Канстытуцыю. Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі правёў 1798 дыялогавых пляцовак па ўсёй краіне і ахапіў каля 64 тысяч членаў працоўных калектываў. Асабіста я асноўны ўпор рабіла на сустрэчы з моладдзю і была ўражана, як сур’ёзна маладыя людзі ставіліся да абмеркавання змяненняў у Асноўны закон нашай краіны.
Абноўленая Канстытуцыя — гэта эвалюцыйны рух наперад. Усім грамадствам мы правялі шырокую растлумачальную работу, і таму сёння ўжо ніхто не можа сказаць, што не разумее сутнасці абнаўлення Асноўнага закона. Прафсаюзы, безумоўна, чакалі праект Канстытуцыі і былі гатовы нават да таго, што некаторыя сацыяльныя гарантыі дзяржавы ў сувязі з санкцыямі будуць з Канстытуцыі выключаны. Аднак мы атрымалі яшчэ большыя гарантыі, чым мелі! Напрыклад, клопат дзяржавы аб сем’ях з дзецьмі, а не толькі падтрымка ўразлівых катэгорый сем’яў (мнагадзетных, няпоўных).
Сёння мы маем яшчэ і абноўлены Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі і да 1 верасня бягучага года павінны прыняць каля 400 нарматыўных прававых актаў. У гэтай рабоце актыўна задзейнічаны прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі, таму што ўсе нарматыўныя прававыя акты, якія тычацца абароны працоўных і сацыяльных правоў грамадзян, павінны ўзгадняцца з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі.
Эстафета пакаленняў
Мы пражылі няпросты 2020 год. 2021 год, аб’яўлены Годам народнага адзінства, плаўна перайшоў у Год гістарычнай памяці. Сустракаючыся з педагогамі ў працоўных калектывах, мы дакладна разумеем, што ні ў якім разе не павінны дапусціць перапісвання нашай гісторыі.
1 сакавіка бягучага года мы зацвердзілі план мерапрыемстваў “Эстафета пакаленняў”, прысвечаных Году гістарычнай памяці. Мы ўжо завяршаем работу над кнігай “Педагагічныя дынастыі”. Гэтую кнігу атрымаюць прадстаўнікі педдынастый ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, што падыме прэстыж педагагічнай прафесіі. Плануем шмат мерапрыемстваў з ветэранамі, з маладзёжнымі саветамі. Акрамя традыцыйных мерапрыемстваў, у Віцебску, напрыклад, будзе адкрыта музейная экспазіцыя “Педагогі Віцебшчыны — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны”.
Магчыма, камусьці здаецца, што мы развіваемся не такімі хуткімі тэмпамі, як бы хацелася. Але я заўсёды кажу моладзі: наша Беларусь — гэта як уласная сям’я. Калі ў сям’і ёсць сродкі на аўтамабіль, яна яго набывае, калі іх няма — працягвае ездзіць на грамадскім транспарце. Калі ў дзяржаве ёсць сродкі, яна заўсёды акажа падтрымку грамадству. Упэўнена, што наша краіна, і айчынная сістэма адукацыі ў прыватнасці, будзе працягваць сваё эвалюцыйнае развіццё. Мы будзем паступальна рухацца наперад, захоўваючы ўсе сацыяльныя гарантыі педагагічным работнікам.
Разам з партнёрамі
Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі сёння — гэта прыблізна 600 тысяч членаў, звыш 7000 пярвічных прафсаюзных арганізацый. Мы самы буйны з 15 галіновых прафсаюзаў. Шмат працуем з калектыўнымі дагаворамі, падтрымліваем добрасумленных работнікаў, сочым за своечасовай выплатай заработнай платы. Аказваем бясплатную юрыдычную дапамогу любому члену прафсаюза. Толькі за мінулы год вярнулі незаконна ўтрыманых або нявыплачаных сродкаў у памеры больш за 675 тысяч рублёў.
З мінулага года мы пачалі прынцыпова па-новаму працаваць з моладдзю. Трэба ўлічваць, што трэцяя частка членаў нашага прафсаюза —маладыя людзі да 31 года. У 2021 годзе прафсаюз упершыню прафінансаваў 6 сацыяльна значных праектаў, прапанаваных установамі вышэйшай адукацыі. Кожны праект атрымаў да 10 тысяч рублёў. Сярод выбраных праектаў — праект брэсцкай моладзі, якая ўзяла пад апеку 9 мясцовых дамоў сямейнага тыпу; праект мазырскай моладзі, якая стварыла ваенна-патрыятычны клуб і займаецца рэканструкцыяй ваенных дзеянняў на тэрыторыі горада і раёна, і г.д.
Сёлета мы працягнем работу на фінансаванні маладзёжных праектаў і запросім да ўдзелу яшчэ і ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, якім ёсць што паказаць. Нядаўна я выступала экспертам на конкурсе “100 ідэй для Беларусі” і мяне ўразіў праект установы адукацыі з аграгарадка ў Брэсцкім раёне: на месцы сметніка там збіраюцца стварыць парк. Кіруе гэтым праектам маладая дзяўчына — дырэктар установы адукацыі. Зразумела, такую ініцыятыўную моладзь мы абавязаны і будзем падтрымліваць.
Каб захаваць усе працоўныя і сацыяльныя гарантыі педагагічных работнікаў, 25 лютага бягучага года Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі падпісаў з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь дадатковае пагадненне да нашага галіновага пагаднення. У дакуменце, у прыватнасці, закладзена паэтапнае павышэнне ўзроўню заработнай платы асобных катэгорый педработнікаў. У гэтым пытанні мы з Міністэрствам адукацыі выступаем адзіным фронтам, з калегамі з міністэрства ў нас склаліся сапраўдныя партнёрскія адносіны.
Запісала Наталля КАСТЭНКА.