Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Будзем свята шанаваць інтарэсы беларускага і грузінскага народаў, заснаваныя на глыбокай гісторыі нашых адносін і на іх гераічным мінулым”

- 9:21Інфармацыйная гадзіна

Беларусь з найвялікшай павагай ставіцца да Грузіі і яе народа. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Грузіі Георгіем Маргвелашвілі, які наведаў нашу краіну з афіцыйным візітам.

“Мы адчуваем, што ў нас добрыя адносіны, і мы на гэтай аснове гатовы да любога супрацоўніцтва з Грузіяй, грузінскім народам. Мы заўсёды будзем рады вітаць і бачыць грамадзян Грузіі ў Беларусі і аказваць ім усялякую падтрымку, садзейнічанне і ў адпачынку, і ў бізнесе”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка падчас перагавораў сам-насам з Прэзідэнтам Грузіі.

Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу, што за некалькі гадоў краіны ажыццявілі прарыў у адносінах. Так, у 2016 годзе аб’ёмы гандлю паміж Беларуссю і Грузіяй выраслі на 63 працэнты — амаль да $100 млн, дасягнуўшы рэкорднага за апошнія пяць гадоў паказчыка. “Няхай гэта яшчэ не той тавараабарот, які павінен быць і які мы намецілі, але паўдарогі мы прайшлі. Мы некалі дамовіліся, што $200 млн — гэта першая ступень, якую мы павінны дасягнуць у гандлі. Трэба аддаць належнае, што такіх тэмпаў росту ў нас няма ні з адной краінай. Больш за тое, гэта вельмі сур’ёзны прырост нават на фоне Еўразійскага эканамічнага саюза, дзе ў нас, на жаль, падзенне. Вядома, аб’ёмы несупастаўныя, але сама тэндэнцыя абнадзейвае”, — заявіў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што ў мінулым годзе паток беларускіх турыстаў у Грузію павялічыўся на трэць. “Думаю, што ў такім жа тэмпе мы і будзем супрацоўнічаць, прыўносячы ў нашы адносіны самыя добрыя эмоцыі і ноткі. Мы ніколі не дружылі з вамі супраць кагосьці і не збіраемся, але ў нас ёсць свае інтарэсы. І мы будзем свята шанаваць інтарэсы беларускага і грузінскага народаў, заснаваныя на глыбокай гісторыі нашых адносін і на іх гераічным мінулым”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

“Думаю, што адносіны паміж Беларуссю і Грузіяй (хоць мы ў гандлёвым аспекце аб’ядналіся з ЕС, а Беларусь развівае сваё эканамічнае супрацоўніцтва з ЕАЭС) могуць стаць прыкладам таго, як здольны супрацоўнічаць краіны. Спадзяюся, што сёння мы дасягнём яшчэ большых магчымасцей і дамоўленасцей”, — сказаў у сваю чаргу Георгій Маргвелашвілі.

На яго думку, візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію ў красавіку 2015 года даў абсалютна новы імпульс для развіцця міждзяржаўных адносін. “Народы адчувалі, адчуваюць і будуць адчуваць дружбу, добрасуседства і цягу адно да аднаго. Аднак ваш візіт даў імпульс для таго, каб паглыбіць і стварыць магчымасці для адносін”, — заявіў ён.

Кіраўнік грузінскай дзяржавы таксама прызнаўся, што з першых хвілін знаходжання ў Беларусі адчуў адкрытасць і душэўнасць краіны і яе народа. Праязджаючы па вуліцах Мінска, ён зведваў шчырае захапленне, любуючыся горадам. “Грузія разумее і падтрымлівае Беларусь. Мы захоплены тымі дасягненнямі, якія ёсць у вас і ў сельскагаспадарчай сферы, і ў сферы высокіх тэхналогій, і ў індустрыі. Мы вельмі зацікаўлены вывучаць гэты вопыт і развіваць супрацоўніцтва па гэтых напрамках”, — дадаў Георгій Маргвелашвілі.

На перагаворах Георгій Маргвелашвілі адразу прызнаўся, што бачыў Палац Незалежнасці ў многіх міжнародных сюжэтах навін. “Гэты палац стаў ужо часткай сусветнай гісторыі, таму што ў Беларусі праходзяць перагаворы ў сур’ёзных фарматах дзякуючы вашаму вопыту ў стварэнні дыпламатычнай атмасферы. Мы ўпэўнены, што ваша работа па прыўнясенні большай стабільнасці ў рэгіёне і больш глабальна дасць свае расткі, прынясе поспех”, — заявіў Прэзідэнт Грузіі.

Ён таксама падкрэсліў, што Грузія падтрымлівала і будзе падтрымліваць Беларусь на міжнароднай арэне. “Мы лічым, што ваша роля павінна быць яшчэ больш умацавана”, — выказаў перакананне Георгій Маргвелашвілі.

“За параўнальна кароткі час пасля майго візіту ў Грузію нашы міждзяржаўныя адносіны выйшлі на якасна новы ўзровень. Іх развіццё набыло сістэмны і мэтанакіраваны характар. Усё тое, аб чым мы дамаўляліся, паспяхова выконваецца”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка на перагаворах у пашыраным складзе.

Кіраўнік нашай дзяржавы звярнуў увагу, што рухавіком узаемавыгаднага партнёрства служыць цеснае эканамічнае супрацоўніцтва. І тут, як ужо адзначалася, краінамі зроблены значныя крокі наперад.

“Разам з прагматычнымі пытаннямі эканомікі мы ўдзяляем сур’ёзную ўвагу гуманітарнаму складніку. Цудоўную магчымасць азнаёміцца з гісторыяй і традыцыямі нашых народаў дае ўзаемны абмен Днямі нацыянальных культур. Патрэбнасць у іх правядзенні існуе і ў беларускім, і ў грузінскім грамадстве”, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што беларускія грамадзяне праяўляюць вялікую цікавасць да грузінскай культуры.

“У час ранейшых сустрэч я не раз падкрэсліваў, што Беларусь для Грузіі — краіна не чужая. Мы як былі брацкімі народамі, так і застаёмся. Нас аб’ядноўвае гераічная гісторыя. Амаль 14 тысяч грузін аддалі жыццё ў баях за вызваленне Беларусі ад фашыстаў. Мы гэта помнім і заўсёды будзем удзячны вашаму народу”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Георгію Маргвелашвілі за шчырую, адкрытую сустрэчу і выказаў упэўненасць, што яго першы візіт у Беларусь надасць дадатковы імпульс актыўнаму развіццю эканамічных і культурных сувязей, дружалюбных адносін паміж дзяржавамі.

“Калі мы хочам і далей развіваць наша супрацоўніцтва, трэба ўдзяліць увагу новым ініцыятывам, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Грузія, напрыклад, у найбліжэйшы час плануе ўзвесці лядовую арэну і біятлонны стадыён на гарналыжным курорце Бакурыяні. Беларускія праектныя і будаўнічыя арганізацыі гатовы прапанаваць вам сваю дапамогу”.

Шмат агульных інтарэсаў можна знайсці ў сферы гарадской гаспадаркі, развіцця грамадскага транспарту і камунальных паслуг.

“У Беларусі апошнім часам створаны новыя высокатэхналагічныя вытворчасці. З такой прадукцыяй мы прысутнічаем ужо і на грузінскім рынку. У мінулым годзе ў Грузію былі пастаўлены цягнікі фірмы “Штадлер”. Спадзяёмся, што і іншая наша тэхніка з’явіцца на вашых вуліцах і дарогах. Прытым я хачу сказаць, што тэхніка можа быць сумесна выраблена на тэрыторыі Грузіі. Спачатку мы можам паставіць яе адсюль. Але ў любым выпадку яна будзе ў разы таннейшая за сусветныя аналагі”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

“Як бачыце, праектаў, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, шмат. Задача ў тым, каб разумна і адказна падысці да іх прапрацоўкі і рэалізацыі, — падкрэсліў беларускі лідар. — Калі вас цікавіць нашы машынабудаванне, нафтахімія, нафтаперапрацоўка, здабыча карысных выкапняў, мы гэтым гатовы з вамі дзяліцца, пачынаючы ад насеннага матэрыялу ў сельскай гаспадарцы да тэхналогій у космасе”.