“Буравеснік” над Цной

- 12:05Актуально

Каманда Міністэрства адукацыі зноў у лідарах

На гэтых выхадных каля вёскі Такоўшчына Лагойскага раёна Мінскай вобласці адбыўся рэспубліканскі турыстычны злёт работнікаў органаў дзяржкіравання. На беразе Цны ўжо ў шосты раз прадстаўнікі 14 міністэрстваў і ведамстваў нашай краіны змагаліся за перамогу ў шэрагу спартыўна-прыкладных дысцыплін. Традыцыйна каманда Міністэрства адукацыі была ў лідарах. Як пажартавалі ўдзельнікі, наша міністэрства — самае спартыўнае пасля Міністэрства спорту і турызму.

1_S0651127 Пераможца вызначаўся па выніках усіх конкурсаў. Міністэрства спорту і турызму, якое займалася арганізацыяй турзлёту, падрыхтавала для ўдзельнікаў шэраг спартыўных выпрабаванняў. Сярод іх турыстычная паласа перашкод, тэхніка воднага турызму (на байдарках), тэхніка веласіпеднага турызму, спартыўнае арыентаванне. Каманда Міністэрства адукацыі заняла прызавыя месцы ва ўсіх спаборніцтвах: першае месца ў тэхніцы воднага турызму, другое месца ў спартыўным арыентаванні, трэцяе — у тэхніцы веласіпеднага турызму і паласе перашкод. Аднак ацэньваліся не толькі фізічныя паказчыкі. Уменне прэзентаваць сваю каманду (эмблема, дэвіз, прывітанне), наладжваць побыт у незвычайных умовах — абавязковы складнік перамогі. Яшчэ адным конкурсам стала выкананне патрыятычнай песні. Каманда Міністэрства адукацыі, якую на турзлёце ведаюць як “Буравеснік”, звярнулася да творчасці савецкага барда, класіка турысцкай песні Арона Крупа і выбрала яго песню “Беларусь”. У творчым конкурсе, які ўключаў прэзентацыю каманды і выкананне патрыятычнай песні, каманда Міністэрства адукацыі таксама стала лідарам.

1_S0990512Ужо другі год запар за першае месца ў агульнакамандным заліку спрачаліся каманды Міністэрства адукацыі і канцэрна “Белнафтахім”: як і ў мінулым годзе, каманды набралі аднолькавую агульную колькасць балаў. Па правілах турзлёту ў такім выпадку першынство аддаецца камандзе, у якой лепшы вынік у тэхніцы пешаходнага турызму, дзе, на жаль, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі саступілі сваім сапернікам. У выніку — другое месца ў выніковай турнірнай табліцы.

“Мне вельмі падабаецца атмасфера і камандны дух, які пануе на спаборніцтвах. Радуе і тое, што журы кожны год рыхтуе штосьці новае ў рамках конкурсных праграм. А гэта інтрыга, гэта дадае яшчэ больш азарту”, — адзначыў начальнік аддзела кантролю, справаводства і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Мікалай Сабінавіч Булько, які ўдзельнічае ў кожным турзлёце. Спадабалася на злёце і навічкам. Начальнік упраўлення развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы Андрэй Леанідавіч Дзем’яновіч, дзелячыся ўражаннямі, падкрэсліў, што турзлёт у першую чаргу спартыўнае мерапрыемства, але творчыя выступленні былі на вельмі высокім узроўні: “Мы ўсе атрымалі асалоду ад спаборніцтваў. Мне было вельмі прыемна на турзлёце адчуваць пачуццё салідарнасці і яднання паміж органамі дзяржкіравання”.

Святлана ШЫЯН.