Бутсы, мяч і спартыўны запал: футбол набірае папулярнасць сярод школьнікаў Дзятлаўшчыны

- 13:04Образование, Приложение, Шестой день

Кожную суботу на футбольнай пляцоўцы пры Круцілавіцкай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёна па­спартыўнаму шумна. Тут праводзяцца трэніроўкі і гарачыя матчы. Ужо два гады гэтыя дзеці — удзельнікі рэспубліканскага праекта “Мой школьны футбольны клуб”, а сама школа — апорная ўстанова ў раёне па развіцці гэтага віду спорту, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Зноў у паўабароне справа — Радаслаў Заваротны. Сапернікі яго пабойваюцца, у атаку адкрыта не ідуць, а прабіраюцца злева і па цэнтры. Вось на штрафную плошчу бяжыць Аляксандра Барысевіч, бо яе абаронца наўмысна падпусціла да сваіх варот, але супраць яе сфалілі. Пенальці?! Так! Вікторыя Аўгусціновіч сваім каронным ударам — у правую штангу з адскокам мяча — трапляе ў вароты! Го-о-ол! Трыбуны радуюцца, мамы і таты юных спартсменаў спускаюцца з далёкіх радоў бліжэй да поля — так іх падтрымку дзецям лепш чуваць. Трэнер робіць замену — на поле імчыць Алег Сёмуха. Па спартыўным настроі хлопца ві­даць, што нездарма адпрошваўся ў бацькоў ад усіх дамашніх спраў усе вясновыя суботы (а пасадку бульбы ўдалося перанесці на нядзелю) — трэніроўкі не прайшлі дарма. Ён філігранна абводзіць абаронцу каманды сапернікаў, напорыста, бліжэй і бліжэй праходзіць да варот, ударае па мячы — і ў яго каманды гол!

Не столькі шпаркаму ходу матча рады трэнер школьнай каманды “АСЫ” Дзяніс Трафімчык, колькі таму, што ў іх, навучэнцаў невялікай вясковай школы, ёсць выдатныя магчымасці і з карысцю праводзіць час, і развіваць у сабе спартыўны запал, і прадстаўляць сваю школу і раён на важных спаборніцтвах. Нягледзячы на юны ўзрост гульцоў, на іх рахунку ўжо мноства самых розных і важкіх узнагарод. Чаго гэта варта, трэнер ведае па сабе:

— Я сам з суседняй вёскі і, колькі сябе памятаю, столькі з футбольным мячом. Гулялі мы не толькі летам, але і зімой. Ніколі не забуду: сцюжа, вялікі мароз, усе людзі па хатах пахаваліся, а мы, расчырванелыя і распараныя, ганяем у футбол. Усе свае матчы мы праводзілі на нашым імправізаваным стадыёне ў лесе. Мы яго самі абкошвалі, падтрымлівалі там парадак. Стараліся, гулялі, нават першыя месцы ў раёне займалі, але на вобласць нас ніхто не адпраўляў, бо ў нас не было трэнера. Цяпер у маёй вёсцы школы ўжо няма, зарос дрэвамі і наш стадыён. Затое ў нас ёсць новы тут, у Круцілавічах. І ён шыкоўны!

Гэта без перабольшання так! Новая пляцоўка — з трыбунамі, з асвятленнем, з сучасным пакрыццём і г.д. Яна была пабудавана сумесна з мясцовым прадпрыемствам ААТ “Граніт-Агра”, дзе дырэктар — такі ж аматар любых спартыўных падзей. Гэта той выпадак, калі ўсе працуюць на адну мэту — здаровае і захопленае карыснай справай маладое пакаленне.

У школе дзейнічае клуб аматараў футбола, у які ўвайшлі не толькі навучэнцы, але і іх бацькі. Гэта стала часткай міжведамаснага праекта “Круцілавічы — здаровы пасёлак”.

Так, у круцілавіцкіх школьнікаў ёсць усё: і спартыўная пляцоўка, і інвентар, і кваліфікаваны перспектыўны трэнер. З самага ранняга дзяцінства, з 7—8 гадоў, яны ўжо ў футболе. Яны гатовы трэніравацца без перадышкі, ловяць кожнае слова трэнера, паўтараюць за ім кожнае практыкаванне, гатовы прыходзіць на трэніроўкі не толькі па суботах, а хоць кожны дзень. Прычым не толькі з Круцілавіч — да Дзяніса Юр’евіча выстройваюцца чэргі навучэнцаў з іншых школ раёна, таму аддзел адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама арганізаваў іх падвоз па суботах на трэніроўкі.

Начальнік аддзела адукацыі Марына Яўгенаўна Лашкоўская таксама ў гэты дзень на трыбуне — хварэе за школьную каманду. Яна адзначае:

— Мы не можам у кожным дзіцяці выхаваць алімпіяднікаў, але ў кожным з іх ёсць талент, і часта ён менавіта спартыўны. Яго трэба развіваць, нават калі дзіця жыве ў маленькай вёсцы. Праўда, у нас мала дзяцей, таму існуе праблема набраць каманду пэўнага ўзросту, не кажучы ўжо пра адбор. Таму ўсе 73 навучэнцы гэтай школы ў спорце, кожны з іх спарстмен.

Круцілавіцкія “АСЫ” ўжо выпрабавалі свае сілы на спартыўных пляцоўках ў Навагрудку, Шчучыне, Скідзелі, Баранавічах, Мінску і інш. Ёсць у іх ужо і першыя перамогі.

І кожны з іх уваходзіць у рэспуб­ліканскі праект “Мой школьны футбольны клуб”. Як адзначае Дзяніс Юр’евіч, гэты праект якраз і накіраваны на пошук спартыўных дзяцей, на іх падтрымку і развіццё іх здольнасцей:

— Мне здаецца, што такіх зорачак больш якраз-такі ў вёсцы. Тут дзеці больш вынослівыя, больш зацікаўленыя. Калі яны займаюцца спортам, то аддана, шчыра, з арыенцірам на вынік.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара

Як надаць субоце спартыўны азарт, спланаваць асабісты бюджэт, стаць даследчыкам рэк, заціка­віць дзяцей аграпрафесіямі — пра гэта і не толькі чытайце ў дадатку “Шосты дзень” у нумары “Настаўніцкай газеты” ад 16 мая 2023 года.