У мінулым годзе Міжнародны ўніверсітэт “МІТСО” выдзеліў 15 бясплатных месцаў для самых здольных абітурыентаў. Сёлета там вырашылі пайсці яшчэ далей і павялічылі колькасць бясплатных месцаў да 80 (ад 10 да 15 на ўсіх спецыяльнасцях дзённай формы навучання).
І гэта толькі адзін аспект шматграннай сацыяльнай палітыкі, якую вядзе Міжнародны ўніверсітэт “МІТСО”.
Пра тое, чым вызначаецца гэты ўніверсітэт у сістэме вышэйшай адукацыі краіны, чаму ён мае статус міжнароднага і што цікавага чакае яго абітурыентаў у гэтым годзе, нам расказала намеснік дэкана юрыдычнага факультэта адказны сакратар прыёмнай камісіі ўніверсітэта Алена Алегаўна СМАХЦІНА.
— Алена Алегаўна, заснавальнікам Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО” з’яўляецца Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Напэўна, гэтая акалічнасць і ўплывае на тое, што ўніверсітэт ажыццяўляе такую моцную сацыяльную падтрымку студэнтаў?
— Наш універсітэт мае ўжо вялікую гісторыю. Яна пачалася ажно ў 1930 годзе, калі была адкрыта Вышэйшая школа прафсаюзнага руху.
З самага пачатку ўсе прыбыткі ўніверсітэта накіроўваюцца на яго развіццё. Дзякуючы гэтаму ў нас з’явіліся стыпендыі, якія студэнты атрымліваюць за свае поспехі ў вучэбнай, навуковай, грамадскай, культурна-масавай і спартыўнай рабоце.
Штогод выдзяляецца 15 стыпендый ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, ёсць таксама асобныя стыпендыі ад галіновых прафсаюзаў і каля 40 стыпендый выплачваецца ўніверсітэтам. Такім чынам, нашы студэнты, хоць і вучацца за ўласны кошт, але пры гэтым могуць мець нядрэнную фінансавую падтрымку.
У мінулым годзе было прынята рашэнне ўвогуле выдзеліць бясплатныя месцы для лепшых абітурыентаў. У выніку права на бясплатнае навучанне атрымалі 15 першакурснікаў спецыяльнасці “Міжнароднае права”, якія набралі максімальныя прахадныя балы.
Заўважу, што гэта не бюджэтныя месцы. Выдаткі на навучанне пакрываюцца за кошт сродкаў універсітэта, а таму студэнтам трэба будзе штогод пацвярджаць сваё права вучыцца бясплатна. У нас ёсць рэйтынг паспяховасці, а таму, калі расслабіцца і закінуць вучобу, бясплатнае месца можна страціць. А можна, наадварот, узяцца за вучобу, папрацаваць і атрымаць бясплатнае месца на будучы год.
Сёлета кіраўніцтва ўніверсітэта прыняло рашэнне выдзеліць ужо 80 бясплатных месцаў для будучых першакурснікаў. На іх змогуць прэтэндаваць абітурыенты, а потым студэнты, якія займаюць верхнія 10 ці 15 месцаў у рэйтынгу на сваёй спецыяльнасці.
Перавага такога падыходу відавочная: нашы студэнты пастаянна знаходзяцца ў тонусе. У іх ёсць стымул добра вучыцца, удзельнічаць у розных цікавых справах і дасягаць пэўных вынікаў, бо, як я ўжо казала, акрамя таго, што можна бясплатна вучыцца, ёсць яшчэ магчымасць атрымліваць стыпендыю.
Адначасова адсейваюцца тыя, хто няздольны да вучобы. Напрыклад, у дзяржаўных універсітэтах студэнты могуць перабівацца з чацвёрак на пяцёркі, але пры гэтым вучыцца за кошт бюджэту, а добрым студэнтам перавесціся з платнага на бюджэтнае навучанне вельмі складана. Мы ж лічам, што ў працэсе навучання ўжо не так важна, як чалавек здаў ЦТ, і трэба ўвесь час пацвярджаць свае веды.
— Скажыце, Алена Алегаўна, колькі з тых 15 першакурснікаў, якія летась атрымалі бясплатныя месцы, пацвердзілі сваё права вучыцца бясплатна і на другім курсе?
— Прыкладна палова з іх пацвердзіла свой высокі ўзровень падрыхтоўкі і паспяхова здала першую сесію. Зараз па выніках калоквіумаў, залікаў і экзаменаў бачу, што яны гэтак жа паспяхова падышлі і да другой сесіі.
Некаторым, безумоўна, давядзецца саступіць сваё бясплатнае месца больш паспяховым студэнтам. Але гэта не прысуд: у наступным годзе яны могуць пераасэнсаваць свае адносіны да вучобы, вырвацца наперад і зноў прэтэндаваць на бясплатнае навучанне.
На жаль, з адным чалавекам, які, дарэчы, набраў самую высокую колькасць балаў пры паступленні, нам давялося развітацца па прычыне яго непаспяховасці.
— Магчыма, студэнты, якія пэўны тэрмін вучацца бясплатна, будуць мець нейкія абавязкі перад заснавальнікам, напрыклад, абавязковае размеркаванне?
— Не, абавязковага размеркавання ў нас няма, хаця мы дапамагаем выпускнікам у працаўладкаванні. Ёсць кампаніі, арганізацыі, прадпрыемствы, з якімі ў нас заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве. Калі студэнты звяртаюцца ў дэканат з просьбай пасадзейнічаць у працаўладкаванні, то мы гэта робім.
Акрамя таго, у нас ёсць магутная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў, якая пастаянна абнаўляе сваю базу даных аб вакансіях нашага профілю і садзейнічае працаўладкаванню выпускнікоў. Многія кампаніі самі выходзяць на кіраўніцтва ўніверсітэта з просьбай адрасаваць ім маладых спецыялістаў.
— Адна з самых набалелых праблем не толькі прыватных, але і дзяржаўных устаноў адукацыі, — арганізацыя пражывання студэнтаў. Скажыце, як вырашаецца гэтая праблема ў Міжнародным універсітэце “МІТСО”?
— Нам пашанцавала, бо ў нас ёсць уласны дзевяціпавярховы інтэрнат з блочнай сістэмай пражывання. Студэнты пішуць заявы на засяленне ў чэрвені, а абітурыенты — пасля залічэння, у жніўні. Месцы выдзяляюцца ў адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі.
Трэба сказаць, што ў папярэднія гады жадаючых жыць у інтэрнаце было многа. Але потым хтосьці пачынаў знімаць жыллё, хтосьці ствараў сям’ю, хтосьці адлічваўся па розных прычынах — і месцы вызваляліся, у выніку ў інтэрнат засяляліся ўсе жадаючыя.
У гэтым навучальным годзе мы ўжо з самага пачатку засялілі ўсіх, хто меў патрэбу. Студэнты задаволены: у інтэрнаце зроблены цікавы рамонт і кожны блок мае сваё афармленне. Там ёсць кіназала, трэнажорная зала і рок-бар.
— Верагодна, свабодныя месцы ў інтэрнаце з’яўляюцца і з-за дэмаграфічнай праблемы: колькасць студэнтаў, у тым ліку іншагародніх, у апошні час змяншаецца…
— Так, яшчэ некалькі гадоў назад на шэраг спецыяльнасцей ва ўніверсітэце быў конкурс. На жаль, пасля таго, як дэмаграфічная сітуацыя ў краіне пагоршылася, а ў мінулым годзе былі ўведзены мінімальныя парогавыя значэнні на цэнтралізаваным тэсціраванні, конкурсу ўжо не стала. Аднак універсітэт пашыраецца. У верасні будзе здадзены новы сяміпавярховы вучэбны корпус, і мы маем магчымасць павялічваць набор.
Зрэшты, тое, што да нас лёгка паступіць, не азначае, што гэтак жа лёгка вучыцца. Але мы стаім на той пазіцыі, што шанец паспрабаваць свае магчымасці трэба даць як мага большай колькасці людзей. Цэнтралізаванае тэсціраванне паказвае веды чалавека на канкрэтным этапе яго жыцця, але ўсё можа змяніцца праз нейкі час. І той, хто не здолеў атрымаць высокія балы сёння, можа стаць добрым студэнтам заўтра.
— Алена Алегаўна, раскажыце пра асаблівасці прыёму ў ваш універсітэт. Што новага прапаноўваецца абітурыентам у гэтым годзе?
— Мы ўжо чацвёрты год будзем прымаць дакументы праз электронную абітурыенцкую базу. Гэта вельмі зручная і камфортная для абітурыентаў сістэма. Увесь працэс падачы дакументаў займае не больш за 10—15 мінут, і ў нас няма ні чэргаў, ні нерваў.
Каб яшчэ больш паскорыць гэты працэс, сёлета мы прапаноўваем абітурыентам дома запоўніць электронную заяву. Ужо ва ўніверсітэце тэхнічны сакратар дастане гэтую заяву з базы, зверыць яе разам з абітурыентам і раздрукуе, каб дадаць да пакета дакументаў.
Акрамя таго, з мінулага года мы праводзім агульны конкурс на эканамічныя спецыяльнасці: у нас іх пяць. Экзамены (у тым ліку ўнутраныя — на скарочаную форму навучання) на ўсе гэтыя спецыяльнасці аднолькавыя, а таму абітурыенты могуць пазначаць у анкеце не адну, а некалькі спецыяльнасцей у парадку прыярытэту. Такім чынам, калі абітурыент па сваіх балах не праходзіць, напрыклад, на “Лагістыку” (сёння гэта самая папулярная спецыяльнасць эканамічнага профілю), то ён будзе ўдзельнічаць у конкурсе на наступную спецыяльнасць, пазначаную ў анкеце.
На жаль, на юрыдычныя спецыяльнасці (“Міжнароднае права” і “Правазнаўства”) — розныя ўступныя выпрабаванні, і праводзіць там агульны конкурс немагчыма. Дарэчы, сёлета ў нас на спецыяльнасці “Правазнаўства” адкрываецца новая спецыялізацыя — “Прававое рэгуляванне прававых пытанняў”.
На шэраг спецыяльнасцей будзе весціся прыём на завочную скарочаную форму, што вельмі зручна для тых, хто ўжо скончыў сярэднюю спецыяльную ўстанову. Усе гэтыя людзі, як правіла, свядома выбіраюць спецыяльнасць і ведаюць, навошта ім неабходна вучыцца.
Што да тэрмінаў навучання, то на дзённай форме гэта 4 гады, на завочнай — 5 гадоў і на завочнай скарочанай — 3 гады (практычна ўсюды па гэтай форме вучацца 3,5 і нават 4 гады). Так, у нас напружаныя сесіі, але мы пайшлі насустрач сваім студэнтам, якія працуюць і хацелі б як мага хутчэй прайсці вучэбны курс.
Выпускнікі першай ступені могуць працягнуць навучанне ў магістратуры, а потым — і ў аспірантуры.
— Патлумачце, Алена Алегаўна, што значыць “міжнародны статус універсітэта”?
— Гэта значыць, што мы актыўна супрацоўнічаем з замежнымі ўстановамі вышэйшай адукцыі ў рамках міжнародных праграм і дагавораў, а таксама з пасольствамі і дыпламатычнымі місіямі. Наш універсітэт уваходзіць у Міжнародную асацыяцыю ўніверсітэтаў і Праца-прававую даследчую сетку.
На нашай базе штогод праходзяць мерапрыемствы міжнародных арганізацый, у тым ліку Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Рэалізуюцца сумесныя праекты ў галіне бізнесу з такімі міжнароднымі кампаніямі, як IKEA і Міжнародная сетка аўдытарскіх, падатковых і кансалтынгавых фірм.
На нашай базе праводзіцца адзіная ва Усходняй Еўропе юрыдычная алімпіяда “Моладзь за мір”, у якой ужо ўдзельнічалі студэнты з больш як 40 краін. У рамках гэтай алімпіяды праводзяцца лекцыі вядучых прафесараў міжнароднага права. Летась, напрыклад, гэта былі прафесары з Новай Зеландыі, Японіі, Аргенціны, Германіі і Арменіі.
Рэалізуецца шмат праграм акадэмічнай мабільнасці для праходжання практыкі за мяжой. Адна з апошніх прапаноў — праходжанне студэнтамі-юрыстамі практыкі ў Пасольствах Кубы, Венесуэлы, праддыпломнай практыкі ў Міжнароднай суполцы вайсковага права і права вайны (Брусель, Каралеўства Бельгія). Зараз прапаноўваецца практыка ў Венгрыі і на Кубе. Акрамя таго, нашы студэнты рэгулярна бываюць на навуковых канферэнцыях, семінарах, конкурсах, прычым ладзяцца яны за кошт універсітэта.
Некалькі разоў на год мы ладзім еўратуры — экскурсійна-адукацыйныя паездкі, у кожнай з якой абавязкова выдзяляецца 5 бясплатных месцаў для студэнтаў. Каб атрымаць бясплатнае месца, трэба выйграць конкурс навуковых эсэ аб тых краінах, куды ладзіцца вандроўка. Улічваецца таксама і агульны рэйтынг студэнтаў.
Напрыклад, я магу расказаць пра паездку, у якой была сама. Мы ездзілі ў Галандыю — гэта сапраўдная мекка для студэнтаў-міжнароднікаў. Пабывалі у Міжнародным арбітражным судзе, прысутнічалі на сапраўдным пасяджэнні ў Міжнародным Судзе ААН у Гаазе, а таксама на судовым пасяджэнні ў Міжнародным трыбунале па былой Югаславіі, дзе слухалася справа Караджыча. Потым старшыня трыбунала яшчэ паўтары гадзіны гутарыў з нашымі студэнтамі на англійскай мове.
Дарэчы, Міжнародны ўніверсітэт “МІТСО” з’яўляецца Нацыянальным экзаменацыйным цэнтрам EСL, які выдае сертыфікаты міжнароднага стандарту, што пацвяр-джаюць веданне замежнай мовы. Калі чалавек мае такі сертыфікат, то ён можа працаваць за мяжой без ніякага дадатковага пацвярджэння. Для студэнтаў нашага ўніверсітэта гэтыя экзамены праводзяцца бясплатна.
— А як выкарыстоўваецца міжнародны вопыт у адукацыйным працэсе?
— Як я ўжо казала, у нашага ўніверсітэта шмат замежных партнёраў, і штогод больш за сотню нашых студэнтаў выязджаюць за мяжу. Напрыклад, я са сваімі студэнтамі была ў Нідэрландах, Германіі, Чэхіі, Літве, дзе мы вывучалі перадавы вопыт. Па выніках кожнай паездкі мы фармулюем прапановы, што і як можна палепшыць у змесце і арганізацыі вучэбнага працэсу. Стараемся ўкараняць усё, што нам выгадна.
Вядома, універсітэт актыўна выкарыстоўвае ў сваёй дзейнасці перадавы міжнародны вопыт, напрыклад, такі прыём, як ацэнка студэнтамі якасці педагагічнай дзейнасці выкладчыкаў. Пасля зімовай і летняй сесій праводзіцца анкетаванне “Выкладчык вачыма студэнтаў”. Гэта дазваляе нам даволі эфектыўна маніторыць навучальны працэс. І хоць студэнцкая ацэнка невырашальная, тым не менш яна адыгрывае важную ролю ў пытанні працягнення працоўных адносін.
Хачу сказаць, што формы выкладання ва ўніверсітэце вельмі цікавыя. У нас мала класічных семінараў, залікаў, экзаменаў. Практычна ўсе выкладчыкі перайшлі ўжо на кейсавыя методыкі. Справа ў тым, што на прадпрыемствах спецыялісты не будуць тлумачыць свайму кіраўніцтву і сваёй камандзе паняцці, віды, класы, тыпы, а будуць выкарыстоўваць канкрэтныя веды. Таму на экзаменах і заліках студэнтам прапаноўваюцца практычныя задачы, дзе яны павінны знайсці выйсце з таго ці іншага становішча. Прычым такіх выхадаў можа быць некалькі. Акрамя таго, студэнты выконваюць многа калектыўных праектных работ, што выхоўвае ў іх уменне працаваць у камандзе.
Такі падыход дае плён. Нашы выпускнікі атрымліваюць дзейсны інструмент для пабудовы кар’еры і жыцця.
Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.