Бязвізавы рэжым з Турцыяй пакуль выклікае пытанні

Еўрапарламент прыпыніў работу над бязвізавым рэжымам з Турцыяй, паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы са спасылкай на брусельскую газету EUobserver.

Прычынай з’яўляецца тое, што Анкара пакуль не выканала ўсе патрабаванні ЕС, вылучаныя па міграцыйным пагадненні. Адзначаецца, што работа над бязвізавым рэжымам з Турцыяй прадоўжыцца, калі краіна выканае ўсе 72 умовы.

Прэзідэнт Турцыі Таіп Эрдаган 10 мая заявіў, што Анкара не стане прымаць інструкцыі ад ЕС у пытаннях змянення Закона аб барацьбе з тэрарызмам. Ён звярнуў увагу на тое, што ЕС называе змяненні ў Закон аб барацьбе з тэрарызмам як адну з умоў візавай лібералізацыі.

Турэцкі міністр па справах ЕС Валкан Базкыр таксама заявіў, што Анкара не можа прыняць змяненні ў сваё антытэрарыстычнае заканадаўства, якое і так адпавядае стандартам ЕС. Пры гэтым міністр прызнаў, што пытанне змянення антытэрарыстычнага заканадаўства стала прычынай праблем у адносінах з ЕС.

Раней турэцкі лідар Рэджэп Таіп Эрдаган заяўляў, што адмовіцца ад выканання пагаднення з ЕС, калі бязвізавы рэжым не будзе ўведзены да пачатку ліпеня 2016 года. Пры гэтым Турцыя са свайго боку 3 мая 2016 года аб’явіла аб бязвізавым рэжыме для краін Шэнгенскай зоны. Адзначалася, што дырэктыва ўступіць у сілу адначасова з адменай ЕС віз для грамадзян Турцыі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *