Былых юных ратавальнікаў не бывае

- 11:41Адукацыйная прастора

Закрыццё 20-га, юбілейнага, злёту юных ратавальнікаў-пажарных адбылося ў канцы верасня ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. На ўрачыстай цырымоніі прысутнічаў міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка, начальнікі абласных і Мінскага гарадскога ўпраўленняў МНС, ганаровыя госці.

Дваццаты раз дзеці з усёй Беларусі сабраліся на самым любімым і доўгачаканым мерапрыемстве юных ратавальнікаў-пажарных. Восем каманд-удзельніц правялі тры незабыўныя вераснёвыя тыдні на беразе Нарачы, дзе не толькі паўдзельнічалі ў спаборніцтвах, але і выдатна адпачылі, знайшлі новых сяброў. У гэтым годзе злёт быў асаблівым і па атмасферы, і па ўзроўні падрыхтоўкі ўдзельнікаў.

Дзеці прадэманстравалі свае навыкі ў конкурсах “Агляд строю”, “Хіт бяспекі”, “Знаўцы АБЖ”, “Інтэрнэт-пошук”, “КВЗ”, “Зводна-палявыя вучэнні”, “Аказанне першай медыцынскай дапамогі”, “Выратаванне на водах”, “Баявое разгортванне ад мотапомпы”, “Пераадоленне стаметровай паласы з перашкодамі”, “Падыманне па штурмавой лесвіцы на другі паверх вучэбнай вежы”, “Пажарная эстафета 4х100”, “Відэаролік”. Пераможцамі юбілейнага злёту сталі ўдзельнікі з Мінска, другое месца — у юных ратавальнікаў з Магілёва, трэцяе — у каманды з Гомеля.

На закрыцці мерапрыемства прысутнічалі не толькі сёлетнія ўдзельнікі, але і былыя юныя ратавальнікі. Ужо дарослыя, яны з энтузіязмам прынялі запрашэнне і, адклаўшы ўсе справы, прыехалі на юбілейны злёт у “Зубраня”, бо тут сабралася вялікая і дружная сям’я. І няважна, у якім годзе яны ўдзельнічалі ў злёце — ён стаў для іх яркай і значнай падзеяй у жыцці, якая пакінула след у душы, а многім дапамагла выбраць жыццёвы шлях.

Трэба адзначыць, што некаторыя звязалі сваё жыццё з МНС, сталі кіраўнікамі каманд і з поспехам трэніруюць дзяцей, перадаюць свой вопыт і веды. У многіх ужо ёсць свае дзеці, якія вучацца ў бацькоў бяспецы і служаць ім добрым прыкладам.

“Былых юных ратавальнікаў не бывае”, — сказалі ўдзельнікі мінулых гадоў і ў доказ сваім словам прадставілі прэзентацыю-выступленне для цяперашніх удзельнікаў злёту і гасцей.

Іна ЧУГАЙ,
Рэспубліканскі цэнтр прапаганды МНС.