Быць ідэальным: як навучыцца прымаць няўдачы, расказала псіхолаг Ірына Курцэвіч

- 13:26Новости, Психолог в школе

Выяўленне, навучанне, развіццё і падтрымка таленавітых дзяцей для сістэмы адукацыі заўсёды будуць актуальнымі. Але толькі правільна пабудаваныя адносіны педагогаў з адораным школьнікам дазволяць яму найбольш поўна раскрыць свае здольнасці.

Ці патрабуюць таленавітыя дзеці індывідуальнага падыходу і як перажываюць няўдачы. Пра гэта карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала псіхолаг гімназіі-­каледжа мастацтваў Маладзечна Ірына Курцэвіч.

— Ірына Анатольеўна, таленавітыя і адораныя дзеці патрабуюць асаблівага падыходу. З чаго пачынаеце работу з імі?

— Безумоўна, таленавітыя і адораныя дзеці патрабуюць асаб­лівага падыходу, прычым нават у зносінах, і гэта вельмі важна разумець. Таму мы стараемся па­чынаць работу з наладжвання псіхалагічна камфортных, даверлівых адносін з кожным дзіцем. Выяўленне адораных навучэнцаў — працэс працяглы і паступовы, ён бесперапынны, шматгранны і складаны. Мне здаецца, што сёння не існуе ніводнага метаду, тэста або прыкметы, якія дазволілі б з абсалютнай дакладнасцю вылучыць адораных дзяцей і прадказаць іх дасягненні ў будучыні.

Дыягностыка адоранасці ўключае самыя розныя падыходы: гутаркі і інтэрв’ю з навучэнцамі, назіранне за іх паводзінамі і за тым, як вучні ўзаемадзейнічаюць адно з адным падчас урокаў і ў пазаўрочнай дзейнасці. Не менш важнай з’яўляецца работа з педагогамі і бацькамі. Гэта дапамагае сабраць дадатковую інфармацыю і скласці больш поўную карціну паспяхо­васці кожнага дзіцяці.

Псіхалагічная дыягностыка, якую праводжу, заключаецца ў выяўленні індывідуальных здольнасцей кожнага дзіцяці, вызначэнні ўзроўню інтэлекту, крэатыўнасці, інтарэсаў і схільнасцей, асаб­лівасцей мыслення, у вывучэнні эмацыянальнага стану і іншых аспектаў асобы. Менавіта гэтая інфармацыя дапамагае стварыць камфортнае асяроддзе для кожнага навучэнца, падтрымаць яго творчае індывідуальнае развіццё і справіцца з магчымымі цяжкасцямі.

— Адораныя дзеці асаблівыя. Ці былі ў вашай практыцы выпадкі, калі не ўдавалася знайсці падыход да такога дзіцяці? Як вырашалі праб­лему?

— Так, навучэнцы не заўсёды гатовы ісці на кантакт, але яны ведаюць, што ў любы момант могуць звярнуцца да псіхолага, пры­чым зрабіць гэта можна праз скрыню даверу. Добра працуюць у такіх выпадках групавыя трэнінгі. Яны дапамагаюць знайсці падыход да вучняў, заваяваць іх давер, паказаць ім, што папрасіць дапамогі — гэта нармальна, правільна і бяспечна.

Калі ўзнікаюць прафесійныя пытанні, магу звярнуцца па дапамогу да высокакваліфікаваных калег, педагогаў-псіхолагаў, якія працуюць ва ўстановах адукацыі Маладзечанскага раёна.

Немалаважную ролю ў рабоце адыгрываюць і самаадукацыя, вывучэнне спецыялізаванай літаратуры, удзел у семінарах, вэбінарах, трэнінгах па рабоце з адоранымі навучэнцамі і інш. Мне гэта дапамагае зрабіць сваю дзей­насць больш эфектыўнай, павысіць прафесійны ўзровень і дасягнуць пастаўленых вынікаў.

— З якімі запытамі да вас часцей за ўсё прыходзяць навучэнцы гімназіі-каледжа?

— У першую чаргу гэта высокая адчувальнасць. Таленавітыя дзеці часта вельмі востра рэагу­юць на крытыку, стрэсавыя сітуацыі і, як вынік, глыбока іх пера­жываюць. Таксама ў спісе частых праблем — неразуменне з боку аднагодкаў, сацыяльная ізаляцыя. Таленавітыя дзеці могуць адчуваць сябе белымі варонамі, замыкаюцца ў сабе, ім складана знайсці агульныя інтарэ­сы з аднакласнікамі. З вопыту работы магу сказаць, што такія навучэнцы часта шукаюць зносін і падтрымкі сярод значных дарослых, у першую чаргу сярод педагогаў.

Частымі запытамі з’яўляюцца перфекцыянізм і, як правіла, высокі ўзровень трывожнасці. Быць лепшымі, імкнуцца да ідэалу, недапушчальнасць памылак і магчымыя няўдачы — усё гэта выклікае вельмі моцныя перажыванні. Таксама сярод прычын звароту да спецыяліста значацца нізкая вучэбная матывацыя, страта цікавасці да вучобы. Дзеці прызнаюцца, што вучыцца сумна, вучэбны матэрыял для іх занадта прос­ты, нецікавы. Па гэтай прычыне вучні могуць дэманстраваць непаслушэнства, якое выклікае зусім не прыкладныя паводзіны.

У многіх адораных дзяцей узнікаюць цяжкасці ў вучобе, праб­лемы з выбарам адукацыйнага і прафесійнага маршруту, назіраюцца парушэнні эмацыянальна-валявой сферы, праблемы ўзаемаадносін не толькі з адна­годкамі, але і нас­таўнікамі, баць­камі. Усё гэта можа стаць прычынай школьнай і сацыяльнай дэз­адаптацыі.

— Найбольш частая праблема адораных дзяцей — страх паражэння, боязь быць горшымі за іншых. Як з гэтым працаваць, каб паказаць вучням, што і перамога, і паражэнне — гэта нармальна і іх трэба прымаць аднолькава роўна?

— Сапраўды, страх паражэння і боязь быць горшымі за іншых вельмі часта сустракаюцца ў таленавітых і адораных дзяцей. Псіхолагу ў такіх сітуацыях неабходна дапамагчы ім змяніць сваё стаўленне да поспехаў і няўдач. Як з гэтым працаваць?

У першую чаргу трэба развіваць устойлівую самаацэнку. Я дапамагаю дзецям зразумець, што іх каштоўнасць не зале­жыць толькі ад дасягненняў. Падтрымліваю іх інтарэсы і захапленні незалежна ад вынікаў, прычым падтрымку дзіця павінна атрымліваць не толькі ад псіхолага, але і ад педагога, бацькоў. Наступны этап — работа з негатыўнымі перакананнямі. Яна заключаецца ў іх выяўленні і замене на пазітыўныя або нейтральныя. Вельмі дзейсным з’яўляецца метад “Прымаю памылкі”. Яго мэта заключаецца ў тым, каб дапамагчы дзіцяці даведацца пра свае моцныя і слабыя бакі і навучыць бачыць у памылках магчымасці для росту і атрымання новых ведаў, а не нагоду для перажы­ванняў.

Метадаў, якія можна прымяняць у рабоце, вельмі многа. Але важна, акрамя іншага, паказваць дзецям сваім прыкладам і стаўленнем да сітуацый, што паражэнне — гэта нармальная частка жыцця кожнага чалавека, шлях да развіцця і самаўдасканалення. Такі падыход дапаможа выпраца­ваць больш устойлівае і пазітыўнае стаўленне да жыццёвых сітуацый, навучыць спраўляцца са сваімі страхамі і адчуваць сябе больш упэўнена.

Калі разглядаць найбольш эфектыўныя псіхалагічныя тэхнікі, якія дапамагаюць спраўляцца са страхам паражэння, то часта выкарыстоўваю арт-тэрапію і казкатэрапію. Яны дазваляюць дзецям выказаць свае пачуцці, зняць стрэс, а мне як спецыялісту — зразумець прычыны дзіцячай няўпэўне­насці, трывожнасці. Актыўна выкарыс­тоўваю метафарычныя асацыятыўныя карты, якія візуа­лізуюць унутраныя перажыванні, пагружаюць у іх, дапамага­юць паглядзець пад іншым вуглом на страхі, перажыванні і адкрыць новыя перспектывы ў вырашэнні праблемы. Да таго ж метафарычныя карты вельмі падабаюцца дзецям, яны з радасцю зга­джаюцца працаваць з імі.

— Ірына Анатольеўна, хто больш схільны да глыбокіх эмацыянальных перажыванняў сваіх няўдач — дзяўчынкі ці хлопчыкі, дзеці, якія толькі прыйшлі вучыцца ў каледж або навучэнцы старшых курсаў?

Эмацыянальнае перажыванне няўдач залежыць ад мноства фактараў. Мы прывыклі да стэрэатыпу, што дзяўчынкі праяў­ляюць свае пачуцці, а хлопчыкі павінны быць стрыманымі. Дзяўчынкі, як правіла, больш адкрыта выказваюць эмоцыі, таму нам здаецца, што яны мацней перажываюць паражэнне. Але хлопчыкі таксама адчуваюць глыбокія пачуцці, толькі хаваюць іх з-за сацыяльных чаканняў: трэба быць моцным і не па­казваць слабасць. Глыбіня эмацыя­нальных перажыванняў і праяў залежыць ад індывідуальных асаб­лівасцей дзіцяці, яго выхавання, псіхалагічнага здароўя, а не толькі ад полу. У маёй практыцы былі і хлопчыкі, і дзяўчынкі, якія глыбока перажывалі паражэнне ў алімпіядах, конкурсах. Ім усім быў неабходны аналіз сітуацыі няўдачы. Але былі і такія вучні, якія лёгка спраўляліся з пройгрышам і маглі аказаць падтрымку таварышам.

Што тычыцца ўзросту, то малодшыя навучэнцы мацней рэагуюць на няўдачы. Гэта звязана з недахопам жыццёвага вопыту і навыкаў пераадолення стрэсавых сітуацый. Яны элементарна могуць не ведаць, як правільна справіцца з расчараваннем. Старэйшыя дзеці, у якіх ёсць адпаведны вопыт, устойлівыя, у іх больш сталыя механізмы псіхалагічных абарон. Аднак у старэйшых дзяцей могуць быць іншыя прычыны для перажыванняў, такія як страх не апраўдаць чаканняў перад экзаменамі або прафесійным самавызначэннем.

Такім чынам, прычынамі эмацыянальнага перажывання пара­жэнняў і ў хлопчыкаў, і ў дзяўчынак у любым узросце могуць быць узровень самаацэнкі, ступень эмацыянальнасці, упэўненасці ў сабе. Падтрымка і разуменне з боку блізкіх і педагогаў дапамо­гуць дзіцяці справіцца з эмо­цыямі і атрымаць станоўчы вопыт у любой сітуацыі.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА