Быць настаўнікам — значыць быць заўсёды ў трэндзе!

- 9:55Педагагічная майстэрня, Рознае партфолiо

Фарміраванне творчай, актыўнай асобы, здольнай праявіць сябе ў неардынарных умовах, разнастайных жыццёвых сітуацыях, якая ўмее самастойна ставіць задачы, праектаваць траекторыю іх дасягнення, прагназаваць вынікі, планаваць час, знаходзіць неабходную інфармацыю, — асноўная мэта сучаснай школы. І дасягнуць яе, па меркаванні настаўніцы біялогіі гімназіі № 18 Мінска Наталлі Іванаўны Гарадовіч, у многім дазваляе цьютарскае суправаджэнне. Пры выбудоўванні адукацыйнага працэсу, рэжыму і характару заняткаў педагог улічвае пазнавальны інтарэс, схільнасці, здольнасці навучэнцаў.
Летась Наталля Іванаўна абагульніла вопыт работы па цьютарскім суправаджэнні адораных і высокаматываваных дзяцей і атрымала прэмію Мінгарвыканкама.

Стаць біёлагам Н.І.Гарадовіч, мабыць, было наканавана лёсам: яе бацькі — ветэрынарныя ўрачы. Шматлікія біялагічныя энцыклапедыі, навукова-папулярная літаратура з дзяцінства былі ў полі зроку дзяўчынкі. Наталлю цікавілі матылькі, свойскія жывёлы, хатнія расліны, якіх дома было вельмі многа. Ды і ў педагагічным каледжы, куды Н.І.Гарадовіч паступіла пасля школы для атрымання спецыяльнасці “Настаўнік пачатковых класаў”, была выбрана спецыялізацыя “Кіраўнік эколага-натуралістычнай работы”, дзе біялогія і экалогія вывучалася на павышаным узроўні.
“Я выбрала гэты напрамак, бо мне ён лёгка даваўся. Вельмі падабалася мне і выкладчыца біялогіі Лідзія Аляксандраўна Карабач — цікавы і творчы чалавек. Мяне прыцягнуў стыль яе выкладання, манера паводзін. Пад яе кіраўніцтвам я ўдзельнічала ў Рэспубліканскай алімпіядзе па біялогіі, навукова-практычнай канферэнцыі студэнтаў, на якой перамагла і атрымала прэмію. І вось гэты поспех мяне акрыліў і стымуляваў на далейшую вучобу. Па субяседаванні я паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна ”, — расказвае мая суразмоўніца.
Першыя прафесійныя крокі былі зроблены Н.І.Гарадовіч у сярэдняй школе гарадскога пасёлка Юрацішкі Гродзенскай вобласці, адкуль яна родам. “Асаблівых праблем, звязаных з методыкай выкладання біялогіі, у мяне не было. Добрую загартоўку ў гэтым даў педкаледж. Як у плане складання падрабязных планаў-канспектаў урокаў, дзе неабходна было распісваць кожнае пытанне настаўніка і кожны адказ вучня, так і па правядзенні саміх заняткаў пытанняў не было. Здавалася, методыка была ўнутры мяне і праламалася на методыку выкладання біялогіі. Такім чынам, я дастаткова ўпэўнена адчувала сябе пасля практыкі каледжа, — заўважае настаўніца. — Сярод цяжкасцей, з якімі я сутыкнулася ў першы год работы, — невялікая розніца ва ўзросце са старшакласнікамі. Даводзілася наладжваць дысцыпліну ў класе, не дапускаць жартаў, панібрацтва, трымаць дыстанцыю. Яшчэ складанасць была ў тым, што класы былі як рускамоўныя, так і беларускамоўныя, і ў адным класе трэба было весці ўрок на адной мове, а ў другім — на іншай. Акрамя таго, школа мела вялікі прышкольны ўчастак, а існуе меркаванне, што калі ты настаўнік біялогіі, то ты і садоўнік, і аграном, і знахар, і г.д. Даводзілася адпавядаць гэтаму меркаванню, асвойваць новыя віды дзейнасці, чытаць дадатковую літаратуру. А потым нават закончыць курсы па ландшафтным дызайне. Усе цяжкасці маладога спецыяліста дапамагаў пераадольваць вельмі добры педагагічны калектыў, які заўсёды прыходзіў на дапамогу”.
Зараз агульны педагагічны стаж настаўніцы — 15 гадоў. 9 з іх Наталля Іванаўна працуе ў гімназіі № 18, дзе, як прызнаецца педагог, адміністрацыя на чале з А.Ю.Мігас стварае камфортныя ўмовы для работы педагогаў: і тэхнічна аснашчае вучэбныя кабінеты (у распараджэнні настаўніцы і электронны мікраскоп, і тэлевізар), і стымулюе, і матывуе, і заахвочвае адначасова. Асноўны прынцып у рабоце з дзецьмі Н.І.Гарадовіч — быць заўсёды лагічнай і паслядоўнай, аднолькавай для ўсіх, незалежна ад настрою, не вылучаць любімчыкаў, важна, каб дзеці ведалі, чаго ад цябе чакаць, дзейнічаць аднолькава ў аднолькавых сітуацыях. Выхаванцы настаўніцы любяць знаходзіцца ў яе кабінеце і гавораць, што тут пануе своеасаблівая “зялёная” аўра.
“Калі пачынаем вывучаць у 6 класе біялогію, я ніколі не гавару вучням, што мой прадмет самы важны, а адзначаю, што прадметы бываюць розныя, а мой прадмет — карысны. І вось гэтую карысць, прыкладны характар біялогіі я імкнуся раскрываць на кожным уроку. Разам з вучнямі мы абмяркоўваем праблемы земляробства, садаводства, экалогіі, харчовага крызісу. Дзяцей зараз вельмі цікавіць медыцына, мікрабіялогія, генетыка”, — заўважае Наталля Іванаўна.

У практыцы работы настаўніца выкарыстоўвае праблемнае навучанне, тэхналогію развіцця крытычнага мыслення, інфармацыйна-камунікацыйныя -тэхналогіі. Што тычыцца цьютарскага суправаджэння адораных і высокаматываваных вучняў, то Наталля Іванаўна займалася гэтым даволі доўга і толькі чатыры гады назад распрацавала вучэбную праграму і сістэматызавала сваю работу шляхам пабудовы індывідуальных адукацыйных маршрутаў па пэўных тэмах курса біялогіі. Ідэі цьютарскага суправаджэння адаптаваны педагогам менавіта да ўмоў гімназіі.
“Гэта як альтэрнатыва індывідуальным заняткам, — адзначае Н.І.Гарадовіч. — Развіваць адораных і высокаматываваных вучняў не заўсёды атрымліваецца на ўроках. А пасля ўрокаў таксама часу асабліва не знаходзіцца — дзеці стомленыя, загружаныя, занятыя іншымі справамі. Хаця па суботах і арганізоўваюцца факультатыўныя заняткі па біялогіі, аднак і на іх індывідуальны падыход не заўсёды рэалізоўваецца. Цьютарства прадугледжвае, што дзеці займаюцца самастойна. Прычым, выконваючы пэўныя заданні, вучні робяць гэта не для настаўніцы, не на адзнаку, а для сябе, бо гэта ім цікава і абавязкова спатрэбіцца ў далейшым. Згадзіцеся, калі штосьці прыносіць задавальненне, то гэта не нагрузка — гэта хобі”.
Цьютарскае суправаджэнне дазваляе выбудаваць сістэму ўзаемадзеяння паміж навучэнцам і педагогам: цьютар не дае гатовых ведаў, а дапамагае паставіць мэту, стварае сітуацыі асэнсавання навучэнцамі ўласных адукацыйных дзеянняў па яе рэалізацыі, дапамагае прааналізаваць, наколькі атрыманыя вынікі задавальняюць адукацыйныя патрэбы навучэнцаў. Асноўная задача педагога-цьютара — стварэнне індывідуальнай адукацыйнай праграмы.

Цьютарскае суправаджэнне Н.І.Гарадовіч складаецца з паслядоўна ўзаемазвязаных этапаў. На дыягностыка-матывацыйным этапе адбываецца развіццё і стымуляванне ў навучэнцаў матывацыі да далейшай вучэбнай дзейнасці. Задача настаўніка на гэтым этапе — вызначэнне індывідуальных пазнавальных інтарэсаў навучэнцаў. У 6—7 класах настаўніца прыглядаецца да сваіх выхаванцаў. І ўжо да 9 класа, калі пачынаецца анатомія і фізіялогія чалавека, як правіла, відаць, у каго з навучэнцаў сфарміраваўся ўстойлівы інтарэс, ёсць так званае біялагічнае мысленне.
Звычайна ў пачатку навучальнага года ўсе зацікаўленыя навучэнцы ладзяць першы цьютарскі збор, на якім знаёмяцца з сэнсам і мэтамі цьютарскага суправаджэння і формамі работы. Наталля Іванаўна праводзіць гутаркі наконт асабістых планаў гімназістаў. Часта да работы прыцягваецца педагог-псіхолаг, які аналізуе вынікі анкетавання навучэнцаў па выяўленні іх інтарэсаў, праводзіць дыягностыку ўзроўню сфарміраванасці агульнавучэбных і прадметных кампетэнцый.
Асноўным зместам праекціровачнага этапу з’яўляецца арганізацыя збору інфармацыі ў адпаведнасці з інтарэсамі навучэнцаў. Кожны атрымлівае план падрыхтоўкі — вучэбную праграму, створаную настаўніцай, якая базіруецца на аснове дзеючых вучэбных праграм па біялогіі з паглыбленым вывучэннем тых альбо іншых тэм. Паколькі высокаматываваныя і адораныя навучэнцы арыентаваны на прадукцыйную дзейнасць, для іх важна бачыць вынік сваіх намаганняў. А таму важным з’яўляецца тое, што праграма распрацавана па ўсім курсе біялогіі і навучэнец нават 6 класа можа ўбачыць адразу ўвесь змест матэрыялу, з якім належыць пазнаёміцца за ўвесь перыяд навучання. Гэта стымулюе фарміраванне матывацыі і пазнавальнага інтарэсу. Далейшае цьютарскае суправаджэнне будуецца вакол распрацоўкі на аснове плана падрыхтоўкі індывідуальнага адукацыйнага маршруту.
Вынікам збору інфармацыі па пэўнай тэме з’яўляецца тэматычнае партфоліа, у якім назапашваюцца матэрыялы, прызначаныя для далейшага сумеснага аналізу цьютарам і цьютарантам. У партфоліа ўваходзяць матэрыялы па тэорыі пытання, што вывучаецца, спіс літаратуры, ілюстрацыі, схемы — любыя матэрыялы, якія цьютарант лічыць неабходнымі. Змест інфармацыі можа выходзіць за межы вучэбнай праграмы па біялогіі. Настаўнік кансультуе навучэнцаў па адборы зместу вучэбнага матэрыялу, у падтрымцы самастойнасці і актыўнасці.
На рэалізацыйным этапе навучэнец ажыццяўляе рэальны пошук і затым прадстаўляе атрыманыя ім вынікі. Праектная дзейнасць на гэтым этапе з’яўляецца пераважнай. Выніковай работай з’яўляюцца індывідуальныя праекты. Старшакласнікі вывучаюць тэорыю па пэўнай тэме і аналізуюць інфармацыю, затым згодна са сваімі высновамі складаюць камп’ютарную ці стэндавую прэзентацыю, прадстаўляюць яе на цьютарскім зборы і вусна абгрунтоўваюць свае вынікі. Дарэчы, на гэтым этапе афармляецца новы тып партфоліа — прэзентацыйны. Ён ствараецца на аснове тэматычнага, але служыць для прадстаўлення найбольш значнай інфармацыі, якая наглядна сведчыць аб атрыманых навучэнцам выніках у працэсе пошуку.
“Такім чынам, вучні працуюць індывідуальна, а педагог дапамагае, рэкамендуе, накіроўвае. Зносіны паміж цьютарам і навучэнцамі вядуцца таксама і ў анлайн-рэжыме. У форме вэбінара абмяркоўваюцца пэўныя праблемныя тэмы, вучні задаюць пытанні, для іх арганізоўваюцца кансультацыі. Часам абмеркаванне адбываецца і ў чаце сеткі “УКантакце”. Адзін навучэнец задае пытанне, а астатнія ўступаюць у гутарку і прапануюць свае варыянты адказаў. Так вучні бачаць іншыя магчымасці сацыяльных сетак, акрамя зносін паміж сабой, адбываецца стымуляванне дзяцей да работы. Старшакласнікі вучацца шукаць патрэбную інфармацыю, бо ў іх часта існуе меркаванне, што галоўная крыніца інфармацыі — Вікіпедыя. Даводзіцца мяняць гэты стэрэатып, прадстаўляць ім як альтэрнатыву падручнікі ў электронным выглядзе”, — падкрэслівае Н.І.Гарадовіч.
На апошнім аналітычным этапе арганізоўваецца цьютарская кансультацыя па выніках прэзентацыі, на якой былі прадстаўлены вынікі работы навучэнца. Аналітычны этап накіраваны на рэфлексію навучэнцам свайго пройдзенага шляху. Гэты этап садзейнічае развіццю адэкватнай самаацэнкі, уменню аналізаваць як уласныя спосабы дзеяння, так і спосабы дзеяння тых, хто побач, разумець тыя змяненні, якія адбываюцца ў сабе і навакольных. На гэтым этапе становіцца запатрабаваным трэці тып партфоліа — партфоліа дасягненняў.

Практыка паказвае, што выкарыстанне цьютарскага суправаджэння садзейнічае развіццю самастойнасці мыслення, ініцыятыўнасці, творчасці навучэнцаў, павышэнню іх пазнавальнай актыўнасці, пашырэнню сферы інтарэсаў, павышэнню якасці ведаў і выніковасці ўдзелу навучэнцаў у шматлікіх конкурсах і алімпіядах. Так, у мінулым годзе адзінаццацікласнік Мікіта Жылінскі стаў пераможцам гарадской алімпіяды па біялогіі.
“Цьютарскае суправаджэнне носіць індывідуальны, адрасны характар, таму пры яго ажыццяўленні і выбары адпаведнай формы захоўваюцца гнуткасць і варыятыўнасць, — адзначае Наталля Іванаўна. — Аднак праблема цьютарскага суправаджэння ў тым, што, калі навучэнцы заканчваюць гімназію і паступаюць ва ўніверсітэт, яны чакаюць далейшай падтрымкі ад педагога. І спачатку гэтую падтрымку даводзіцца забяспечваць. Студэнты паказваюць свае навуковыя работы, раяцца, як сфармуляваць тэму, задачы той ці іншай работы, як падабраць патрэбную літаратуру і г.д.”.
Н.І.Гарадовіч плануе працягваць работу па цьютарскім суправаджэнні, а таксама ўдасканаліць і больш дакладна структураваць вучэбную праграму. У планах настаўніцы — распрацоўка вучэбнай праграмы біялагічнага гуртка ці факультатыўных заняткаў.
“Як бы да настаўніцкай прафесіі сёння ні ставіліся, я люблю гэтую прафесію і не бачу сябе ні ў якой іншай, — заўважае Наталля Іванаўна. — Табе заўсёды цікава, ты малады душой, заўсёды ў трэндзе, ведаеш, чым жыве моладзь”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.