Цэнтральнай падзеяй мінулага тыдня ў беларускай адукацыі стала ХV Рэспубліканская выстава навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі “Я — грамадзянін Беларусі”. У Нацыянальным выставачным комплексе “БелЭкспа” быў прадстаўлены вопыт работы ўстаноў агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай, вышэйшай і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўсіх рэгіёнаў краіны. З работай экспазіцыйных пляцовак у дзень адкрыцця выставы азнаёміліся міністр адукацыі Беларусі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч і яго намеснік Віктар Віктаравіч Якжык.
— Займаючыся патрыятычным выхаваннем падрастаючага пакалення, мы пастаянна сутыкаемся з неабходнасцю быць крэатыўнымі ў гэтай справе, знаходзіць такія новыя формы і метады работы, якія б, з аднаго боку, адлюстроўвалі багатую гісторыка-культурную спадчыну краіны, яе традыцыі, а з другога — былі зразумелымі і цікавымі сучаснай моладзі, — сказаў, адкрываючы выставу, міністр адукацыі Сяргей Аляксандравіч Маскевіч. — Якасць метадычнай работы заўсёды была залогам дасягнення поспеху. Але сёння, у час усеагульнай інфарматызацыі, калі глабальная інфармацыйная прастора чаго толькі ні прапаноўвае моладзі, уплываючы на яе падсвядомасць і эмоцыі, знаходзіць новыя формы работы, якія б дазволілі дастукацца да кожнага маладога чалавека, — справа вельмі няпростая. Гэта справа, якая патрабуе высокага прафесіяналізму ад тых, хто ёй займаецца. Лічу, што ў нашай краіне ў гэтым кірунку нам удаецца многае і галоўным чынам таму, што пошукам творчых сродкаў для вырашэння важнай сацыяльнай задачы займаюцца таленавітыя педагогі і метадысты.
У рамках выставы прайшла вялікая колькасць прэзентацый вопыту работы ўстаноў адукацыі, круглыя сталы, канферэнцыі, майстар-класы, педагагічныя чытанні, канцэртныя праграмы, выставы работ дзіцячай творчасці. Для знаёмства з матэрыяламі выставы актыўна выкарыстоўваліся інтэрактыўныя формы работы: pr-акцыя “Навігатар педагога”, феерверк педагагічных ідэй “Роля інфармацыйнай прасторы ўстаноў прафесійнай адукацыі ў сістэме грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў”, панарама педагагічнага вопыту “Інавацыйныя формы грамадзянска-патрыятычнага выхавання студэнцкай моладзі”, прэзентацыя інавацыйнага праекта “Укараненне электронных сродкаў навучання і выхавання ў працэс грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў”, прэзентацыя інфармацыйнага праекта “Інтэлектуальныя сеткі: анлайн-турнір школьнікаў і студэнтаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі”.
Падчас выставы была арганізавана АРТ-метадпляцоўка, на якой праходзіла кансультаванне па актуальных пытаннях развіцця выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці дзяцей і моладзі, а таксама школа сацыяльна-педагагічных і псіхалагічных ведаў, у якой навучэнцы, бацькі і педагогі маглі атрымаць кансультацыйную дапамогу, паўдзельнічаць у інтэрактыўных занятках з элементамі трэнінгу і прайсці прафарыентацыйную экспрэс-дыягностыку. Працягнулася добрая традыцыя выставы праводзіць майстар-класы па розных відах дзейнасці і для розных катэгорый удзельнікаў. Сярод самых цікавых сёлетніх — майстар-класы па карвінгу “Рукі майстра робяць цуды”, саломапляценні, па вырабе кветак у тэхніцы валення лямцу “Розныя колеры маёй краіны”, па ландшафтным і інтэр’ерным дызайне, па стварэнні віртуальнага музея, вядзенні школьнай бізнес-кампаніі, сервіроўцы святочнага стала і нават цырульніцкім майстэрстве.
Знаёмячыся з выставай, міністр адукацыі адзначыў, што з кожным годам яе ўзровень расце, педагогі прадстаўляюць на ёй сапраўды цікавыя распрацоўкі, але хацелася б бачыць больш работ, створаных з дапамогай сучасных камп’ютарных тэхналогій. Як, напрыклад, віртуальны 3D-праект славутасцей палацава-паркавага ансамбля вёскі Станькава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. На выставе яго прадставіў настаўнік інфарматыкі Станькаўскай сярэдняй школы імя Марата Казея Аляксандр Пятровіч Марчанка.
Аляксандр Пятровіч паведаміў, што віртуальны школьны музей стварылі яшчэ ў 2007 годзе (дарэчы, яго перавядзенне ў фармат 3D таксама не за гарамі), а потым задумаліся над тым, каб пайсці далей: асвойвалі 3D-тэхналогіі, перадавалі веды дзецям, а потым разам пачалі ствараць адначасова цікавы і карысны праект. З ім можна азнаёміцца на сайце навучальнай установы. Вэб-версію праекта ўжо за першы тыдзень яго знаходжання на сайце ацаніла сотня наведвальнікаў.
На выставе была прадстаўлена вялікая колькасць метадычных распрацовак. І гэта не проста брашуры і папкі з дакументамі — гэта лепшы вопыт, які можа інтэгравацца ў адукацыйную прастору любой установы адукацыі.
Актыўны ўдзел у рабоце рэспубліканскай выставы прынялі цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Адзначым і тое, што наведвальнікамі выставы сталі ўдзельнікі ІІІ конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты ХХІ стагоддзя” — 23 каманды юных тэхнікаў і вынаходнікаў Беларусі і Расіі — 8 беларускіх каманд (ад усіх абласцей і Мінска) і 15 каманд федэральных адміністрацыйных акруг Расійскай Федэрацыі, у якія ўвайшлі юныя пераможцы і прызёры конкурсаў навукова-тэхнічнай творчасці. За сваю невялікую гісторыю конкурс атрымаў высокую ацэнку з боку ўрадаў і грамадскасці дзвюх краін, паколькі ўносіць канкрэтны ўклад у фарміраванне адзінай адукацыйнай прасторы нашых дзяржаў, накіраваны на вырашэнне сацыяльных пытанняў і развіццё навукова-тэхнічнага прагрэсу.
Свае арыгінальныя ідэі падчас рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту, дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Я — грамадзянiн Беларусi” прадставілі і ўдзельнікі рэспубліканскага праекта “100 ідэй для Беларусі”.
Нарэшце яшчэ адно знакавае мерапрыемства выставы — падвядзенне вынікаў рэспубліканскага агляду-конкурсу мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі “Арт-вакацыі”. Творчы марафон пад дэвізам “Эпоха таленавітых — дыялог часу і творчасці” на працягу навучальнага года праходзіў па ўсёй краіне. Фінальныя гала-канцэрты конкурсу адбыліся адразу на трох пляцоўках, у тым ліку на цэнтральнай сцэне выставы “Я — грамадзянін Беларусі” і сцэне Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. У сталіцу прыехала больш за 300 прадстаўнікоў творчых калектываў з 40 устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі краіны. Пераможцы і прызёры фестывалю прадставілі разнастайныя напрамкі мастацкай творчасці: інструментальны, вакальна-харавы, фальклорна-этнаграфічны, харэаграфічны, тэатральны, літаратурны і сучасныя маладзёжныя напрамкі.
Падводзячы вынікі выставы “Я — грамадзянін Беларусі”, Віктар Віктаравіч Якжык адзначыў, што вельмі важна не забываць пра тое, што выхаванне — працэс бесперапынны. “Яно павінна пачынацца ва ўстанове дашкольнай адукацыі, працягвацца ў школе і не спыняцца ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі. Адна з мэт правядзення выставы — даць педагогам магчымасць вучыцца на лепшых прыкладах, дэманстраваць уласны вопыт, трымаць руку на пульсе сучасных тэхналогій і ні ў якім разе не губляць ніць бесперапыннасці, — сказаў намеснік міністра адукацыі. — Выстава паказала, што грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі — гэта не толькі падручнік па гісторыі, не толькі тэма Вялікай Айчыннай вайны і веданне сімвалаў дзяржаўнасці. Патрыятызм — шырокае паняцце, наша штодзённае жыццё, дзе быць патрыётам — значыць, любіць і ўкладваць душу ў справу, якой займаешся”.
Падрабязней пра выставу “Я – грамадзянін Беларусі” чытайце на старонках “Настаўніцкай газеты”.
Марына ПЫРКОВА.
Фота аўтара, Алега ІГНАТОВІЧА і БелТА.