Быць педагогам не на словах, а на справе імкнецца настаўніца Вікторыя Коцел з Маларыцкай раённай гімназіі

- 16:10Образование

Быць педагогам не на словах, а на справе імкнецца настаўніца англійскай мовы Вікторыя Коцел з Маларыцкай раённай гімназіі.

Гэта творчы і кампетэнтны педагог, якога любяць і паважаюць вучні. Да кожнага з іх у Вікторыі Генадзьеўны індывідуальны падыход, заснаваны на традыцыйных і новых педагагічных тэхналогіях, эфектыўных метадах і прыёмах. Усе ўрокі настаўніцы практыка-­арыентаваныя, з выхаваўчым патэнцыялам.

Падчас вучобы ў сярэдняй школе № 9 Баранавіч Вікторыя шмат часу праводзіла за кнігай. Перавагу аддавала беларускай і рускай літаратуры. Творы для чытання ёй раіла маці, якая ўсё жыццё працуе бібліятэкарам.

У школе дзяўчыне вельмі падабалася вычытваць тэксты. Даволі часта аднакласнікі звярталіся да яе з просьбай падкарэкціраваць сачыненне, бо яна пісала іх бездакорна. Любімымі прадметамі былі беларуская, руская і англійская мовы. Не апошнюю ролю ў гэтым адыгралі педагогі, якія змаглі зацікавіць сваімі прадметамі. Так, настаўніца рускай мовы і літаратуры Раіса Чухлей, а таксама настаўніца англійскай мовы Вольга Чухлей не раз прапаноўвалі Вікторыі набыць менавіта педагагічную спецыяльнасць. Калег падтрымлівала і настаўніца беларускай мовы і літаратуры Лілія Галенка. Вопытныя педагогі своечасова разгледзелі патэнцыял здольнай вучаніцы, яе працавітасць, імкненне да самаразвіцця. Ды і самой дзяўчыне хацелася быць падобнай да іх.

Вікторыя прыслухалася да любімых настаўнікаў, але для працягу адукацыі спачатку (нечакана для ўсіх) выбрала факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ, каб стаць… сацыяльным педагогам. Для паступлення не хапіла некалькіх балаў. Пасля гэтага дзяўчына падала дакументы на факультэт замежных моў БарДУ, дзе атрымала дыплом настаўніцы англійскай мовы, беларускай мовы і літаратуры. Ва ўніверсітэце Вікторыя пазнаёмілася з будучым мужам. Разам з ім яна адправілася ў шматмесячнае падарожжа па Мексіканскім заліве і Карыбскім моры на амерыканскім круізным караблі, дзе патрабаваліся афіцыянты. Атрымалася яркая і запамінальная васьмімесячная моўная практыка.

На першае месца работы маладых спецыялістаў накіравалі на Маларытчыну, адкуль родам муж Андрэй Коцел. Сямейнай пары ўдалося ўладкавацца ў адну ўстанову адукацыі, што дапамагло ім хутка адаптавацца.

За 12 гадоў прафесійнай дзейнасці ў Вікторыі Коцел сфарміраваліся ўласныя прыёмы і метады работы. Педагог лічыць, што настаўнік толькі тады можа навучыць чаму-небудзь, калі любіць вучняў і свой прадмет. Павага да асобы дзіцяці — асноўны прынцып, якога прытрымліваецца Вікторыя Генадзьеўна.

Дапамагчы паверыць ва ўласныя сілы ў сітуацыі поспеху, павысіць самаацэнку вучняў — у гэтым педагог бачыць сваю штодзённую задачу.

Разважаючы пра тое, якім павінен быць урок англійскай мовы, Вікторыя Генадзьеўна гаворыць, што дзецям павінна быць на ім цікава. Цікавае абвастрае зрок, актывізуе думку, абуджае творчасць. Выклікаць на ўроку ў вучняў цікаўнасць і цікавасць да таго, што вывучаецца, — гэта важная задача, паспяховае вырашэнне якой залежыць ад майстэрства педагога.

 Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце

Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара