Быць у трэндзе: да чаго імкнецца калектыў сярэдняй школы № 1 Асіповіч імя Б.М.Дзмітрыева

- 11:41Пресс-тур «Настаўніцкай»

Задавальняць адукацыйныя запыты навучэнцаў і іх бацькоў, фарміраваць у дзяцей навыкі, неабходныя для жыцця ў высокатэхналагічным грамадстве, садзейнічаць самарэалізацыі і самавызначэнню выпускнікоў імкнецца калектыў сярэдняй школы № 1 Асіповіч імя Б.М.Дзмітрыева. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Асноўная задача, над якой педагогі школы паспяхова працуюць, — прафарыентацыя навучэнцаў, — расказвае дырэктар установы Алена Паргачова. — Вывучэнне асобных прадметаў на павышаным узроўні ў нас арганізавана з 5 класа. Прычым дзеці самі іх выбіраюць. На гэтым этапе актыўна працуе педагог-псіхолаг. Мы праводзім анкетаванне, дыягностыку, каб дапамагчы навучэнцам вызначыць прадмет, які ім будзе лёгка і цікава вывучаць. З 2015 года мы з’яўляемся раённым рэсурсным цэнтрам па ўкараненні інфармацыйнай тэхналогіі аўтарскай групы псіхолагаў “Рэферэнт”. Супрацоўнічаем з імі даўно. Гэтая праграма дазваляе прааналізаваць магчымасці кожнага дзіцяці. З 5 класа школьнікі вывучаюць замежныя мовы: нямецкую, французскую і англійскую. З 8 класа арганізоўваецца дапрофільная падрыхтоўка: матэматыку і рускую мову вучні асвойваюць на павышаным узроўні. На старшай ступені дапамагаем вучням з выбарам прафесіі і ўстановы вышэйшай адукацыі, каб яны паспяхова паступілі і атрымлівалі задавальненне ад вучобы. Асіповіцкі раён — буйны прамысловы цэнтр Беларусі, дзе працуе 8 прадпрыемстваў. І тут мы выбудоўваем работу ў ланцужку “школа — каледж альбо УВА — прамысловае прадпрыемства”. З 10 класа ў нас дзейнічаюць класы і групы прафесійнай накіраванасці: педагагічныя, у якіх школьнікі наведваюць факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію” і якія дазваляюць рыхтаваць кадры ў тым ліку і для нашай установы; аграрныя, у якіх на павышаным узроўні вывучаюцца хімія і біялогія і праводзіцца факультатыў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”; ваенна-патрыятычныя і інжынерныя. Навучэнцы профільных класаў паказваюць 100-працэнтную якасць ведаў.

У класах ваенна-патрыятычнай накіраванасці ў расклад школьнікаў уключаны факультатыўныя заняткі “Гатовы Радзіме служыць!”, якія праводзіць кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Уладзімір Шор. Дарэчы, заняткі арганізоўваюцца ў музейным пакоі, дзе можна азнаёміцца з жыццёвым шляхам Б.М.Дзмітрыева, імя якога но­сіць школа (падрыўніка, які выхаваў каманду спецыялістаў, што добра спрацавалі падчас рэйкавай вайны, і якому пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза), з экспазіцыяй, прысвечанай генацыду беларускага народа (на тэрыторыі раёна больш за 90 вёсак былі спалены немцамі), са стэндам “Настаўнікі школы — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны”.

На тэрыторыі Асіповіцкага раёна знаходзіцца 6 вайсковых часцей, з якімі школа цесна супрацоўнічае. Праводзяцца экскурсіі, турніры, выставы. Вучні выязджаюць на палігон. Зборная каманда школы з’яўляецца прызёрам ваенна-спартыўных спаборніцтваў “Гатовы Радзіме служыць!” на прыз пракуратуры Магілёўскай вобласці.

Да 11 класа навучэнцы, як правіла, вызначаюцца з выбарам будучай спецыяль­насці. Яны мэтанакіраваныя, упэўненыя ў сваіх магчымасцях, маюць намер пасту­піць у сілавыя УВА і ССНУ. У гэтым змаглі пераканацца ўдзельнікі прэс-туру, наведаўшы факультатыўныя заняткі, на якіх вучні знаё­міліся з запатрабаванымі сёння ваеннымі спецыяльнасцямі. Так, адзінаццацікласнік Лаўрэнцій Чарапко хоча пайсці па слядах дзеда і стаць следчым, Павел Савін плануе паступіць у БНТУ на спецыяльнасць “Мытная справа”, а Юльяна Корж — у Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь і кіраваць ракетнымі войскамі.

З гэтага навучальнага года ў школе была адкрыта інжынерная група. Навучэнцы, якія ўваходзяць у яе склад, вывучаюць фізіку і матэматыку на павышаным узроўні і наведваюць факультатыўныя заняткі “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбі­раем інжынерную прафесію”, якія праводзіць настаўніца фізікі Таццяна Стэльмашонак. Падрыхтоўчая ж работа пачалася яшчэ ў сакавіку мінулага года з наведвання старшакласнікамі дня адкрытых дзвярэй у БНТУ.

— Я з задавальненнем вучуся ў інжынернай групе, — адзначае дзесяцікласнік Уладзімір Суконкін. — Інжынер — прафесія будучыні, гэта спецыяліст-вынаходнік, які стварае ці ўдасканальвае тэхнічныя механізмы. На ўроках мы даведаліся, што спецыялісты інжынерных прафесій працуюць у машынабудаванні, на здабычы нафты і газу, будаўніцтве, на ўсіх тыпах вытворчасці. Яны задзейнічаны на кожным этапе стварэння прадукту, таму ёсць спецыялісты, якія праектуюць, а ёсць тыя, хто наладжвае вытворчасць дэталей. Ёсць інжынеры, якія сочаць за бяспекай на вытворчасці, і тыя, хто абслугоўвае створаную тэхніку. Пасля заканчэння школы планую атрымаць прафесію інжынера-выпрабавальніка і потым прымаць удзел у распрацоўцы сучасных праграм і методык выпрабаванняў. Ад мяне ў пэўнай ступені будзе залежаць з’яўленне найноўшага абсталявання і тэхнікі, што дазволіць зрабіць вытворчасць у нашай краіне больш сучаснай. А значыць, у маіх руках будзе будучыня маёй краіны.

Журналісты мелі магчымасць убачыць на свае вочы, як Уладзімір разам са сваім аднакласнікам працавалі над праграмаваннем руху трохногага робата, які ўмее вымаўляць пэўныя гукі (вітаць, бра­хаць), рухацца ўперад — назад, управа — улева.

— Гэта новы напрамак, але ён вельмі цікавы для школы ў сувязі з тым, што ў нас на працягу многіх гадоў працуе STEAM-цэнтр. Па сутнасці, да інжынернай прафесіі дзяцей мы рыхтуем з 1 класа, — расказвае настаўніца пачатковых класаў Таццяна Баршчэўская, якая праводзіць заняткі па LEGO-канструя­ванні з малодшымі школьнікамі.

Асноўныя напрамкі работы вучняў STEAM-цэнтра — праграмаванне, робататэхніка, 3D-мадэляванне, тэхнічная творчасць, праектная дзейнасць.

Як расказала педагог, на першай ступені навучання пачаткоўцы займаюцца ў аб’яднанні па інтарэсах “LEGO-канструяванне”, дзе выкарыстоўваюць класічныя наборы Lego і базавыя наборы Lego Education WeDo 2.0, якія дазваляюць ім даследаваць і распрацоўваць уласныя рашэнні для задач з рэальнага жыцця. Пры дапамозе маленькіх рознакаляровых кубікаў у дзяцей, акрамя маторыкі рук, развіваецца ўяўленне, прасторавае, вобразнае, лагічнае мысленне. Першапачаткова малодшыя школьнікі вучацца чытаць схемы, збіраюць мадэлі па зададзенай схеме. Пазней дапрацоўва­юць мадэлі з адкрытым рашэннем, увасабляюць ідэі ў выглядзе рухомых механізмаў, аналізуюць задачы і знаходзяць магчымыя рашэнні.

У кожным праекце WeDo 2.0 канструя­ванне аб’ектаў спалучаецца з выкарыстаннем піктаграфічнай мовы праграмавання. Навучэнцы паэтапна на практычным узроўні знаёмяцца з лінейным алгарытмам, алгарытмам галінавання, цыклічным, камбінаваным алгарытмамі. Да зададзенага алгарытму падбіраюць мадэль аб’екта і адпаведную праграму.

Да канца навучання ў пачатковых класах вучні могуць не толькі мадэляваць, збіраць аб’екты, але і праграмаваць функцыя­нал створаных мадэлей. У сярэднім звяне задачы ў школьнікаў ускладняюцца. Для вучняў 9-х класаў дзейнічаюць аб’яднанні па інтарэсах RobotiX і Hi, robo, заняткі ў якіх праводзіць настаўніца фізікі Алена Кастраміна.

— На занятках у STEAM-цэнтры школьнікі вучацца праектаваць, ствараць сайты, канструяваць і праграмаваць робатаў, выкарыстоўваючы веданне законаў фізікі, хіміі, біялогіі. Гэта павышае цікавасць да прыродазнаўча-матэматычных навук, дае матывацыю да выбару будучай прафесіі, — заўважае дырэктар школы.

Павысіць сваё майстэрства, ад­чуць устойлівую патрэбу ў далейшым прафесійным росце педагогам школы даз­валяе ўдзел у інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі самаадукацыі вучняў у кампетэнтнасна арыентаваным адукацыйным асяроддзі на аснове метадаў стратэгіі фарсайта”.

— Рэальнасць сучаснага жыцця патрабуе змяненняў у адукацыйнай практыцы, якая склалася, — адзначае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Рыжкова. — Важна даць навучэнцам базісныя веды па псіхалогіі асобы, метадах пазнання сябе і сфарміраваць кампетэнцыі, якія дазво­ляць бесперапынна на працягу ўсяго жыцця атрымліваць дадатковую адукацыю, удасканальваць, развіваць атрыманыя кампетэнцыі і набываць новыя.

Навізна інавацыйнага праекта заключаецца ў стварэнні ўмоў для авалодання навучэнцамі ўменнямі эфектыўна дзейнічаць у розных жыццёвых сітуацыях, самастойна ставіць мэты, вызначаць сродкі, ацэньваць вынік і прадбачыць сваю будучыню, выкарыстоўваючы сучасныя метады стратэгіі фарсайта.

Удзельнікі інавацыйнага праекта апрабоўваюць і ўкараняюць у адукацыйны пра­цэс метады стратэгіі фарсайта, у ліку якіх марфалагічны аналіз, дарожная карта, мазгавы штурм, распрацоўка сцэнарыяў, метад імітацыйнага мадэлявання, метад выпрацоўкі ідэй “Канферэнцыя”, стварэнне буктрэйлераў. Так, дарожная карта — гэта спосаб візуалізацыі, магчымасць графічна прадставіць ідэі, канцэпцыі, інфармацыю ў выглядзе карты, якая складаецца з ключавых і другарадных тэм. Гэта інструмент для структуравання ідэі, планавання свайго часу, запамінання вялікіх аб’ёмаў інфармацыі. Метад мазгавога штурму прадугледжвае калектыўнае накідванне ідэй па пэўнай тэматыцы. Метад уключае два этапы: этап вылучэння (генерацыі) ідэй і этап аналізу вылучаных ідэй.

— Метады стратэгіі фарсайта ўключаюцца ў арганізацыю выхаваўчай работы школы. Мадэль самаадукацыі разлічана на пашырэнне меж школьнай сацыякультурнай прасторы і прадугледжвае не толькі вучэбныя заняткі, унутраныя, агульнашкольныя традыцыйныя мерапрыемствы (конкурс маладзёжных атрадаў “Каманда мары”), але і мерапрыемствы сістэмы дадатковай адукацыі (раённую гульню “Мя­жа”, конкурс па інтэлектуальных гульнях “Брэйн-рынг”, ваен­на-спартыўную гульню “Арляня”, края­знаўчую віктарыну, прававы турнір, фестываль школьнага спорту і інш.), якія спрыяюць самаадукацыі і прафілізацыі навучэнцаў, — тлумачыць Наталля Ула­дзіміраўна.

Пра выніковасць работы, якая праводзіцца, сведчыць павышэнне ўзроўню самаразвіцця навучэнцаў, іх сацыяльнай актыўнасці ў сістэме школьнага самакіравання, удзелу ў мерапрыемствах, станоўчая ды­наміка ў выбары кірунку далейшага навучання.

Даведка 

У 1-й асіповіцкай школе 1080 навучэнцаў. Па-ранейшаму яна застаецца самай вялікай па колькасці дзяцей у горадзе і раёне. Ва ўстанове адукацыі працуюць 85 педагогаў, з іх 1 настаўнік-метадыст, больш за 80% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Педагогі будуюць работу з улікам індывідуальных асаблівасцей вучняў, прымяняюць інавацыйныя адукацыйныя методыкі і тэхналогіі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА