Бюджэт падтрыманы, але з заўвагамі

- 8:42Інфармацыйная гадзіна

Падліковая палата Расіі падтрымала праект бюджэту Саюзнай дзяржавы (СД) на 2017 год, выказаўшы разам з тым шэраг заўваг па дакуменце, паведамілі ў прэс-службе палаты.

Калегія Падліковай палаты пад старшынствам Таццяны Голікавай разгледзела заключэнне на праект бюджэту Саюзнай дзяржавы на 2017 год, падрыхтаванае сумесна з Камітэтам дзяржаўнага кантролю Беларусі.

Як было адзначана, праект бюджэту Саюзнай дзяржавы на 2017 год быў сфарміраваны з улікам новапрынятых нарматыўных прававых актаў, у тым ліку парадку фарміравання і выканання бюджэту. Праведзены аналіз паказаў, што, як і ў папярэднія гады, праект бюджэту на 2017 год сфарміраваны ў адсутнасць прагнозу далейшага развіцця інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве. Аналіз асноўных прыярытэтаў бюджэтна-фінансавай палітыкі СД на 2017 год сведчыць, што дакумент патрабуе дапрацоўкі, паколькі не ўлічвае павышэння эфектыўнасці кіравання запазычанасцю перад Саюзнай дзяржавай па прадастаўленых бюджэтных крэдытах, выкарыстання астаткаў мінулых гадоў і распараджэння маёмасцю, створанай і набытай у выніку рэалізацыі праграм і мерапрыемстваў Саюзнай дзяржавы.

У адпаведнасці з праектам, даходная частка саюзнага бюджэту прагназуецца ў суме 6,7 млрд расійскіх рублёў, павялічыўшыся на 1,8 млрд расійскіх рублёў. Пры гэтым расходная частка не змянілася і, як і ў папярэднія тры гады, запланавана на ўзроўні 4,9 млрд расійскіх рублёў. Таксама адзначалася, што рост даходаў абумоўлены наяўнасцю нявыкарыстаных астаткаў мінулых гадоў, якія пераходзяць з году ў год і склалі ў праекце бюджэту на 2017 год прафіцыт у памеры 1,8 млрд расійскіх рублёў, або 27,4 працэнта даходнай часткі. Асноўную долю ў фарміраванні даходнай часткі саюзнага бюджэту, як і ў папярэднія гады, займаюць бязвыплатныя пералічэнні дзяржаў-удзельніц у бюджэт Саюзнай дзяржавы, памер якіх застаецца нязменным з 2009 года (4,9 млрд расійскіх рублёў).

Аналіз праекта даходнай часткі бюджэту выявіў адсутнасць планавых паказчыкаў па асобных відах даходаў і недастатковы ўзровень планавання даходаў ад маёмасці, якая знаходзіцца ва ўласнасці Саюзнай дзяржавы, або ад дзейнасці дзяржаўных арганізацый. У прыватнасці, практычна не прагназуюцца непадатковыя даходы. Больш за тое, іх прагноз не вызначаны нават на ўзроўні выканання мінулых гадоў. “Названыя недахопы абумоўлены адсутнасцю нарматыўнага дакумента Саюзнай дзяржавы, які вызначае парадак (методыку) планавання даходаў у разрэзе крыніц іх паступлення, а таксама прававой неўрэгуляванасцю пытанняў уласнасці Саюзнай дзяржавы”, — адзначылі ў прэс-службе.

У расходнай частцы бюджэту па-ранейшаму найбольшую долю займаюць расходы на праграмы. У бюджэце 2017 года іх колькасць скарацілася да 6 з аб’ёмам фінансавання 2,1 млрд расійскіх рублёў. Пры гэтым значны аб’ём сродкаў (927 млн расійскіх рублёў) зарэзерваваны ў бюджэце яшчэ на 7 новых праграм, па чатырох з якіх канцэпцыі яшчэ нават не адобраны Саветам Міністраў Саюзнай дзяржавы і знаходзяцца на этапе ўзгаднення. “З вялікай доляй верагоднасці можна сказаць, што гэтыя сродкі не будуць запатрабаваны і так і застануцца ў бюджэце”, — лічаць у Падліковай палаце.

Недастаткова абгрунтаваны, на думку кантрольна-падліковых органаў, прадугледжаныя ў праекце бюджэту расходы на ўтрыманне органаў Саюзнай дзяржавы ў суме 629,6 млн расійскіх рублёў. “Нарматывы затрат не зацверджаны, каэфіцыент, які прымяняецца для індэксацыі зарплаты, завышаны”, — канстатавалі ў Падліковай палаце.

“Па выніках абмеркавання калегія прыняла рашэнне падтрымаць зацвярджэнне праекта бюджэту Саюзнай дзяржавы на 2017 год з улікам выказаных заўваг”, — паведамілі ў прэс-службе.

Праект бюджэту Саюзнай дзяржавы на 2017 год быў прыняты 26 снежня на сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.