Чакаем наваселля

- 9:15Дадатковая адукацыя

Нарэшце ў гэтай глядацкай зале шум перфаратараў змяніўся музыкай, замест старых крэслаў усталяваны рады новенькіх, абсталяванне ўжо распакавана, заняў сваё месца на сцэне вялізны экран, начышчаны да бляску шкляныя сцены новай рэжысёрскай будкі… Вось-­вось Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі збярэ сваіх юных сяброў на наваселле.

У Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ў Мінску два будынкі: адзін корпус знаходзіцца на вуліцы Кірава, другі — на Фабрыцыуса. Да рамонту тут ладзіліся розныя мерапрыемствы для дзяцей і моладзі: конкурсы і фестывалі, інтэлектуальныя гульні для школьнікаў і студэнтаў, школьная і студэнцкая лігі КВЗ. Тут жа сустракаліся і абмяркоўвалі свае планы маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця.

Пракантраляваць змяненні апошняга дня завітала і дырэктар цэнтра Надзея Васільчанка. Ацаніўшы на выдатна пастаўлены гук з розных кропак глядацкай залы, яна адзначыла:

“Мы амаль завяршылі капітальны рамонт, і ўжо ў снежні гэты корпус расчыніць свае дзверы. Ён мае культурна-відовішчнае прызначэнне, і таму галоўнае ў ім — канцэртная зала, дзе будуць адбывацца розныя святочныя мерапрыемствы для дзяцей і моладзі. У гэтай зале будуць праходзіць і спектаклі, канцэрты, і інтэлектуальныя турніры, гульні КВЗ, і інш. Тут выдатны якасны гук і прафесіянальнае святло, экраны, цікавае адзенне сцэны, з’явілася і рэжысёрская будка. Іншымі словамі, створаны ўсе умовы і для артыста, і для гледача. Таму я ўпэўнена, што наша новая зала прыйдзецца даспадобы моладзі. У новай зале — 417 месцаў, і таму для правядзення рэспубліканскіх мерапрыемстваў цяпер ёсць большыя магчымасці. У сукупнасці з тэхнічнымі магчымасцямі самага сучаснага абсталявання гэта многае мяняе. Таму частка буйных мерапрыемстваў з пляцоўкі на Кірава перанясецца менавіта сюды”.

У абноўленым фае таксама амаль усё адрамантавана, расстаўлена мэбля, надаюць камернасць новыя жалюзі. Ужо чакае дэкаратараў і навагодняя ёлка. Хутка яна будзе ўпрыгожана і збярэ вакол сябе самых юных гледачоў. Падрыхтоўка да зімовых свят у разгары.

“У фае можна будзе право­дзіць і дыскатэкі — тут выдатная акустыка. А сучаснае асвятленне дазволіць праводзіць тут паказы моды, забаўляльныя праграмы, шоу і многае іншае”, — дзеліцца планамі кіраўнік установы.

Працягвае экскурсію па другім паверсе Дзмітрый Туронак, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце: “Тут у нас маладзёжнае кафэ, вялікая і малая канферэнцзалы, тры грымёрныя. Спадзяюся, што гэты корпус збярэ яшчэ больш моладзі. Для нас гэта галоўнае. Мы хочам, каб маладыя людзі самі станавіліся ініцыятарамі ўласных праектаў і мерапрыемстваў, а будынак быў бы толькі пляцоўкай для іх рэалізацыі. Вось, напрыклад, адным з выдатных праектаў стаў Рэспубліканскі дзіцячы маладёжны парламент. Самі старшыні гарадоў, дружалюбных дзецям і падлеткам, захацелі арганізаваць сустрэчы. Пакуль мы паспелі толькі распрацаваць палажэнне, стварыць камісіі і цяпер чакаем, калі ў нас зноў будзе магчымасць сабрацца, выбраць старшыню і яго намеснікаў і рухацца далей, рэалізоўваючы маладзёжныя праекты і ў раёнах, і ў гарадах, а ў маштабах краіны — якраз тут”.

Святлана НІКІФАРАВА.