Памяць аб сваіх каранях і павага да культуры роднай краіны ператвараюць групу людзей у нацыю, заявіў Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з калектывам Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Асноўная тэма размовы была прысвечана Году культуры ў Беларусі. “Я не прытрымліваюся пазіцыі касмапаліта, такога “перакаці-поля”. Чалавек павінен мець і памятаць свае карані, сваю культуру, мову, паважаць гэта. Тады мы — нацыя, народ, а не проста група людзей. Дзякуючы падтрымцы кіраўніка дзяржавы, удалося захаваць і развіць асноўныя дасягненні ў сферы культуры”, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч.
Гаворачы аб юбілейных датах Года культуры, ён удзяліў асаблівую ўвагу 25-годдзю “Славянскага базару ў Віцебску”. “Мы прывыклі, што ён кожны год праходзіць, але гэта не местачковае мерапрыемства. Яно мае шырокі міжнародны рэзананс”, — растлумачыў Міхаіл Мясніковіч і прывёў прыклад, як у час яго нядаўняй размовы з Прэзідэнтам Туркменістана па эканамічных пытаннях той выказаў вялікае жаданне прыехаць на фестываль у Віцебск. Аналагічна трэба папулярызаваць беларускую культуру не толькі праз міжнародныя фестывалі, але і праз імёны вядомых землякоў.
Таксама кіраўнік Савета Рэспублікі праінфармаваў аб Кодэксе аб культуры, які рыхтуецца да прыняцця ў 2016 годзе, і заклікаў прысутных паўдзельнічаць у гэтым працэсе канкрэтнымі прапановамі.
На сустрэчы з калектывам Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Міхаіл Мясніковіч таксама закрануў некаторыя актуальныя пытанні сацыяльнага развіцця краіны.
“Ва ўсіх на вуснах сёння тэма ЖКГ. Тарыфы зацвярджаюцца ўрадам, і ўсе ў краіне плацяць аднолькава. Калі ёсць нейкія недахопы, то яны не ў сістэме, а ў тым, як гэта ўсё разлічваецца і выстаўляецца ў жыроўках. Усе мы, спажыўцы паслуг, павінны разумець, што ў найбліжэйшы час давядзецца аплачваць 100 працэнтаў кошту гэтых паслуг. Але тут ёсць адзін нюанс — калі размова ідзе аб узроўні кампенсацыі. Расходы на аплату насельніцтвам усіх відаў жыллёва-камунальных паслуг у цэлым не павінны перавышаць пэўны парог”, — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.
Ён растлумачыў, што чакаецца выхад новага ўказа. Урад і Савет Рэспублікі падрыхтавалі ўжо неабходныя матэрыялы. “У прапановах, якія ўжо адпрацаваны, ёсць абмежаванні для маламаёмных суб’ектаў гаспадарання і дамашніх гаспадарак, — растлумачыў Міхаіл Мясніковіч. — Калі расходы на аплату ЖКП у горадзе перавышаюць 20 працэнтаў сукупнага даходу сям’і (уключаючы пенсіянераў, студэнтаў і г.д.), то ўсё, што звыш, будзе кампенсавацца за кошт бюджэту. І 15 працэнтаў — мяжа ў сельскай мясцовасці, да якой належыць і большасць райцэнтраў. Калі даводзіцца чуць у СМІ аб тым, што трэба будзе аддаваць усю зарплату або пенсію на аплату камунальных паслуг, — гэта не так. Гэта не адпавядае сацыяльнай палітыцы нашай краіны”.
Размаўляючы з калектывам ВНУ і студэнтамі, Міхаіл Мясніковіч растлумачыў існуючую сітуацыю ў эканоміцы краіны, асноўных сферах сацыяльнага жыцця. “Я падводжу вас да таго, што ў СМІ апублікаваны Указ № 78 “Аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь”. У развіццё гэтага ўказа будзе выдадзена яшчэ каля 10 дакументаў, якія рэгламентуюць тыя ці іншыя напрамкі дзейнасці. Хацеў бы, каб кожны з вас прымераў гэтыя дакументы да свайго віду дзейнасці: што можна зрабіць, каб рэзервы былі запатрабаваны, каб аптымізаваць бюджэтныя расходы, мінімізаваць неабходныя кадравыя рэсурсы і, што называецца, жыць па сродках”, — рэзюмаваў кіраўнік Савета Рэспублікі.
У час знаходжання ў Віцебскім рэгіёне ў абласным цэнтры ён наведаў медыцынскі ўніверсітэт, дзе азнаёміўся з арганізацыяй вучэбнага працэсу і навуковымі дасягненнямі, сустрэўся з выкладчыкамі і студэнтамі ВНУ, даведаўся аб першых выніках работы створанага ў рэгіёне фармацэўтычнага кластара. Таксама наведаў шэраг прадпрыемстваў рэгіёна.