“Чалавек павінен разумець, што ўлада пачула яго”

- 10:36Інфармацыйная гадзіна

Мясцовыя органы ўлады павінны больш эфектыўна выбудоўваць работу са зваротамі грамадзян і комплексна падыходзіць да вырашэння праблем людзей. Аб гэтым заявіла кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава.

Кіраўніцтва райвыканкамаў і гарвыканкамаў павінна ўсебакова падыходзіць да вырашэння праблемных пытанняў, якія ўзнікаюць у людзей. “Нягледзячы ні на асабісты час, ні на свой настрой, кіраўнікі мясцовых органаў улады павінны выслухаць чалавека і дапамагчы яму, — сказала Наталля Качанава. — Чалавек павінен разумець, што ўлада пачула яго”. Пры гэтым неабходна дакладна тлумачыць людзям алгарытм дзеянняў для вырашэння праблемных пытанняў. “Павярхоўна адносіцца да праблем людзей нельга”, — падкрэсліла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Паводле яе слоў, нямала паўторных зваротаў грамадзян. У такім выпадку чыноўнік павінен задацца пытаннем, чаму так адбываецца. “Прыходзяць людзі рознага ўзросту, рознага сацыяльнага становішча, і гэта таксама трэба ўлічваць. Тут павінна быць вытрымка, цярпенне, мудрасць, таму што ты — кіраўнік, інакш рабіць нельга”, — сказала Наталля Качанава.

Выязныя прыёмы кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта даюць добрую магчымасць ацаніць работу мясцовых органаў улады. “Там, дзе яны кампетэнтна працуюць па ўсіх напрамках, у тым ліку па зваротах грамадзян, вядома, менш нараканняў на іх работу”, — заўважыла Наталля Качанава. Паводле яе слоў, Адміністрацыя прэзідэнта трымае на кантролі ўсе звароты, у тым ліку калектыўныя і паўторныя, з якімі грамадзяне прыходзяць на прыёмы.

Наталля Качанава правяла прыём грамадзян у Старадарожскім райвыканкаме. Усяго на прыём да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта запісаліся некалькі дзясяткаў чалавек. Некаторыя прыехалі з Гомельскай, Брэсцкай і Магілёўскай абласцей, а таксама з Мінска.

Многія пытанні, з якімі звярталіся людзі, тычыліся ўрэгулявання зямельных спрэчак. “Гэтыя пытанні заўсёды складаныя, асабліва калі размова ідзе пра суседзяў або блізкіх сваякоў”, — адзначыла яна. Аднак у любой сітуацыі павінна быць спагадлівае і цярпімае стаўленне да людзей, а да разгляду спраў трэба падыходзіць прынцыпова, падкрэсліла Наталля Качанава.

Звароты таксама тычыліся работы сістэмы ЖКГ, невыканання рашэнняў суда, вядзення гандлю, развіцця бізнесу і іншых тэм.

Адным з першых да Наталлі Качанавай звярнуўся індывідуальны прадпрымальнік з Любанскага раёна, які прапанаваў больш актыўна рэалізоўваць прадукцыю дачнікаў і ўладальнікаў зямельных участкаў на ўнутраным рынку, што дасць магчымасць у тым ліку вырашаць праблему імпартазамяшчэння. Таксама было прапанавана перафармаціраваць работу Белкаапсаюза, арыентаваць яго на куплю новых відаў сыравіны. З гэтай ініцыятывай прадпрымальнік ужо звяртаўся непасрэдна да кіраўніцтва аб’яднання. Наталля Качанава падтрымала гэтую ідэю. Дзяржава зацікаўлена ў развіцці фермерскай гаспадаркі, самазанятасці і гатова ствараць для гэтага неабходныя ўмовы.

Да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта звярнуўся яшчэ ад зін жыхар Любанскага раёна з сынам з просьбай дапамагчы атрымаць ад мясцовых улад трактар у часовае карыстанне для апрацоўкі свайго ўчастка. З такой просьбай яны ўжо звярталіся ў райвыканкам, аднак атрымалі адмову. Мясцовыя чыноўнікі матывавалі сваё рашэнне тым, што зямлёй ужо даўно ніхто не займаецца і яе трэба перадаць раёну. Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта даручыла дэталёва разабрацца ў гэтай сітуацыі. Пры гэтым яна падкрэсліла, што зямля, калі яна знаходзіцца ў валоданні, не павінна прастойваць.

У час прыёму грамадзян да Наталлі Качанавай таксама звярнуўся інвалід з Вілейскага раёна, які апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, з просьбай пасадзейнічаць у пастаноўцы на чаргу маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Наталля Качанава паабяцала дапамагчы.