Творчыя заданні на ўроках геаграфіі
Геаграфія — адна з унікальных і цікавых навук. Гэта адзіны вучэбны прадмет, які вывучае прыроду і грамадства ў іх узаемадзеянні. Цяжка назваць іншы школьны прадмет, які валодаў бы такім жа шырокім, як геаграфія, дыяпазонам міжпрадметных сувязей, меў такую разнастайнасць форм і сродкаў навучання.
Аднак, маючы вялікі вопыт работы ў школе, на жаль, прыходзіцца канстатаваць той факт, што пазнавальная цікаваць да вучэбнага прадмета “Геаграфія” зніжаецца па розных аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах.
Звязана гэта перш за ўсё з тым, што апошнія дзесяцігоддзі адбываецца працэс скарачэння “ўдзельнай вагі геаграфіі” ў школе. Прадмет у вучэбным раскладзе адзін раз на тыдзень. Тое, што вывучалася на папярэднім уроку, навучэнцы часта не памятаюць на наступным. Урокам геаграфіі ўсё складаней канкурыраваць з тэлевізійнымі праграмамі і інтэрнэтам. У вучэбных дапаможніках па геаграфіі ў большасці выпадкаў матэрыял выкладзены суха і змяшчае ў сабе толькі сукупнасць навуковых звестак — фактаў, паняццяў, тэорый. Сам па сабе такі змест для навучэнцаў нейтральны, што таксама не дабаўляе цікавасці да геаграфіі.
Але галоўнае — геаграфія сёння не запатрабавана на належным узроўні. Толькі ў нямногія УВА геаграфія здаецца ў якасці ўступнага экзамену, таму выпускнікі адносяць яе да прадметаў непрыярытэтнага вывучэння.
Зацікавіць навучэнцаў становіцца ўсё цяжэй, а патрабаванні да аб’ёму ведаў па прадмеце застаюцца высокімі. Неабходна знайсці такі спосаб, які забяспечыў бы эфектыўнае выкарыстанне вучэбнага часу, плённую работу на ўроку і, як вынік, веды па прадмеце. Адным з такіх спосабаў з’яўляецца выкарыстанне творчых заданняў на розных этапах вучэбных заняткаў.
Універсальнасць творчых заданняў у тым, што яны з’яўляюцца неад’емнай часткай многіх педагагічных тэхналогій: тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, праблемнага і праектнага навучання, французскіх майстэрняў і інш. — і з поспехам выкарыстоўваюцца на розных этапах вучэбных заняткаў.
Часта поспех урока вызначаецца стартавым заданнем. Для актывізацыі навучэнцаў і выклікання цікавасці да тэмы ўрока можна выкарыстоўваць праблемныя пытанні і задачы ТРВЗ.
Задачы ТРВЗ
- У Міжземным моры ў пачатку ХVІІІстагоддзя ўзнік востраў. Італьянцы назвалі яго Юлія, англічане — Грэхэм, іспанцы — Фернандэс. Пакуль паміж дзяржавамі ішла спрэчка пра яго прыналежнасць, востраў знік. Чаму?
Адказ. Востраў быў вулканічнага паходжання.
- Чарапахі, якія жывуць у Ціхім акіяне, харчуюцца медузамі. І раптам папуляцыя чарапах пачала рэзка скарачацца. Колькасць медуз засталася ранейшай, але чарапахі няспынна паміралі. Чаму гэта адбывалася і як спыніць гэты працэс?
Адказ. Чарапахі елі поліэтыленавыя пакеты, якія нагадвалі ім медуз, і гінулі.
На этапах тлумачэння і замацавання матэрыялу прымяняю даследчыя, прагнастычныя і лагічныя задачы.
Даследчая задача
Па ацэнках вучоных, ля берагоў Антарктыды адначасова плавае больш за сто тысяч айсбергаў. Айсбергі Антарктыды жывуць даўжэй, чым грэнландскія: антарктычныя — 6—12 гадоў, грэнландскія — 3—4 гады. Што з’яўляецца прычынай даўгалецця антарктычных айсбергаў?
Прагнастычная задача
Спрагназуйце змяненні ў прыродзе Паўднёвай Амерыкі, якія адбыліся б, калі б Анды размяшчаліся ўздоўж усходняга ўзбярэжжа мацерыка?
Лагічная задача
Недалёка да сталіцы гэтай краіны ўзвышаецца манумент, пастаўлены ў гонар геаграфічнай шыраты, якая дала імя ўсёй краіне. Назавіце краіну.
Асаблівае месца ў структуры маіх урокаў займаюць творчыя заданні, якія заснаваны на практычнай пазнавальнай дзейнасці: намаляваць, запоўніць табліцу, распрацаваць, скласці і інш. На ўрок прыходзяць навучэнцы, якія маюць розны ўзровень падрыхтаванасці і розныя творчыя здольнасці. Аднак і тыя і другія з задавальненнем выконваюць у рабочым сшытку геаграфічныя малюнкі. Каштоўнасць малюнка ў тым, што ён ствараецца самім навучэнцам і развівае ўяўленне, назіральнасць, лагічную паслядоўнасць мыслення. Выкананне геаграфічных малюнкаў навучэнцамі можа несці рознае мэтавае прызначэнне: тлумачальнае (паказ геаграфічнай з’явы ў дынаміцы), ілюстрацыйнае (дапаўненне і дэталізацыя малюнкаў з падручніка) і кантрольнае (для праверкі ведаў), і ў кожным з іх прысутнічае элемент творчасці.
На працягу некалькіх гадоў я практыкую на ўроках складанне картасхем. Стварэнне картасхемы — складаны творчы працэс. Падрыхтоўку да выканання гэтага віду задання навучэнцы пачынаюць з 9 класа пры вывучэнні краін Еўропы. У 10 класе практычна ўсе ўжо валодаюць пэўнымі навыкамі афармлення картасхем. На першым уроку можна прапанаваць падрыхтаваць кожнаму навучэнцу шаблон контураў тэрыторыі Беларусі, які будзе служыць асновай для складання картасхем па тэме “Прыродныя ўмовы і рэсурсы Беларусі”. Памер шаблона, віды ўмоўных знакаў, спосабы перадачы інфармацыі навучэнцы выбіраюць самастойна. Для дзесяцікласнікаў картасхемы з’яўляюцца складовай часткай апорных канспектаў, а для настаўніка — наглядным сродкам навучання і сродкам кантролю за ўзроўнем засваення ведаў.
Творчы падыход да канспектавання заключаецца ў тым, што, захоўваючы агульныя патрабаванні да пабудовы тыпавых апорных канспектаў, навучэнцы могуць дапаўняць іх сваімі малюнкамі, схемамі, сімваламі і г.д. пры ўмове, што яны чытаюцца.
Сістэматычнае выкананне творчых заданняў па складанні картасхем і канспекта дазваляе навучэнцам аналізаваць матэрыял, вылучаць галоўнае і ў сціслым выглядзе перадаваць інфармацыю.
Сёння цяжка ўявіць адукацыйны працэс без выкарыстання інфармацыйных тэхналогій. Практыка паказвае, што сучаснаму навучэнцу значна прасцей ствараць з дапамогай камп’ютара. Мультымедыйныя прэзентацыі, візітоўкі краін і мацерыкоў, буклеты — гэта толькі невялікі пералік творчых заданняў, якія выконваюць навучэнцы на вучэбных занятках. У 6—11 класах мной вызначаны заняткі, якія традыцыйна праходзяць у кабінеце інфарматыкі. Напрыклад, у 10 класе пры вывучэнні тэм “Прыродаахоўныя тэрыторыі” і “Рэкрэацыйныя рэсурсы” навучэнцы аб’ядноўваюцца ў турыстычныя агенцтвы і распрацоўваюць маршруты па тэрыторыі Беларусі. Вынік сваёй работы афармляюць на камп’ютары ў выглядзе прэзентацыі або буклета.
З дапамогай творчых заданняў можна паспяхова ажыццяўляць кантроль і рэфлексію ведаў навучэнцаў. Добрым творчым і адначасова кантралюючым эфектам валодае работа навучэнцаў па рэдагаванні геаграфічных тэкстаў. Пры вывучэнні пачатковага курса геаграфіі для навучэнцаў вельмі важна запамінанне ключавых тэрмінаў і паняццяў, таму на ўроках даю ім магчымасць праверыць веды пры дапамозе нязвязаных сказаў.
Заданне для 6—7 класаў. Нязвязаныя сказы.
Мерыдыян — умоўна, ад аднаго полюса да другога, лінія праведзеная, на паверхні Зямлі. Па іх, поўнач знаходзіцца, поўдзень дзе, вызначаюць. Нулявы мерыдыян, у Лондане, праходзіць, або пачатковы, праз Грынвіцкую абсерваторыю.
Навучэнцы 8 і 9 класаў паспяхова спраўляюцца з заданнем знайсці і выправіць памылкі ў тэксце (злавіць “белую варону”).
Заданне для 8—9 класаў. Знайсці і выправіць памылкі ў тэксце.
Аповед бывалага марака: “Па небе плылі белыя, лёгкія кучавыя воблакі, але раптам паліў моцны дождж. Велічэзная хваля цунамі то падымала нас, то кідала ў бездань. Хутка мора супакоілася. Наш вахтавы паведаміў, што карабель ідзе па сваім курсе, набліжаючыся да Антарктыды. Уначы яркая Палярная зорка была арыенцірам. Убачыўшы востраў-вулкан, мы вырашылі выйсці на бераг і набраць крыху прэснай вады, але не паспелі зрабіць некалькі крокаў, як убачылі белага мядзведзя. Высадзіўшыся ў іншым месцы, мы накіраваліся да вечназялёнага лесу, у якім знайшлі крыніцу і набралі прэснай вады. Далёка на гарызонце бачыліся зялёна-блакітныя горы Антарктыды”.
Навучэнцам больш дарослым прапануецца праверыць інфармацыю, выкладзеную ў заданні, і абвергнуць або пацвердзіць яе дакладнасць.
Заданне для 10—11 класаў. Абвергніце або пацвердзіце інфармацыю, выкладзеную ў тэксце.
З даклада ААН па змяненні клімату. “Да 2100 года на Паўночным полюсе летам не застанецца лёду, а Грэнландыя будзе ўсё хутчэй раставаць. Паверхня Сусветнага акіяна павялічыцца. Узбярэжжа Міжземнага мора з-за нясцерпнай спёкі, якая стаіць летам, пазбавіцца людзей, а Альпы — леднікоў і снегу. Аграрная вытворчасць будзе пад пагрозай, паколькі ў рэгіёнах Афрыкі і Паўднёвай Азіі будзе панаваць страшэнная засуха. Сітуацыя з водазабеспячэннем у свеце будзе блізкай да катастрафічнай. Як вы лічыце, ці адбудзецца глабальная экалагічная катастрофа?”
Для лагічнага і яркага заканчэння ўрокаў мэтазгодна выкарыстоўваць сінквейн. Напісанне сінквейна з’яўляецца формай свабоднай творчасці, якая патрабуе ад навучэнца ўмення знаходзіць у інфармацыйным матэрыяле найбольш істотныя элементы, рабіць высновы і сцісла іх фармуляваць.
Адна з найважнейшых умоў павышэння цікавасці да прадмета — работа навучэнца над дамашнім заданнем. Дамашнія заданні можна падзяліць на чатыры групы: літаратурныя (геаграфічныя казкі і апавяданні, пісьмы з падарожжа, эсэ), мастацкія (малюнкі, аплікацыі, візітоўкі-калажы), інтэлектуальныя (загадкі, цікавыя і займальныя пытанні, крыжаванкі) і мультымедыйныя (прэзентацыі, буклеты, відэаролікі).
Вядомы італьянскі казачнік Джані Радары пісаў: “Каб навучыцца думаць, трэба спачатку навучыцца прыдумваць”. Выкананне літаратурных творчых заданняў выклікае жывую цікавасць да прадмета, дапамагае навучэнцам думаць, разважаць, усвядомлена, без асаблівага напружання, запамінаць інфармацыю.
Мастацкія заданні з задавальненнем выконваюць навучэнцы 6—8 класаў. Навучэнцы 7-х класаў малююць воблакі і розныя метэаралагічныя з’явы, васьмікласнікі прыносяць малюнкі жывёл і раслін, любяць складаць калажы-візітоўкі асобных мацерыкоў і акіянаў.
Дамашнія заданні творчага характару дапамагаюць “ажывіць” урокі, замацаваць веды, раскрываць творчыя здольнасці навучэнцаў, зацікавіць геаграфіяй.
Пры выкарыстанні творчых заданняў у навучанні геаграфіі мной распрацаваны дакладныя крытэрыі ацэньвання кожнага задання.
Крытэрыі ацэнкі творчых канспектаў
- Паўната выкарыстання вучэбнага матэрыялу.
- Мінімум тэкставых уставак (выкарыстанне апорных сказаў).
- Аб’ём ТК (для 8—11 класаў максімум дзве старонкі).
- Логіка выкладання (наяўнасць схем, табліц, сэнсавыя сувязі).
- Нагляднасць (наяўнасць малюнкаў, сімвалаў, чытальнасць, эстэтычнасць афармлення).
- Пісьменнасць (тэрміналогія, арфаграфія).
- Самастойнасць складання.
Крытэрыі ацэнкі геаграфічнага эсэ
- Наяўнасць правільнага разгорнутага адказу па гэтай тэме.
- Валоданне геаграфічнымі паняццямі і тэрмінамі.
- Логіка пабудовы адказу.
- Прывядзенне аргументаў, цытат, выкарыстанне прыкладаў, у тым ліку з асабістага вопыту.
- Уменне самастойна мысліць, аналізаваць інфармацыю, рабіць высновы.
- Выказванне свайго пункту гледжання, асабістага меркавання.
Крытэрыі ацэнкі кантрольнага геаграфічнага малюнка
- Паўната выкарыстання вучэбнага матэрыялу.
- Валоданне геаграфічнымі паняццямі і тэрмінамі.
- Нагляднасць (чытальнасць і эстэтычнасць).
- Самастойнасць выканання.
З упэўненасцю можна сказаць, што прымяненне творчых заданняў пашырае гарызонты прадметнага навучання, з’яўляецца дадатковым стымулам да больш стараннага вывучэння матэрыялу і развіцця цікавасці да прадмета, пашырае кругагляд, спрыяе самаразвіццю асобы, стварае атмасферу творчага супрацоўніцтва паміж настаўнікам і навучэнцамі.
Практыка паказвае, што эпізадычнае выкарыстанне творчых заданняў малаэфектыўнае. Яно можа выклікаць цікавасць толькі да канкрэтнай тэмы або ўрока. У фарміраванні пазнавальнай цікавасці да прадмета вылучаю тры прыступкі: дапытлівасць (сітуацыйная цікавасць), цікаўнасць (няўстойлівая цікавасць), устойлівая пазнавальная цікавасць. Толькі сістэматычнае выкарыстанне творчых заданняў на працягу ўсяго курса навучання геаграфіі дае магчымасць навучэнцу прайсці ўсе тры прыступкі і абавязкова прывядзе яго да фарміравання ўстойлівай цікавасці да прадмета.
Аксана БОРЫС,
настаўніца геаграфіі сярэдняй школы № 5
Навагрудка Гродзенскай вобласці.