Чаму Брэсцкі гандлёва-тэхналагічны каледж асабліва прывабны для навучэнцаў?

- 9:00Абитуриент, Главная, Образование

Як і дзе ў Брэсце рыхтуюць кандытараў, кухараў і прадаўцоў? Што спрыяе іх станаўленню і ў чым сакрэт падрыхтоўкі пераможцаў конкурсаў прафмайстэрства? Даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Адпавядаць статусу

Брэсцкі дзяржаўны гандлёва-тэхналагічны каледж — адна з вядучых навучальных устаноў рэгіёна па падрыхтоўцы спецыялістаў для сферы гандлю і грамадскага харчавання. Каледж мае высокі статус на рынку адукацыйных паслуг і вельмі прывабны для навучэнцаў.

У каледжы працуе творчы калектыў педагогаў і майстроў вытворчага навучання з вялікім вопытам работы і высокай кваліфікацыяй. Яны імкнуцца даваць трывалыя і глыбокія веды навучэнцам і выхоўваць прафесійных спецыялістаў. Навучанне праводзіцца за кошт сродкаў бюджэту на аснове агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі, прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Сёння сярод галоўных задач каледжа — пастаяннае ўдасканаленне стратэгіі яго развіцця, асваенне і ўкараненне інавацыйнага зместу і эфектыўных тэхналогій адукацыі. Праўда, іх яшчэ паставіў былы дырэктар установы А.М.Шлепакоў, які прысвяціў педагогіцы каля пяці дзясяткаў гадоў свайго жыцця. Многія з яго вучняў зараз шчыруюць поруч з ім на адукацыйнай ніве.

— Я вельмі ганаруся нашым калектывам! Мы не здраджвалі сабе, і профіль нашай навучальнай установы застаўся ранейшым. Цяпер 90% калектыву — нашы выпускнікі, якія сталі выкладчыкамі, майстрамі, кіраўнікамі аддзяленняў. Выдатна, калі майстар, ён жа выкладчык, сам прайшоў усе прыступкі і дакладна ведае, як усё рабіць сваімі рукамі, разумее тэхналогію вытворчасці, — падкрэсліў Анатоль Міхайлавіч.

Зараз ён узначальвае вучэбна-кансультацыйны цэнтр па спецыяльнасці “Гандлёвая справа”.

— Задума стварыць яго была даўно, мне вельмі хацелася для “Гандлёвай справы” зрабіць нешта адметнае. Калі дырэктарам каледжа стаў Генадзь Іосіфавіч Барысюк, то ён падтрымаў гэтую ідэю і мы зрабілі вось такі цэнтр. У планах — арганізаваць у ім дадатковую адукацыю дарослых. Бо там паказаны ўвесь аўтаматызаваны працэс тэхналогіі гандлю — пачынаючы ад паступлення тавару, яго афармлення, фасоўкі і да выкладкі, рэалізацыі. Хоць сёння і кажуць, што прафесія прадаўца і гандлёвага работніка пакрыху памірае, я не згодны з гэтым. Ніякі робат не заменіць жывога чалавека, з якім можна пракансультавацца і абгаварыць пытанні па тавары, — перакананы А.М.Шлепакоў.

Па яго словах, Брэсцкі гандлёва-тэхналагічны каледж мае добрую вучэбна-матэрыяльную базу, таму што ён актыўна развіваўся ўсе апошнія гады. Былі адкрыты новыя карпусы, адрамантаваны спартыўныя залы, інтэрнат і вучэбныя класы.

Зараз БДГТК чакае паступаючых на ўзровень прафтэхадукацыі. Ад будучых прадаўцоў, кандытараў, афіцыянтаў і барменаў паступіла ўжо каля 50 заяў. Усяго ж сёлета каледж плануе набраць на ПТА 213 навучэнцаў.

З 20 ліпеня каледж запрашае да сябе і жадаючых атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю па кваліфікацыях “кухар”, “прадавец”, “таваразнавец”, “тэхнік-тэхнолаг” і “майстар вытворчага навучання”. Іх план набору складае 169 месцаў.

Стаць канкурэнтаздольнымі

Сёння ў гандлёва-тэхналагічным каледжы атрымліваюць прафесію больш як тысяча юнакоў і дзяўчат. Выпускнікі кале­джа запатрабаваны на сучасным рынку працы. Арганізацыі і прадпрыемствы вобласці з ахвотай бяруць на работу таваразнаўцаў, прадаўцоў, тэхнікаў-тэхнолагаў, кухараў, кантралёраў-касіраў, кандытараў, афіцыянтаў і барменаў, а яшчэ апрацоўшчыкаў рыбы і морапрадуктаў. Работадаўцы дакладна ведаюць, што такія спецыялісты выдатна справяцца з любой складанай вытворчай сітуацыяй. Каледж цесна супрацоўнічае з базавымі прадпрыемствамі ААТ “Прадтавары” і СП “Санта Імпэкс Брэст”.

Паспяхова вырашаць адукацыйныя задачы дазваляе вучэбна-вытворчая майстэрня “Кафэ “Крыніца”, дзе навучэнцы адпрацоўваюць уменні і навыкі будучай прафесіі, і цэнтр кампетэнцый тэхналогій у сферы грамадскага харчавання. На базе цэнтра займаюцца будучыя кухары, стажыруюцца педагогі профільных УПТА і УССА вобласці, павышаюць кваліфікацыю і праходзяць прафесійную падрыхтоўку і перападрыхтоўку рабочыя (служачыя).

— Наш цэнтр быў створаны ў 2013 го­дзе. Ён арыентаваны на спецыяльнасці грамадскага харчавання, а менавіта на кухараў і кандытараў. Навучэнцы з радасцю прахо­дзяць навучанне на нашым сучасным высокатэхналагічным абсталяванні. А потым, вярнуўшыся на вытворчасць, пачынаюць вучыць старэйшых калег, як працаваць на ім, — адзначыла загадчыца цэнтра Аксана Іванаўна Трацюк, якая працуе ў каледжы больш за 13 гадоў, а ўзначальвае цэнтр апошнія тры.

У цэнтры кампетэнцый БДГТК можна атрымаць рэкамендацыі і прайсці навучанне або стажыроўку прадстаўнікам розных кліенцкіх груп, а таксама павысіць кваліфікацыі па прафесіях кухара і кандытара.

— А яшчэ нам вельмі хочацца ад­крыць аднадзённыя курсы для незанятага і зацікаўленага насельніцтва па стварэнні, напрыклад, бісквітнага ці дражджавога цеста, пернікаў і іх расфарбоўцы, вырабе ручнога шакаладу, карвінгу, упрыгожванні страў. У нас ёсць майстры і ёсць веды, якімі мы хочам і можам падзяліцца, — дадала Аксана Іванаўна.

Яна пераканана, што гарантыя якасці іх курсаў — высокае майстэрства педагогаў і майстроў вытворчага навучання. Да таго ж цэнтр кампетэнцый мае вучэбныя класы і дзве лабараторыі па кулінарным і кандытарскім мастацтвах.

— Усе яны маюць сучаснае абсталяванне. За год на навучанне да нас прыязджае 11 устаноў вобласці, перападрыхтоўку праходзяць каля 600 чалавек, і гэта без уліку тых, хто павышае кваліфікацыю. У нас стапрацэнтная загрузка, таму, на жаль, больш жадаючых мы пакуль не можам прыняць на навучанне. Зараз самая запатрабаваная прафесія — кухар, бо рэгулярна адкрываюцца новыя рэстараны, якія нацэлены на якасць сваёй прадукцыі і зацікаўлены ў высокакваліфікаваных спецыялістах, — расказала А.І.Трацюк.

Заўсёды першыя

Навучэнцы БДГТК рэгулярна займаюць прызавыя месцы ў спаборніцтвах прафмайстэрства.

Выхаванцы Брэсцкага гандлёва-тэхналагічнага кале­джа — прызёры і пераможцы абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў прафесійнага майстэрства, а выкладчыкі — актыўныя ўдзельнікі педагагічных форумаў, кірмашоў і навуковых канферэнцый. Дарэчы, і цэнтр кампетэнцый каледжа дапамагае ў падрыхтоўцы ўдзельнікаў такіх спаборніцтваў.

Напрыканцы мая ў Бярозе на абласным фестывалі-конкурсе прафмайстэрства сярод вучняў, студэнтаў і маладых рабочых (у рамках рэспубліканскага конкурсу ProfSkills) навучэнцы каледжа занялі два 1-х і адно 2-е
месцы.

Пераможцай у кампетэнцыі “Кулінарнае мастацтва” стала будучы кухар і трэцякурсніца Вольга Аўсяннікава:

— Мне трэба было згатаваць тры стравы: салат, гарачае з курыцы і пюрэ маркоўнае з апельсінавым сокам, пюрэ з квяцістай капусты ў малацэ і кракеты — бульбяное пюрэ з сырам, а яшчэ дэсерт з двух мусаў — ванільнага і малінавага, марожанага і жэлеек у выглядзе маліны.

Першае месца ў кампетэнцыі “Рэстаранны сэрвіс” заняла Віта Зарэцкая, навучэнка 1 курса спецыяльнасці “Афіцыянт. Бармен”.

— Я паступіла ў каледж пасля 11 класаў, бо заўсёды прываблівала прафесія афіцыянта і хацелася бліжэй азнаёміцца з ёй, спа­знаць усе нюансы сервіровак стала і правілы абслугоўвання гасцей. Да таго ж і старэйшы брат вучыўся ў гэтым каледжы і расказваў, як тут добра, — узгадала дзяўчына.

А вось у кампетэнцыі “Кандытарскае мастацтва” сярэбраным прызёрам аказаўся Андрэй Ду­дзінскі — першакурснік спе­цыяль­насці “Кандытар і кухар”.

— На конкурсе я гатаваў два тарты, вагой 1 кг і больш за 1 кг, а таксама зефір з міндалем. ­Стаць кандытарам складана, не ўсё атрымліваецца адразу, але нельга апускаць рукі. Трэба памятаць, што сакрэт кандытарскага мастацтва — у дэталях і нюансах. Спасцігнуць іх можна пры дапамозе не толькі вучобы, але і трэніровак — неабходна пастаянна гатаваць самому, што я і раблю дома ў бацькоў, — расказаў юнак.

Між іншым ён доўга сумняваўся ў выбары прафесіі, нават скончыў Пінскі машына-будаўнічы каледж і адслужыў у арміі, і толькі потым паступіў у Брэсцкі гандлёва­-тэхналагічны каледж.

— Я пастаянна штосьці выпякаў разам са старэйшымі сёстрамі, але чамусьці не адразу пайшоў вучыцца на кандытара. Цяпер ужо магу сам вырабляць ад пячэння да шмат’ярусных тартоў. Самы папулярны ў пакупнікоў торт — шакаладны бісквіт з вішняй. Яго я звычайна ўпрыгожваю пластычным ядомым шакаладам, з якога можна рабіць розныя фігуры. Гатую выключна з натуральных прадуктаў. А вось самы складаны торт пакуль што для мяне — мусавы, — прызнаўся ­А.Дудзінскі. — Адна з маіх мар — паўдзельнічаць у рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства ProfSkills, які запланаваны на 2025 год. Але мне хутка споўніцца 21, а ўдзельнікам гэтага конкурсу павінна быць не больш за 21, магчыма, не ўдасца ажыцця­віць сваю мару. У будучыні хацеў бы працаваць у рэстаране і прадстаўляць там свае дэсерты.

Хутка 75!

У наступным годзе 5 мая Брэсцкі дзяржаўны гандлёва-тэхналагічны каледж адзна­чыць 75-гадовы юбілей. За час свайго існавання ўстанова двойчы заносілася на рэспубліканскую Дошку гонару і неаднаразова — на абласную. Планаў у сённяшняга дырэктара ­Г.І.Барысюка мноства. Сярод іх — прадоўжыць удасканальваць вучэбна-матэрыяльную базу, развіваць запатрабаваныя спецыяльнасці, цесна супрацоўнічаць з заказчыкамі кадраў, абавязкова заваёўваць першыя месцы на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах прафмайстэрства. Можна не сумнявацца, што ўсё гэта рэалізуецца, бо яго памочнікі — актыўныя і неабыякавыя педагогі, майстры вытворчага навучання і навучэнцы.

— Каледж у надзейных руках. Генадзь Іосіфавіч Барысюк — творчы і ініцыятыўны, хварэе душой за каледж. У нас стала больш першых месцаў на розных конкурсах, што сведчыць аб высокім узроўні пад­рыхтоўкі навучэнцаў і іх майстроў. Прыемна, што новы кіраўнік падтрымлівае педкалектыў, стымулюе яго, каб педагогі і іх вучні паказвалі добры вынік. Гэта дарагога варта, — падсумаваў А.М.Шлепакоў.

 Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара