Чаму чэрвеньскі «Дазор» стаў адным з самых вядомых патрыятычных аб’яднанняў на Міншчыне

- 11:05Главная, Образование

Патрыятычны клуб “Дазор” дзейнічае ў сярэдняй школе № 3 Чэрвеня. Гэта першы ў краіне клуб пагранічнага кірунку. Год назад, калі ён пачаў працаваць, ніхто і падумаць не мог, што “Дазор” стане адным з самых вядомых патрыятычных аб’яднанняў на Міншчыне. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У многім папулярнасць “Дазора” вызначаецца яго кіраўніком, воінам-інтэрнацыяналістам Віктарам Казачонкам. Дзякуючы любові да сваёй справы і захопленасці, кіраўніку клуба ўдалося сабраць вакол сябе сапраўды моцную каманду.

“Вялікую падтрымку клубу аказвае дырэктар сярэдняй школы № 3 Віялета Аўсяннікава, — падзялілася начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Чэрвеньскага райвыканкама Ірына Змачынская. — Яна, дарэчы, выпускніца ваенна-патрыятычнага класа, член Беларускага саюза афіцэраў і Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе. Год назад, думаючы над тым, дзе адкрыць клуб, выбар быў зроблены на карысць сярэдняй школы № 3 Чэрвеня. У гэтай установе адукацыі дзейнічае рэсурсны цэнтр па ваенна-патрыятычным выхаванні”.

Сёння ў “Дазор” 16 навучэнцаў з усіх школ горада прыходзяць па ўласнай ініцыятыве. Тут дзейнічаюць свае правілы і пануе асаблівая атмасфера. Што тычыцца дысцыпліны, то яе выкананню адводзіцца важная роля.

“У клубе навучэнцы займаюцца па спецыяльнай двухгадовай праграме, вывучаюць страявую, агнявую і фізічную падрыхтоўку, — расказвае пра дзейнасць аб’яднання В.Казачонак. — Атрыманыя тэарэтычныя і практычныя веды раз у месяц замацоўваюцца на базе групы сувязі і забеспячэння органаў пагранічнай службы побач з пасёлкам Сосны, што пад Мінскам. Падчас заняткаў па фізічнай падрыхтоўцы ўпор робіцца на самаабарону і рукапашны бой. Безумоўна, гэта ўсё адбываецца без выкарыстання зброі. Я сам займаўся спортам, доўгі час вучыў моладзь вольнай ба­рацьбе і самба, таму ведаю, якія навыкі трэба прывіваць школьнікам.”

Заняткі ў клубе не абмяжоўваюцца класам і спортпляцоўкай. Дзецям даецца многа інфармацыйнага матэрыялу па гісторыі пагранслужбы, яны разам з кіраўніком глядзяць тэматычныя відэафільмы, якія пасля абмяркоўваюць. Сёння ў “Дазора” ёсць свой сцяг, герб і гімн “Патрыёт”.

“З патрыятычнай геральдыкай і песняй дзецям дапамог чэрвеньскі бард, аўтар шасці зборнікаў вершаў, лаўрэат творчага конкурсу, прысвечанага 105-годдзю пагранічнай службы Беларусі, Генадзь Рымашэўскі, — дадала І.Змачынская. — Ён напісаў словы і музыку да песні, прымаў актыўны ўдзел у распрацоўцы эскіза герба”.

У сярэдняй школе № 3 Чэрвеня створаны профільны 10-ы ваенна-патрыятычны клас пагранічнага кірунку з павышаным вывучэннем матэматыкі, англійскай мовы. Таксама для яго навучэнцаў праводзяцца факультатыўныя заняткі “Гатовы Радзіме служыць”.

“У нас заключаны дагавор аб супрацоўніцтве з Інстытутам пагранічнай службы, — дадае дырэктар сярэдняй школы № 3 Чэрвеня Віялета Аўсяннікава. — З мінулага навучальнага года ва ўстанове рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект па ваенна-патрыятычным выхаванні. Таксама ў нас дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Юны сябар пагранічніка”. Гэта значыць, мы ўжо з 6 класа вядзём дапрофільную падрыхтоўку”.

У рэсурсным цэнтры па патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 3 Чэрвеня вучацца прызыўнікі, вядзецца прафарыентацыйная работа, праходзяць дыялогавыя пляцоўкі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Удзел у іх прымаюць і іншыя ваенна-патрыятычныя клубы. У госці да дазораўцаў часта прыходзяць прадстаўнікі сілавых структур, ваенкамата, Інстытута пагранічнай службы і інш.

Што тычыцца тых вучняў, якія займаюцца ў “Дазоры”, то ўсе яны без выключэння прыйшлі сюды па ўласным жаданні. Віктар Казачонак з уласнага вопыту ведае: тыя, хто прыходзіць пад прымусам бацькоў ці педагогаў, надоўга ў аб’яднанні не затрымаюцца.

“Усё павінна быць выключна па жаданні дзіцяці, — запэўнівае В.Казачонак. — У нашым клубе вядзецца вельмі сур’ёзная падрыхтоўка па паступленні дзяцей ва УВА сілавога блока. Так, у мінулым го­дзе былы камандзір “Дазора” Ілья Альшэўскі стаў студэнтам Інстытута пагранічнай службы. Дарэчы, у гэтай установе адукацыі нашы дазораўцы часта бываюць. Плануем, што сёлета арганізуем выезды ў падраз­дзяленні, каб убачыць рэальнае баявое дзяжурства, зразумець, з чаго складаюцца пагранічныя суткі”.

Думаючы над тым, як удасканаліць сваю работу, Віктар Казачонак прызнаецца, што пастаянна знаходзіцца ў прафесійным пошуку: заўсёды хочацца лепшага і большага.

“Плануем, што ў хуткім часе на спартыўнай пляцоўцы школы з’явіцца пагранічны слуп, паласа перашкод, кантрольна-следавая паласа, — пералічвае кіраўнік “Дазора”. — Хочацца, каб дзейнасць аб’яднання была максімальна набліжана да рэальнай, пагранічнай, каб дзеці са школы разумелі і на ўласныя вочы бачылі ўсе адметнасці, недахопы і перавагі выбранай прафесіі”.

Наталля САХНО
Фота аўтара