Чаму расійскі акадэмік Валянцін Пармон, які нарадзіўся ў Германіі, лічыць сябе паўнапраўным мінчанінам?

- 12:33Родом из Беларуси

Віцэ-прэзідэнту Расійскай акадэміі навук, старшыні Сібірскага аддзялення РАН Валянціну Пармону споўнілася 75 гадоў. Сусветна вядомага вучонага прыняла ў свой склад Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, ушанаваны ён медалём Францыска Скарыны. Аднак мала хто ведае, што род яго па бацькавай лініі — з Наднёманскага краю: з вёскі Касцяшы Уздзенскага раёна Міншчыны. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Пармон — ды не ён!

З нагоды юбілею акадэміка-супляменніка хацелася паехаць у Касцяшы і напісаць пра тамтэйшую школу. Аднак ужо няма нават і пачатковай школы ў Касцяшах, і адна з найбліжэйшых па тым жа, левым беразе ракі — Нёманская сярэдняя, у вёсцы Магільна. Сітуацыю з падвойнаю назваю Магільна-Нёман патлумачу пазней, а пакуль – іншая інтрыга. Едучы ў камандзіроўку, па тэлефоне сказаў, што хачу наведаць родны бераг акадэміка Пармона, падыхаць наднёманскім паветрам, больш даведацца пра мясцовых людзей. І ў Нёманскай адказалі: ёсць у іх матэрыялы. Але ж, як аказалася, пра Пармона іншага, таксама чалавека вучонага, заслужанага. Забягаючы наперад: гэта стрыечны брат акадэміка, таму аддадзім і яму даніну памяці.

Шчырае прызнанне ў любові пад назвай «Я люблю вас, землякі!» напісаў ён, “іхні” Пармон, па-беларуску, і тэкст ёсць на сайце школы: «Так склаўся мой лёс, што вось ужо звыш сарака гадоў я жыву і працую ў Маскве. А нарадзіўся і вырас на Уздзеншчыне, у прыгожай вёсачцы Касцяшы. У 1956 годзе скончыў сярэднюю школу ў вёсцы Пясочнае, што за некалькі кіламетраў па другі бок рэчкі Тур’я: насупраць нашай хаты яна ўпадае ў Нёман. Бабуля, Надзея Сцяпанаўна, расказвала мне ў дзяцінстве, што калісьці ж і Нёман, і Тур’я даходзілі сваімі водамі да вясковых агародаў. У маёй памяці Тур’я засталася вузкім ручайком — гэта вынік актыўных меліярыяцыйных работ.

Люблю свой край! Зусім нездарма ён апеты выдатнымі паэтамі, пісьменнікамі, мастакамі — ураджэнцамі гэтых на дзіва прыгожых мясцін. Заканчваючы сярэднюю школу, жыў адным жаданнем: вучыцца далей. Вырашыў паступаць у Мінскі педінстытут імя Максіма Горкага, на аддзяленне матэматыкі фізіка-матэматычнага факультэта. Выбар быў невыпадковы: з 80 вучняў з двух дзясятых класаў я ў школе быў наймацнейшым у матэматыцы. Былі выпадкі, калі замест Станіславы Адамаўны Казлоўскай — настаўніцы матэматыкі, студэнткі-завочніцы — я тлумачыў класу рашэнне той ці іншай задачы»… Тое напісаў «Фёдар Пармон — прафесар, доктар мастацтвазнаўства, заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі» — так падпісаў ён сябе пад тэкстам. Спецыялісты згадваюць касцяшоўца як даследчыка рускага нацыянальнага касцюма і аўтара энцыклапедычнай працы па яго мастацтве, падручнікаў для вну, дызайнера адзення. Аўтар кнігі «Композиция костюма» ды іншых быў і мецэнатам, а пакінуў гэты свет Фёдар Максімавіч заўчасна, можна сказаць, у росквіце творчых сіл (1939—2006). Згаданую кнігу падпісаў для землякоў з аўтографам, вось так: «Музею и землякам. Автор, июль — 2002 г.»

Месца нараджэння — Брандэнбург-на-Хафелі,
родавыя карані — «з-над Нёмана»

Калі ж у школе заглянулі ў інтэрнэт па маёй наводцы, шукаючы звесткі пра акадэміка Пармона, то крыху расчараваліся, чытаючы: «Валентин Николаевич Пармон родился 18 апреля 1948 года в городе Бранденбург-на-Хафеле (Германия) в семье военного». Маўляў, і дзе ж тут Нёман, Уздзеншчына?.. Між тым, як мы ведаем, і Янка Брыль нарадзіўся ў Адэсе, і Пімен Панчанка ў Рэвелі (цяпер Талін), і Янка Маўр у Ліепаі (Латвія)… Ды і Валянціна Церашкова, у якой моцныя беларускія родавыя карані, нарадзілася ў Расіі. Так што месца нараджэння чалавека — ніяк не аргумент, з якога нібыта вынікае яго нацыянальнасць. Ёсць у людзей блізкасць «па зямлі», па Айчыне, па родзе-племені — адпаведна гэта землякі, суайчыннікі, суродзічы-супляменнікі. Ёсць у кожным з нас генетычны код…

Вясновы дзень у Касцяшах. 2023 год

Пра родавыя карані Валянціна Пармона я ведаю дзякуючы беларусам Новасібірска, праз іх трапіла да мяне кніга «Сибирью связанные судьбы» (рэдактар-складальнік Людміла Бяляўская, 2008). Там ёсць матэрыялы пра супляменнікаў-акадэмікаў Валянціна Капцюга, Андрэя Трафімука (яны абодва — Героі Сацыялістычнай Працы, пра іх раскажам іншым разам) і аўтабіяграфічны нарыс Валянціна Пармона «Путь в научную Сибирь». Ён пісаў: «З вялікай упэўненасцю можна гаварыць, што прозвішча Пармон — спрадвечна беларускае. Прычым знаходзяцца яго карані, гняздо паблізу радзімы майго бацькі: у вярхоўях рэчкі Нёман, дзе раскінуўся Уздзенскі раён Мінскай вобласці. Сапраўды, там прынамсі ў дзвюх суседніх вёсках — Касцяшы і Пясочнае — амаль палова жыхароў мае аднафамільцы. А ў тэлефоннай кнізе Мінска гляньце: амаль два дзясяткі нумароў прыпісаны да прозвішча Пармон». У нарысе ёсць прызнанне, што акадэмік «па крыві на 100 працэнтаў з’яўляецца беларусам». Гэта, можна сказаць, навуковы факт, бо і матуля супляменніка родам была з Віцебшчыны: з вёскі Чарэя Чашніцкага раёна.

Забягаючы наперад, прывяду на мове арыгінала вытрымку з электроннага пісьма Валянціна Мікалаевіча, дасланага мне ў маі 2023-га: «Летом прошлого года был в Гродно на форуме регионов Беларуси и России. На регистрации меня из-за фамилии хотели перепасовать в делегацию Беларуси, т. к. сразу сказали, что мои корни с Нёмана. Ваш В. Пармон».

Ну як жа навучыцца нам чытаць паміж радкоў!.. Як адшукваць беларускія родавыя карані ў біяграфіях, скажам, Аляксандра Грына, Юрыя Алешы, Аляксандра Твардоўскага ды многіх іншых вядомых у свеце людзей? У інтэрнэт-біяграфіях акадэміка Пармона значыцца месцам нараджэння Брандэнбург, а потым адразу і Масква: у 1972-м супляменнік (не зямляк — бо яго землякі… у Германіі) скончыў факультэт малекулярнай і хімічнай фізікі Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута (МФТІ). Але ж сам ён пісаў, што «з канца трэцяга класа і да заканчэння адзінаццацігодкі я ўжо ў Мінску жыў і лічу сябе паўнапраўным мінчанінам». У такім праве на самаідэнтыфікацыю яму не адмовіш. Яго бацькі жылі ў беларускай сталіцы да апошніх сваіх дзён, цяпер жыве Нінэль Мікалаеўна — старэйшая сястра, у мінулым праграмістка, супрацоўніца вядомага НДІ ЭВМ.

Бацька-герой, які хацеў стаць будаўніком

Прыгледзімся да біяграфіі бацькі акадэміка — і лепш зразумеем «логіку жыцця» сына. Рыхтуючы нататкі, пабыўшы ў Магільне і Касцяшах, я разважыў: бацька быў ваенным, сын у 1948-м пабачыў свет за мяжой. То, пэўна ж, афіцэр, бо з жонкай там жыў і ў вайне ўдзельнічаў…

І вось у электроннай базе «Подвиг народа» бачу спіс — амаль 200 пазіцый — розных Пармонаў. З ліку афіцэраў лёгка знайсці Мікалая Фёдаравіча, 1914 года нараджэння. І добры дзясятак землякоў, а можа, і родзічаў-герояў бачым па пошукавых словах: «Пармон Костеши»: «Игнатий Иванович 1902 г. р., Константин Иванович 1916 г. р., Константин Лукьянович 1923 г. р.»… І нават «Пармон Яков Илларионович 1905 г. р.» — ён быў гвардыі падпалкоўнікам ветслужбы. Былі франтавікі-Пармоны і з іншых вёсак Уздзеншчыны.

Афіцэр Мікалай Пармон у арміі служыў з 1937-га: тое вынікае з дакументаў аб узнагароджанні яго ордэнам Чырвонай Зоркі. Загад падпісаны 18 мая 1945-га, зямляк ужо маёр, хоць ва ўзнагародных дакументах яшчэ старшы тэхнік лейтэнант, намеснік старшага тэхніка эскадрыллі па авіяўзбраенні аднаго з палкоў «23 гвардейской истребительной авиационной Черкасской дивизии». У пятай графе значыцца: «Белорусс». Член партыі з 1940-га, кадравы афіцэр. У авіяполк прыбыў 21 лютага 1945 года, з таго часу ён і падначаленыя паспяхова абслужылі 680 баявых вылетаў. Калі ж 28 красавіка варожы самалёт штурмаваў аэрадром Заган (я глянуў: называюць і Жагань, гэта на тэрыторыі Польшчы), дык «тов. Пармон, рискуя своей жизнью, вывернул взрыватели у бомб ФАБ-100, которые были подвешены к трем самолетам «Аэрокобра» (амерыканскі знішчальнік Airacobra, пастаўляўся ў СССР па ленд-лізе. — Аўт.), тем самым спас эти самолеты от взрыва бомб при детонации». Шэраг узнагарод у спісе, і пасля вайны Мікалай Пармон атрымаў медаль «За баявыя заслугі» (1948 — у год нараджэння сына), а ў 1953-м і другі ордэн Чырвонай Зоркі.

А між тым касцяшоўскі хлопец спачатку вучыўся на будаўніка. Як расказала мне яго дачка Нінэль Мікалаеўна, перад вайной скончыў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. А калі быў камсамольскі прызыў ва Узброеныя Сілы, то пайшоў служыць, стаў афіцэрам. У хрушчоўскія часы ішлі маштабныя скарачэнні ў арміі ды флоце, то ўспомніў першую прафесію — і працаваў далей у Міністэрстве будаўніцтва БССР.

У размове Нінэль Мікалаеўна, якая нарадзілася ў студзені 1942-га, патлумачыла: «Калі б не вайна, то нарадзілася б я ў Ленінградзе: бацька там у ваенным вучылішчы служыў. Там і сустрэлі бацькі вайну, а я нарадзілася ў Сібіры — у горадзе Ішыме Цюменьскай вобласці, куды вучылішча было эвакуіравана». У інтэрнэце знаходзім: «2-е Ленинградское военное авиационно-техническое училище имени Ленинского комсомола». Там прадаўжаў служыць афіцэр Пармон, а калі ў 1944-м вызвалілі Беларусь, то жонка з дачкой рушылі на радзіму, а ён і далей служыў, потым ваяваў.

Мінскія ўспаміны са школьнага жыцця

Такія дэталі з жыцця бацькі акадэміка высвечваем, каб паказаць: і ў свядомасці яго дзяцей не прыжыўся ўласцівы для многіх беларусаў прынцып «дзе нарадзіўся, там і згадзіўся». Ніяк не мог нёманскі бераг перамагчы тое сілавое поле, у якое трапляў савецкі афіцэр, да таго ж авіятэхнік. Дачка нарадзілася ў Заходняй Сібіры, сын — ва Усходняй Германіі… Потым служба ва Украіне…

Сем школ змяніў будучы акадэмік на шляху ў навуку: бацька ж быў ваенны. А ўрэшце паклікала Пармонаў Беларусь. «Я вучылася ў 36-й мінскай школе толькі ў выпускным класе, адзін год, калі вярнуліся мы дадому з Украіны, а брат вучыўся даўжэй, — расказала Нінэль Мікалаеўна. — Далей быў, як і ў бацькі раней, Ленінград: гідраметэаралагічны ўніверсітэт. А размеркавалася ў Новасібірск, бо па маёй спецыяльнасці ў Мінску работы не было. І не думалі ж мы тады, каб да бацькоў бліжэй ці да дому: арыентаваліся на цікавую работу. Так і ў Валянціна склаўся лёс: у Сібір ён трапіў пасля Масквы — там і застаўся жыць».

Падрабязнасці пра мінскі перыяд жыцця згадвае Валянцін Пармон у тэксце «Я умеренный оптимист!», які да яго 75-годдзя змясціла газета «Наука в Сибири» (выданне Сібірскага аддзялення РАН). Пры тым адзначаецца, што ён аўтар і суаўтар звыш 800 навуковых прац, мае больш за 150 аўтарскіх пасведчанняў, патэнтаў на вынаходкі. У кола навуковых інтарэсаў уваходзяць каталіз, фотакаталіз, фізічная хімія, хімічныя метады пераўтварэння энергіі… Працы акадэміка — гэта важны ўклад у развіццё энергетыкі будучыні. Але ж пачынаўся ён як вучоны, магчыма, з «аграрных» клопатаў бацькоў, і адзін час хацеў нават стаць біёлагам: «Калі я быў дашкольнікам, то жылі мы ў стэпавай Украіне, у Мелітопалі. Мне было там вельмі цікава назіраць за навакольным светам: конікі з рознакаляровымі крылцамі, калючыя расліны і шмат чаго іншага. Мае бацькі паходзілі з беларускіх аграрыяў, і мы вырошчвалі кавуны ля дома: на тое паэтапнае пераўтварэнне парастка ў вялікую ягаду было цікава глядзець».

І вось ужо мінскія школьныя ўспаміны: «У пятым класе ў нас была цудоўная настаўніца па хіміі і біялогіі, мы хадзілі за ёй гуськом. Да таго ж яна вяла біялагічны гурток. Пазней я з захапленнем чытаў кнігі Мікалая Вярзіліна «Падарожжа з хатнімі раслінамі» і «Па сцежцы Рабінзона». Такім чынам, зыходна фарміраваўся як біёлаг, быў юным натуралістам і неафіцыйна лічыўся адным з галоўных юннатаў Мінска, дзе мы тады жылі. Будучы сямікласнікам, праводзіў для студэнтаў экскурсіі па аранжарэях батанічнага саду. Калі вучыўся ў старшых класах, то загучалі словы «біёніка», «біяфізіка». Да таго ж я падзарабляў лабарантам у школе і меў магчымасць займацца фізічнымі і хімічнымі доследамі».

Студэнт 1-га курса МФТІ. 1966 год

Дапытлівы юнак займаўся і ў тэхнічных гуртках, двойчы стаў чэмпіёнам БССР па радыёкіруемых мадэлях марскіх суднаў, уваходзіў у склад дарослай зборнай каманды Беларусі на ўсесаюзных спаборніцтвах. Да таго ж, акцэнтуе ўвагу акадэмік, вельмі шанцавала яму з настаўнікамі: «У нас была цудоўная настаўніца матэматыкі, прычым калі мы завяршалі восьмы клас і трэба было нам перайсці ў дзявяты ў іншую школу, то і матэматычка з намі разам перайшла. Дарэчы, адначасова яна выкладала свой прадмет і ў Мінскім педінстытуце. А ў новай школе быў выдатны настаўнік хіміі, кандыдат навук і таксама выкладчык адной з ВНУ». З такой «базай» Валянцін Пармон хацеў стаць біёлагам і мэтанакіравана паступаў далей у МФТІ, каб займацца біяфізікай. Важны момант з тэзісаў газетнага артыкула: праблема штучнага фотасінтэзу, якой паехаў займацца ў новасібірскі Акадэмгарадок Валянцін Пармон, так да гэтага часу цалкам і не вырашана. І пакуль, гаворыць ён, гэта зрабіць не ўдаецца нікому, хаця і ёсць вялікія напрацоўкі.

Я папрасіў акадэміка ўдакладніць факты пра школы, настаўніцу — ён адказаў: «Вучыўся ў Мінску я з 3 па 8 клас у 36-й школе, а з 9 па 11 — у 85-й: абедзве ў раёне аўтазавода. Мая настаўніца па матэматыцы — Ніна Цімафееўна Паддубіцкая. Ёй абавязаны я вельмі многім, як і шэрагу іншых настаўнікаў». Заўважым: 36-я школа імя Гуляма Якубава працуе ў параўнальна новым мікрараёне Серабранка, непадалёк Лошыцкага парку, па вуліцы Якубава, 34. А 85-я школа імя Мікалая Кедышкі — па Цэнтральнай вуліцы 11а, што непадалёк станцыі метро «Аўтазаводская». Абедзве могуць ганарыцца былым сваім вучнем!

З ліку рознабаковых інтарэсаў акадэміка — і яго захапленне дайвінгам, і журналістыка (у МФТІ ён быў галоўным рэдактарам факультэцкай насценгазеты), і работа на пасадзе сакратара камсамольскай арганізацыі факультэта, што дало вялізны вопыт аргработы. Аглядваючы жыццёвы шлях, ён падкрэслівае: рыўкоў з нуля на ім не было — гэта было заўсёды паступовае ўваходжанне ў справу. Застаецца толькі здзіўляцца, як арганічна папярэдні яго вопыт укладваўся ў кар’ерную лесвіцу — чарговай прыступкай для ўзыходжання. А вось меркаванне Валянціна Пармона пра тое, як, на яго думку, варта далучаць школьнікаў да навукі: «Патрэбны розныя гурткі па інтарэсах. Вельмі важны ў гэтай справе кіраўнік, настаўнік, за якім будуць ісці юныя, каб валодаў ён ключавымі якасцямі: любоўю да дзяцей, шырокім поглядам на жыццё, захопленасцю».

За шаравой маланкай — услед за Наркевічам-Ёдкам?

Чытаючы розныя тэксты пра навуковыя інтарэсы Валянціна Пармона, я быў нямала здзіўлены, калі даведаўся: займаўся акадэмік і такою загадкавай з’явай, як шаравая маланка: «У свой час у Інстытуце каталізу быў зроблены цікавы зачын у гэтай галіне, і я шчаслівы, што змог зацікавіць калег па Сібірскім аддзяленні РАН працягнуць гэтыя работы. Падобна да таго, што мы пачынаем разумець, што ж такое шаравая маланка, як яна ўтвараецца і чаму існуе».

Валянцін Пармон быў ганаровым госцем на ўрачыстасцях у гонар 90-годдзя НАН Беларусі. 2019 год

А між тым якраз на Уздзеншчыне, у Наднёмане (правы бераг, лічы цераз рэчку ад Касцяшоў!..) і да шаравых маланак яшчэ больш за 130 гадоў назад быў навуковы інтарэс! Там, у родавай сядзібе, праводзіў доследы, у тым ліку і з электрычнасцю, вядомы ў навуковым свеце Еўропы вучоны-фізік, прафесар Якуб Наркевіч-Ёдка (1847—1905). І вось, напрыклад, у 1891-м перад навуковай публікай паўстала новая распрацоўка Наркевіча-Ёдкі: электрафатаграфаванне «без аб’ектыва». Прынцып яго засноўваўся на тым, што аб’ект, які дакранаўся да фотапласцінкі пад электранапружаннем, пакідаў на ёй выяву свайго «эфірнага цела»… Французскія газеты называлі Якуба Отавіча электрычным чалавекам, ён адным з першых назіраў, як распаўсюджваюцца электрамагнітныя хвалі — з мэтай перадачы інфармацыі на адлегласці (па сутнасці, тым жа шляхам пайшлі тыя, хто адкрыў радыё). Шмат чаго даследчык зрабіў на стыку фізікі і метэаралогіі, стварыў напрыканцы ХІХ стагоддзя першую на тэрыторыі Беларусі метэастанцыю.

А Нінэль Мікалаеўна выбрала ж у Ленінградзе гідраметэаралагічны ўніверсітэт! Як пранік інтарэс да шаравых маланак у свядомасць Валянціна і як сястра зацікавілася гідраметэаралогіяй? Можа, хіба праз іх бацьку, з наднёманскай энергетыкай, а таксама з рознай тэхнікай (ваенны лётны тэхнік) моцна спалучанага.

Магільна, Нёман і Святы Двор

Паглыбляцца ў гісторыю роду Пармонаў, наведваючы Нёманскую сярэднюю школу імя Ільі Данілавіча Гурскага (пісьменнік, драматург быў родам з блізкага да Магільна Замосця), і я не стаў: не зусім наш фармат. Затое шмат цікавага даведаўся пра тамтэйшае школьнае жыццё, пра тое напішу іншым разам. І што цікава: у размовах пачуў пра калекцыю мікрафільмаў у Нацыянальным гістарычным архіве, якая можа праліць святло на мінулае. Навуковец В. Урублеўскі пісаў пра «Інвентар маёнтка Святы Двор Наваградскага ваяводства за 1756 год». Належаў тады маёнтак (упершыню згадваецца ў 1446-м!) аднаму з Радзівілаў: Міхалу Казіміру па мянушцы Рыбанька. Ці не той маёнтак мясцовыя называлі яшчэ «Панскі двор»? Стаяў, казалі, на месцы пад назвай Заструга, Высокі бераг між Яршамі ды Касцяшамі, да гэтага часу там ёсць экзатычныя расліны. З інтэрнэту: «У 1797 годзе вёска Яршы з маёнткам Святы Двор, а таксама і маёнтак Магільна з навакольнымі вёскамі з’яўляюцца ўладаннем князёў Вітгенштэйнаў». Археологаў бы туды! Зрэшты, пра лёсы людскія што яны раскапаюць? А вось інвентар нешта падкажа: мясцовы люд (у тым ліку і Пармоны) пэўна ж быў з дзейнасцю маёнтка спалучаны.

І вось пытанне: ці не з таго «зернейка», з магнацкага «культурнага слоя» бяруць сілы, памкненне «да ведаў, да святла» таленавітыя людзі, вучоныя, акадэмікі з прынёманскіх берагоў? Згадаем і прафесара электраграфіі і магнетызму Якуба Наркевіча-Ёдку, і акадэмікаў з родавымі каранямі з Уздзеншчыны: Кандрата Крапіву (Кандрат Атраховіч, нарадзіўся ў вёсцы Нізок — ад Касцяшоў недалёка), Аляксандра Махнача (доктар геолага-мінералагічных навук, нарадзіўся ў вёсцы Хатляны) і яго сына-акадэміка Анатоля Аляксандравіча (геолаг, доктар навук, прафесар — нарадзіўся ў Маскве, бо маці адтуль, а ўсё жыццё жыве і працуе ў Мінску). І яшчэ згадаем двух братоў-акадэмікаў Лычоў родам з Магільна: эканамістаў Генадзя і Леаніда Міхайлавічаў, у якіх і брат Анатоль — кандыдат тэхнічных навук. Увогуле ж мясцовыя краязнаўцы пішуць пра 11 акадэмікаў-землякоў, падлічылі: «Сусветную славу Беларусі прынеслі 22 вучоныя і 33 кандыдаты навук з Уздзеншчыны». З тых мясцін пайшло ў свет шмат вядомых дзеячаў мастацтва, навукі, культуры, воінскай справы, дзяржаўных дзеячаў. Між тым акадэміка Валянціна Пармона як нашага супляменніка, суродзіча пакуль не згадваюць… Мяркуем, гэты тэкст паспрыяе таму, каб і да яго лепш прыгледзецца. Ва ўсялякім разе, у школе. Яго нават і на юбілей, казалі мне, могуць запрасіць: у 2024-м школа будзе адзначаць 160-годдзе.

Тыя мясціны, дзе шчасце жыве

Не хочацца выводзіць тэкст у сухую «манаграфію». Зробім напрыканцы колькі штрышкоў, каб у вобразах зафіксаваць: што ж гэта за бераг, які застаецца родным для акадэміка Пармона ды іншых наднёманцаў.

Дырэктар і настаўніца Нёманскай школы. Храм ад школы цераз дарогу

…Ехалі мы з Магільна ўздоўж рэчкі з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Любоўю Собаль у Касцяшы. Па дарозе яна расказвала, як нейкаму начальніку падалася немілагучнай гістарычная назва Магільна (цікаўныя могуць пагугліць, адкуль яна ўзялася), і яе пераўтварылі ў Нёман. А мясцовы люд, у тым ліку і вучоныя-акадэмікі Лычы, намагліся, каб яе вярнулі. То цяпер вёска — Магільна зноў, а школа з пераходнай назвай Нёманская. Спадзяёмся, з часам людзі разбяруцца, як лепш. Іх жаданне памятаць мінулае, зберагаць гісторыю і ў назвах заслугоўвае павагі. Гэта ж і ёсць жывая наша гістарычная памяць, пра якую мы ўсе клапоцімся.

…Містычнае нешта надарылася ў Магільне з мясцовымі могілкамі: у пару бязбожжа, калі знішчылі царкву, і па іх прайшліся бульдозерам, а надмагільныя пліты заклалі ў падмурак школы. Як там у Дастаеўскага: калі Бога няма, то ўсё дазволена… У наш час, у 80-я ўзвялі новы будынак школы, а стары дажываў век без гаспадара, быў занядбаны. Яго зруйнавалі, прычым вынялі тое надмагілле з падмурка. І мясцовы святар айцец Аляксей перавёз іх да новага прыгожага драўлянага храма, узведзенага цераз дарогу пры новай школе. З часам плануе зрабіць і мемарыял, прычым перазахаваць і астанкі людзей, пахаваных пры старой царкве. Вось так моцна, фундаментальна ў Магільне паяднаны царква і школа.

У музеі Нёманскай школы

…Вёска Яршы, праз якую мы праязджалі, — тая самая, з якой «родам» была хата ў Смольні: у Коласаўскіх мясцінах на Стаўпеччыне. У Яршах у 1910-м купілі Міцкевічы зруб, разабралі, сплавілі ўніз па Нёмане, а дзядзька Антось яго сабраў, давёў да ладу. Даследчыкі сцвярджаюць, што Якуб Колас прыехаў туды ўпершыню ў верасні 1911-га, пасадзіў пры хаце пяць ліп. І якраз у Смольні 26 ліпеня 1912 года ўпершыню сустрэліся будучыя класікі: Якуб Колас і Янка Купала.

…Адна з настаўніц, родам з тых Яршоў, пазней расказала мне пра дзівосную гаючую сілу наднёманскіх мясцін. У яе жыцці быў складаны перыяд, калі школа, у якой доўгі час працавала, стала неперспектыўнай і ўрэшце яе аптымізавалі. «Мы жылі там сваім педкалектывам як адна дружная сям’я, мы і цяпер час ад часу збіраемся… Усё самае дарагое той школе аддалі…». Стрэс надарыўся такі зацяжны, што настаўніца звярнулася да псіхатэрапеўта. І той шчыра сказаў, што і сам не ведае эфектыўнага лякарства, без шкодных пабочных дзеянняў, ад яе хваробы. Прытым параіў: а вы прыпомніце тыя мясціны, у якіх былі шчаслівай, і пабудзьце там адна, некаторым дапамагае. «То я паехала ў Яршы свае, дадому — і за тры дні ў мяне ўсё там адлягло. Прайшла дэпрэсія — і не вярталася. Так што я на ўласным вопыце пераканалася: тут, пры Нёмане, зямны рай. Калі нават хворы, нямоглы — тут зможаш вылечыцца, ажывіцца, і нават зноў пісаць вершы ці музыку — гэта ўжо як каму Бог даў».

Іван ЖДАНОВІЧ