Чаму ў фізіцы самае галоўнае – эксперымент, тлумачыць настаўнік смілавіцкай школы № 1 Анатоль Шабусаў

- 12:03Персона

Для замацавання матэрыялу выдатнік адукацыі, настаўнік­-метадыст, настаўнік фізікі сярэдняй школы № 1 Смілавіч Анатоль Шабусаў аддае перавагу фізічнаму эксперыменту. Складаныя доследы дзеці робяць пад наглядам педагога, а больш простыя — самастойна. Што з гэтага атрымліваецца, можна паглядзець на YouTube­канале настаўніка. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Проста аб складаным

Калі вучыўся ў школе, Анатоль Шабусаў нават уявіць не мог, што вырасце і стане педагогам. Усё змянілася, калі ў раскладзе школьніка з’явілася фізіка.

“Гэты прадмет мне адразу спадабаўся, а Альберт Леа­нідавіч Папок яшчэ больш натхняў на вывучэнне прадмета, — успамінае Анатоль Канстанцінавіч. — Ён быў цікавым, творчым настаўнікам. Акрамя фізікі, у школьныя гады я цікавіўся гісторыяй, спортам, інтэлектуальнымі гульнямі, іграў у шашкі, шахматы, “Што? Дзе? Калі?”. На працягу доўгага часу калекцыяніраваў маркі. Пазней, калі прыйшоў час расставіць акцэнты і выбраць тое, з чым хачу звязаць сваю будучыню, я аддаў перавагу фізіцы. Сёння магу з упэўненасцю сказаць, што я не памыліўся”.

Пасля школы Анатоль Шабусаў паступіў у Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова. Малады спецыяліст спачатку працаваў настаўнікам матэматыкі, а праз некаторы час стаў дырэктарам Старасельскай сярэдняй школы Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.

У 2006 годзе прыйшоў у сярэднюю школу № 1 Смілавіч, дзе і сёння вучыць дзяцей фізіцы і астраноміі. Урокі Анатоля Канстанцінавіча любяць усе школьнікі, нават тыя, у каго з фізікай адносіны не складваюцца. Сакрэт просты: нават самую, здавалася б, складаную тэму настаўнік тлумачыць даступна і лёгка.

“Заняткі А.Шабусава ад­розніваюцца дбайнай падрыхтоўкай і прадуманай арганізацыяй, — адзначае дырэктар сярэдняй школы № 1 Смілавіч Ірына Батура. — Несумненна, гэта педагог па прызванні. Анатоль Канстанцінавіч знаходзіць падыход да кожнага вучня, граматна вызначае суадносіны адукацыйных, выхаваўчых і развіваючых мэт урока”.

Навучэнцы А.Шабусава на працягу многіх гадоў удзель­нічаюць у прадметных тыднях, якія праводзяцца ў школе, шматлікіх конкурсах, алімпіядах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў.

“Ужо больш за шэсць гадоў мае вучні прымаюць удзел у трэцім і заключным этапах рэспуб­ліканскай алімпіяды па фізіцы, матэматыцы, астраноміі і займаюць прызавыя месцы, — расказвае настаўнік. — Таксама на рахунку навучэнцаў шмат перамог у абласным і рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару. З турніру юных фізікаў мы прывезлі дзевяць дыпломаў і тры пахвальныя водгукі”.

Пазнавальная актыўнасць

Педагог не толькі рыхтуе вучняў да інтэлектуальных спаборніцтваў, але і кіруе раённымі міжшкольнымі факультатыўнымі заняткамі па фізіцы для вучняў 9—11 класаў.

На пытанне, якая форма правядзення ўрока з’яўляецца найбольш эфектыўнай і павышае вучэбную матывацыю, А.Шабусаў упэўнена гаворыць, што гэта фізічны эксперымент.

“Акрамя матывацыі, эксперымент спрыяе развіццю пазнавальнай актыўнасці школьнікаў, — сцвярджае настаўнік. — Фізічны эксперымент — гэта найважнейшая частка ўрока, якая дазваляе дзецям назіраць фізічныя з’явы. Якімі простымі яны ні былі б, іх трэба абавязкова прай­граць і на аснове назірання пабудаваць адпаведныя тлумачэнні або зра­біць абагульненне”.

Сучасны педагог мае на ўзбра­енні больш магутны арсенал магчымасцей, чым яго папярэднікі. А.Шабусаў пацвярджае гэта, адзначаючы, што сёння лабараторыі абсталяваны такімі прыборамі, якіх раней нідзе не было. Гэта вельмі важна для паспяховага засваення і замацавання пройдзенага і новага матэрыялу.

“На ўроках стараюся зацікавіць дзяцей, каб яны праводзілі некаторыя доследы дома і здымалі іх на тэлефон, — расказвае пра ўзаемадзеянне з вучнямі выкладчык фізікі. — У выніку атрымліваюцца вельмі цікавыя эксперыменты, якія мы пасля паўтараем у школе”.

Многія відэаролікі Анатоль Канстанцінавіч з камандай юных фізікаў выкладвае на сайце школы і на сваім YouTube-канале “Фізічны эксперымент”. Доступ да іх адкрыты для кожнага, хто цікавіцца прадметам і хоча паглыбіць веды ў той ці іншай тэме.

Разважаючы наконт таго, ці можна захапіць фізікай і астраноміяй усіх вучняў, А.Шабусаў справядліва заўважае, што тут спрацоўвае індывідуальны падыход, бо кожнае дзіця развіваецца па ўласнай траекторыі.

“На ўроку галоўнае — навучыцца лагічна думаць і зразумела фармуляваць свае думкі, — дадае педагог. — Калі навучэнец павысіў свой інтэлектуальны ўзровень, авалодаўшы нейкімі прыёмамі, ён разумее, што ўрок прайшоў для яго нездарма. Але немагчыма нешта вывучыць, проста слухаючы іншых. Вучань павінен быць актыўным удзельнікам вучэбнага працэсу. Напрыклад, спачатку можна паглядзець на разбор задачы на дошцы, а затым самастойна рашыць падобную, а пасля яе — яшчэ адну, але ўжо іншую, не падобную да папярэдніх. Нястрашна, калі не атрымаецца з першага разу. Памылкі — важная і неабходная частка ў навучанні”.

Падчас навучання дзеці павінны зразумець і пры­няць той факт, што памыляцца — гэта нармальна. Менавіта ў такім выпадку ў школьнікаў з’явіцца ўпэўненасць у сабе, жаданне ўдзель­нічаць у абмеркаванні складаных эксперыментаў і задач. За кожнае новае дасягненне (выпраўленую памылку, самастойна рэшаную задачу) настаўнік заахвочвае вучняў адзнакай ці добрым словам. Калі навучэнец нечага не выканаў, А.Шабусаў стараецца падбадзё­рыць яго, натхніць на работу, але ні ў якім разе не папракае, каб не адбіць жаданне вучыцца.

“Да кожнага павінен быць індывідуальны падыход, але працаваць трэба ў калектыве, — дзеліцца настаўнік фізікі. — На ўроках вучні могуць разбірацца з задачамі ў парах ці групах. Я толькі кантралюю, каб яны абмяркоўвалі тую тэму, якую праходзім”.

Па суботах і падчас канікул Анатоль Шабусаў арганізуе работу з навучэнцамі розных класаў. Падчас такіх заняткаў старэйшыя і малодшыя вучні ўзаема­дзейнічаюць паміж сабой, вучацца адзін у аднаго.

“Калі дзеці рознага ўзросту збіраюцца разам, у іх ёсць магчымасць самасцвердзіцца, упэўніцца ў тым, што ў іх ёсць каманда аднадумцаў, з якой можна абмеркаваць любое пытанне”, — адзначае педагог.

Унікальны падыход

Вопытам сваёй работы А.Шабусаў часта дзеліцца з калегамі на курсах павышэння кваліфікацыі.

“У нас створана рэспубліканская творчая група настаўнікаў фізікі, якая аб’яднала таленавітых творчых людзей з усёй краіны, — расказвае Анатоль Канстанцінавіч. — На пасяджэннях мы дзелімся напрацоўкамі, ідэямі, як зрабіць працэс навучання больш камфортным і эфектыўным”.

Падчас чарговага абмену педагогі-фізікі дзяліліся вопытам правядзення эксперыментальных даследаванняў на занятках, выказвалі ідэі наконт таго, як зрабіць працэс выкладання яшчэ больш цікавым і захапляльным. Так, у настаўнікаў ёсць прапанова ўвесці ў праграму альтэрнатыўныя лабараторныя работы.

“Падчас узаемадзеяння з калегамі я не стаўлю мэту наву­чыць іх, а толькі прапаную напрацоўкі са свайго педагагічнага вопыту, — прызнаецца Анатоль Шабусаў. — Мне хочацца быць карысным, паказаць тое, чым калегі могуць скарыстацца ў сваёй практыцы. Любыя новыя веды значна дапаўняюць і пашыра­юць магчымасці ў навучанні”.

Акрамя фізікі, якой захапляюцца многія вучні педагога, А.Шабусаў прыцягвае дзяцей да ўдзелу ў міжнародных касмічных алімпіядах. За апошнія гады і астраномія, і фізіка зрабілі вялікі крок у сваім развіцці. Пра ўсё, аб чым даведваецца сам, настаўнік расказвае сваім дзецям на ўроках.

“Да кожнага вучня трэба падабраць унікальны ключык, — упэўнены педагог. — Звычайна, чым больш здольнасцей у дзіцяці, тым больш індывідуальных асаблівасцей яно мае. Калі бачу, што вучань здольны і можа асвоіць больш матэрыялу, чым вызначае вучэбная праграма, абавязкова буду займацца з ім дадаткова. Так навучэнец развіваецца і становіцца алімпіяднікам. Калі сам вучыўся ў школе, быў студэнтам, мне вельмі падабалася ўдзельнічаць у алімпіядах. Быць настаўнікам — адказная роля, асабліва калі рыхтуеш вучня да алімпіяды. Аднак мне падабаецца такое ўзаемадзеянне з навучэнцамі”.

Даведка

Анатоль Шабусаў — аўтар заданняў абласной інтэрнэт-алімпіяды па фізіцы (2011, 2012, 2014) і астраноміі (2017, 2018), член рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў фізікі, кіраўнік раённага рэсурснага цэнтра па фізіцы.

У 2018 годзе ўзнагароджаны дыпломам I ступені дыстанцыйнай алімпіяды для педагагічных работнікаў па фізіцы, стаў пераможцам XIII Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” з праектам “Дэманстрацыйны эксперымент па фізіцы ў 8 класе”.

У скарбонцы педагога 15 выдадзеных дапаможнікаў па фізіцы і астраноміі. Сярод іх тэсты, рабочыя сшыткі, матэрыялы па пад­рыхтоўцы да лабараторных, самастойных і кантрольных работ, цэнтралізаванага тэсціравання, заданні і рашэнні гульні-конкурсу па фізіцы “Зубраня”, шэраг публікацый у метадычных часопісах “Фізіка”, “Матэматыка і фізіка”.

Наталля САХНО
Фота аўтара