Намеснік старшыні Ганцавіцкага райвыканкама Надзея Здрок падзялілася з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” сваім бачаннем вырашэння лідарскіх задач у педагагічнай грамадскасці і практычнымі інструментамі кіраўніка-лідара ў адукацыі.
— Надзея Уладзіміраўна, па многіх паказчыках адчуваецца прыкметны рух наперад сістэмы адукацыі, якую вы ўзначальвалі больш за 10 гадоў. Што ў гэтую скарбонку дадаў мінулы год?
— Вынікі работы парадавалі. Выпускнікі ўстаноў адукацыі раёна ў асноўным паспяхова справіліся з цэнтралізаванымі іспытамі. Усе 28 прэтэндэнтаў на ўзнагароджанне залатымі і сярэбранымі медалямі (16,5% ад агульнай колькасці навучэнцаў) пацвердзілі свае веды. На ЦЭ і ЦТ 4 выпускнікі атрымалі 100-бальныя сертыфікаты, з іх 1 — па двух вучэбных прадметах. У параўнанні з 2022/2023 навучальным годам паступленне нашых выпускнікоў ва УВА павялічылася на 4,8%. Стала большай і колькасць пераможцаў абласной алімпіяды па вучэбных прадметах сярод навучэнцаў 6—9 класаў. У нас 4 дыпломы на абласной канферэнцыі работ даследчага характару, перамога і два пахвальныя водзывы — на рэспубліканскай. Сярод значных дасягненняў выхаваўчай работы — перамогі каманд сярэдняй школы № 3 Ганцавіч на абласным і заключным этапе рэспубліканскіх спартыўна-патрыятычных гульняў “Зарнічка”, “Зарніца”. І гэта далёка не ўсе дасягненні навучэнцаў. Іх поспех — вялікая праца педагогаў, якія дапамаглі школьнікам атрымаць грунтоўныя веды і выпрацаваць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Гэта стала важным маркерам якасці адукацыі.
— Што вы ўкладваеце ў паняцце “якасць адукацыі”?
— Ёсць устойлівае меркаванне, што гэта вынікі вучэбнай дзейнасці навучэнцаў. Я звярнула б увагу на ўмовы, якія забяспечваюць якасць адукацыі. Перш за ўсё гэта кваліфікаваныя, адказныя і вельмі актыўныя ў прафесійным і сацыяльным плане педагагічныя кадры. А таксама працаздольная і кампетэнтная кіраўніцкая каманда, якая ўмее своечасова вызначыць найбольш перспектыўныя напрамкі развіцця адукацыі на некалькі гадоў наперад і сканцэнтраваць намаганні калектываў на гэтых ключавых пазіцыях. І, безумоўна, стабільнае фінансаванне галіны: у бюджэце раёна на долю адукацыйнай сістэмы прыпадае да 50% на працягу ўжо шэрага гадоў. Дабратворны ўплыў на развіццё адукацыі аказвае і сістэма стабільных партнёрскіх сувязей устаноў адукацыі з гаспадарчымі і сацыякультурнымі суб’ектамі.
— У раёне дастаткова высокая замацавальнасць маладых спецыялістаў…
— Красамоўны той факт, што з 688 педагогаў 600 — ураджэнцы раёна. У сярэдняй школе № 3 Ганцавіч з 79 педагогаў — 71 родам з нашых краёў, у тым ліку 21 выпускнік установы.
Кіраўнікі і педагогі мэтанакіравана рыхтуюць сабе пераемнікаў. У гэтым навучальным годзе ўстановы адукацыі Ганцавіцкага раёна сталі першым працоўным месцам для 11 настаўнікаў, 10 з якіх вярнуліся на малую радзіму.
Сярод іх 6 мэтавікаў — гэта прыкладна штогадовая іх колькасць. Замацавальнасць маладых спецыялістаў у нашым раёне — 75%. Гэта стала магчыма дзякуючы падтрымцы органаў мясцовай улады, кіраўніцтва ўстаноў адукацыі, калег.
Мы не выпускаем з поля зроку ні аднаго нашага выпускніка, які выбраў педагагічны шлях. Ладзім сустрэчы, цікавімся вучобай і настроем, аказваем дапамогу падчас праходжання практыкі. Яшчэ студэнтамі яны адчуваюць сваю каштоўнасць для нас, упэўнены, што іх тут чакаюць. Шчыра прымаем маладых спецыялістаў у дружную педагагічную сям’ю раёна, ставімся як да роўных, падкрэсліваем значнасць. Калі чалавек разумее, што ў ім зацікаўлены, то і аддача будзе. Мы багатыя на традыцыі, якія беражліва захоўваем, бо гэта тое, што дае аснову. Нашы людзі маюць карані, якімі глыбока прарастаюць там, дзе нарадзіліся і выраслі.
— Якія традыцыі надаюць сістэме адметнасць і матывуюць педагогаў на поспехі?
— Добрай традыцыяй стала ўручэнне педагогам сертыфікатаў аб занясенні ў Кнігу гонару сістэмы адукацыі раёна — у самых розных намінацыях і незалежна ад працоўнага стажу і тэрмінаў паміж узнагародамі. Такое прызнанне — каштоўнае для кожнага настаўніка. Дарэчы, наяўнасць Дошкі гонару ў кожнай установе і раёне таксама выдатны стымул станавіцца лепшай версіяй самога сябе. Традыцыйна ладзяцца сустрэчы вопытных і мудрых педагогаў-ветэранаў і маладых спецыялістаў. І, канечне ж, арганізуецца свята для ветэранаў педагагічнай працы. На гэтай урачыстасці збіраюцца розныя пакаленні кіраўнікоў, педагогаў, выпускнікі мінулых гадоў, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна і абавязкова прысутнічае старшыня Ганцавіцкага райвыканкама Віктар Анатольевіч Рафаловіч. Яго шчырае “дзякуй за тое, што праслаўляеце малую радзіму” выклікае ў педагогаў, без перабольшання, гордасць. Прызнанне заслуг настаўніка, на мой погляд, і ёсць сардэчная павага да яго. Калі гэтая павага ёсць, тады будзе і перспектыва. Актыўнае заахвочванне з боку выканаўчай улады дапамагае ўсведамляць значнасць і стваральнасць сваёй працы, адчуваць сваю каштоўнасць. А значыць, адчуваць сябе гаспадаром сваіх вынікаў.
— Ёсць меркаванне, што поспех сістэмы — гэта вынік кіраўніцкай стратэгіі. На чым выбудавана ваша бачанне шляхоў развіцця адукацыі раёна?
— На маю думку, трэба заўсёды рабіць фокус на людзях — ад іх усё залежыць! Толькі калі работнікі на месцах разумеюць, што ад іх насамрэч штосьці залежыць, яны могуць дзейнічаць эфектыўна. Людзей трэба аб’ядноўваць, згуртоўваць цікавымі справамі, якія б змаглі ўзняць іх над праблемамі штодзённага жыцця, падарыць радасць, добры настрой. Калісьці мне спатрэбіўся адміністрацыйны рэсурс, каб у раёне з’явіўся педагагічны хор. Сёння ўжо і тлумачыць нікому не трэба, што хор — гэта перш за ўсё калектыў. І найвялікшы цуд. Нашы педагогі глыбока ўсвядомілі сэнс добра знаёмых слоў “песня строить и жить помогает”. На мой погляд, станоўчыя эмоцыі настаўнікаў — адзін з сакрэтаў іх поспеху.
— Вы прайшлі шлях ад настаўніка да кіраўніка раённай сістэмы адукацыі. Якімі жыццёвымі і прафесійнымі высновамі можаце падзяліцца?
— Я родам з вёскі Люсіна, дзе ў свой час настаўнічаў Якуб Колас. Мая прабабуля вельмі добра яго помніла, расказвала, як яны размаўлялі, які гэта быў чалавек. Усе жыццёвыя каштоўнасці, усе прыклады я ўзяла ад сваіх бацькоў, за што ім вельмі ўдзячна. Мая мама — педагог, таму ў мяне не было сумненняў, кім стаць. Я выбрала прафесію настаўніцы рускай, беларускай моў і літаратуры, але ў 17 гадоў пайшла адразу працаваць у школу піянерважатай і завочна вучыцца. Мне сказалі бацькі: “Ты павінна адчуць, як зарабляць рубель”. Шлях у прафесію без “адрыву ад вытворчасці” быў толькі на карысць. Далей была работа ў дзіцячым сацыяльна-педагагічным цэнтры з сацыяльным прытулкам, дырэктарам школы ў ваенным гарадку, потым — школы № 3 Ганцавіч, затым узначаліла раённы аддзел па адукацыі.
Практычная псіхалогія (БДПУ), менеджмент і кіраванне ў адукацыі (АПА), дзяржаўнае і мясцовае кіраванне (Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь) — ступені майго прафесійнага самаразвіцця.
Заўсёды кажу: каб заставацца ў трэндзе і быць эфектыўным кіраўніком, адукацыя павінна праходзіць праз усё жыццё.
Я ўпэўнена, чалавек, чым бы ён ні займаўся, мусіць быць прафесіяналам. Гэта значыць, ён павінен дакладна разумець, што ён робіць, і рабіць гэта якасна. На мой погляд, шчаслівы той, хто імкнецца прыносіць карысць людзям, краіне.
— Дзякуй за цікавую гутарку! Няма сумненняў, што настаўніцкія вытокі будуць вам надзейнай падмогай на новым полі дзейнасці! Добрых спраў і поспехаў у развіцці сацыяльнай галіны раёна!
Людміла КУРЫЛЬЧЫК