Чаму ў Татарстане ствараюць анімацыйныя фільмы па творах Янкі Купалы?

- 13:05Новости

На XXIX Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” сёстры Абызавы з Татарстана прадставілі анімацыйны фільм з беларускай назвай “Вечарынка”. На падвядзенні вынікаў кінафоруму ў Доме кіно Алена і Эліна двойчы падняліся на сцэну: па спецпрыз журы за цікавасць да беларускай культуры і прыз прадстаўніцтва Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “МИР” у Беларусі “Мова кіно — мова дружбы”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Перад пачаткам урачыстасці адзін з калег заінтрыгаваў: сёстры-аніматары з Татарстана прывезлі фільм на беларускай мове. А калі на сцэну выйшлі Алена і Эліна, то мне ўспомнілася: школьніцамі з маці, Рымай Абызавай, прыязджалі яны ў Беларусь на 130-годдзе Янкі Купалы, і я бачыў іх на свяце ў Вязынцы. У Доме кіно ніколькі ўжо не сумняваўся: гэта дзякуючы Песняру і маці з маленства сёстры наблізіліся да нашай мовы і культуры. А Рыма Юр’еўна кіруе ў сяле Пячышчы, што пад Казанню, Музеем Янкі Купалы. Ён адзіны такі ў Расіі — філіял Нацыянальнага музея Татарстана.

Янка Купала, Купаліха і Пячышчы

Перш чым расказаць пра фільм з Паволжа і яго стваральніц, прыгадаем, як жа трапіў Янка Купала ў Пячышчы. Вецер вайны занёс яго туды разам з жонкай Уладзіславай Францаўнай — яе ў колах беларускай інтэлігенцыі звалі па-народнаму Купаліхай. У пачатку вайны на сваім “Шэўрале” з шафёрам даехалі яны да Масквы і адтуль восенню рушылі ў глыб Расіі, бо Акадэмію навук БССР эвакуіравалі ў Казань. Туды і ехалі, ды чарга на пераправу цераз Волгу была вялікая, і яны заначавалі ў Пячышчах. Дырэктар мясцовага хлебакамбіната, які жыў на яго тэрыторыі, запрасіў бежанцаў да сябе, прапанаваў дах над галавой. А ў горадзе ж уладкавацца было няпроста, дык Іван Луцэвіч з жонкай прыняў прапанову і ўсяліўся ў невялічкую пустую кватэру. Больш за паўгода, з 13 лістапада 1941 па 18 чэрвеня 1942 года, жыў і працаваў там. І паколькі мінскі дом Купалы ў першыя дні вайны згарэў, то кватэра на беразе Волгі была, па сутнасці, апошнім яго зямным прыстанішчам. Адтуль 19 чэрвеня 1942-га Пясняр выехаў у Маскву (выклікалі тэлеграмай), спыніўся ў гасцініцы “Масква” і там 28 чэрвеня ноччу трагічна загінуў…

Гэтую гісторыю ведаюць Алена і Эліна. Як і тое, што Купаліха ў Пячышчах вельмі хутка паразумелася з мясцовымі жыхарамі. Больш за тое, сама ж яна была настаўніца, таму пачала працаваць у мясцовай школе, замяняла калег, калі тыя хварэлі. У асноўным жонка Купалы была ў Пячышчах — тое расказвалі старажылы. А паэт шмат працаваў, па справах наведваўся ў Казань, сустракаўся з пісьменнікамі, калегамі з Акадэміі навук. Улетку дабіраўся ў горад з дапамогай пераправы, а ўзімку і на лыжах па зімніку — цераз Волгу.

У “Настаўніцкай газеце” варта падаць і педагагічныя звесткі з біяграфіі Уладзіславы Францаўны, якая больш за 30 гадоў працавала з дзецьмі. Яе маці, францужанка Эмілія Манэ, прыехала ў Беларусь з дачкой Марыяй ад першага шлюбу і ўладкавалася працаваць гувернанткай. Выйшла замуж за Франца Станкевіча, і ў іх нарадзіліся дзеці, Вікенцій і Уладзіслава. Дачка ўслед за маці стала настаўніцай. Потым пераехала ў Вільню, на пачатку XX стагоддзя працавала выхавальніцай у дзіцячых прытулках. З Янкам Купалам пазнаёмілася, бо абодва былі ў беларускім культурным руху. Пазней сустрэліся ў Маскве, куды з’ехалі пры набліжэнні фронту Першай сусветнай да Вільні. Абое вучыліся ў Маскоўскім гарадскім народным універсітэце імя А.Л.Шаняўскага, пабраліся шлюбам і ў маскоўскім касцёле Святых Пятра і Паўла павянчаліся 23 студзеня 1916 года. Пасля пераезду сям’і ў Мінск цётка Уладзя працавала ў дзіцячых садах.

Вось якая незвычайная настаўніца трапіла ў Пячышчы! Калі не стала Янкі Купалы, то праз месяц толькі яна выехала ў Маскву, а пасля вызвалення Беларусі перабралася ў Мінск. І пасля, расказваюць сёстры Абызавы, цётка Уладзя прыязджала на Волгу не адзін раз — захаваліся адпаведныя здымкі 60-х гадоў. З некаторымі пячышчынскімі жанчынамі сябравала, перапісвалася. Рупілася і пра тое, каб у Пячышчах адкрыўся хаця б мемарыяльны пакой, прысвечаны Купалу. Цяпер ёсць музей, да работы якога праз маці Алена і Эліна далучаныя з маленства. Прычым з вясны 2003-га музей аформлены дакладна ў тым месцы, дзе жыў Пясняр.

“Мы палюбілі беларускую мову…”

На кінафестывалі я падышоў да шчаслівых аніматарак, сфатаграфаваў іх з калегамі на фоне святочных афіш.

“Для нас прыемнай нечаканасцю стаў прыз ад прадстаўніцтва тэлерадыёкампаніі “МИР” у Беларусі, — прызналіся яны. — Пакуль што мы паглыбіліся пераважна ў паэзію Янкі Купалы, але ж надалей будзем рады аніміраваць таксама іншыя творы беларускіх аўтараў. На фестывалі нас уразіла вельмі цёплая, утульная атмасфера, вялікая разнастайнасць, разнапланавасць і шырокая геаграфія прадстаўленых работ. “Лістапад” — гэта сапраўднае свята для любога, хто сюды трапляе, і нам хочацца вярнуцца сюды ў будучыні”.

Мы абмяняліся кантактамі, я прадоўжыў збор фактаў пра сяброў Беларусі на адлегласці.

У дзень нараджэння Песняра 7 ліпеня 2021 г.

Сапраўды, любоў да беларускай культуры, літаратуры сёстрам прывіла іх маці — дырэктар музея Янкі Купалы ў сяле Пячышчы.

“Мама папрасіла нас неяк вывучыць купалаўскі верш “А зязюлька кукавала”, каб выступіць на адной з музейных імпрэз. І так сышлося, што наш тата таксама стаў часцінкай купалаўскага свету: ён дырэктар Пячышчынскай школы, у якую прыходзіў Янка Купала, дзе вяла заняткі Уладзіслава Францаўна. Калі мы знаёміліся з творамі Песняра, нам дапамагала і мама, і яе калегі з Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску. Мы адпрацоўвалі беларускае вымаўленне, яны давалі каштоўныя парады па чытанні вершаў. Так мы палюбілі беларускую мову, яе асаблівае гучанне і мелодыку. Да таго ж мы вучыліся ў музычнай школе, дзе развучвалі некаторыя беларускія народныя песні, таму паспрыяла і наша выкладчыца па вакале Вольга Бутэнка. Вось і ўтварыўся наш дуэт “Ружа кветка”. Выступаем на розных імпрэзах у Доме дружбы народаў і ў Асамблеі народаў Рэспублікі Татарстан, нас запрашаюць на рэгіянальныя пляцоўкі. Людзям цікава: сёстры-татаркі, а спяваюць па-беларуску!” — расказалі Алена і Эліна.

Паэтычныя анімацыі

Вакальныя спевы Алена і Эліна не пакідаюць — і ў фільме “Вечарынка” гучыць беларуская песня ў выкананні дуэта “Ружа кветка”. Але асноўная іх дзейнасць звязана з анімацыяй. Захапіліся ёй сёстры яшчэ студэнткамі факультэта кіно і тэлебачання Казанскага інстытута культуры, які скончылі ў 2021 годзе.

“Спачатку зрабілі анімацыю паводле верша Янкі Купалы “Маці”. Асабліва прыемным знакам увагі з боку Беларусі стаў рэпост у сацсетках ад кіраўніцы Купалаўскага музея. Гэта нас вельмі натхніла. Думалі, што мы яшчэ можам стварыць па купалаўскай тэме. Зрабілі праект “А зязюлька кукавала” — і ён стаў пераможцам у катэгорыі “Прафесіяналы” па выніках народнага галасавання на Усерасійскім конкурсе этнічнага відэакантэнту “МЫ”. Беларусы Расіі, а таксама іншых краін актыўна галасавалі за наш праект, пакінулі шмат цёплых водзываў, каментарыяў. Вялікі дзякуй усім, хто падтрымаў гэты анімацыйны фільм!” — сказалі таленавітыя сёстры.

Услед за драматычнай “зязюлькай” яны звярнулі ўвагу на купалаўскую аптымістычную “Вечарынку”. Пэўна што многія ў Беларусі ведаюць радкі: “Вечарынка у калгасе,/ У “Чырвоным аратаю”, —/ Прыйшлі Сцёпкі, Пецькі, Васі,/ Прыйшлі Зосі, Стасі, Касі,/ І гармонік грае, грае”. Сёстры адзначаюць, што верш, напісаны ў 1935 годзе, падаўся ім шчырым і лёгкім, ён перадае дух беларускіх вячорак і свят. Вяскоўцы збіраюцца пасля цяжкай працы, каб адпачыць і павесяліцца, забыць пра праблемы і нягоды. У творы ёсць радасць жыцця, пульсуе здаровая энергія: “Мы самі атрымалі вялікае задавальненне, ствараючы персанажаў: іх касцюмы, характары і міміку”.

І паводле іншых твораў Янкі Купалы сёстры Абызавы спадзяюцца зрабіць анімацыі, бо ў яго творчасці знаходзяць самыя розныя тэмы, ідэі, сюжэты.

Што да кінафестывалю “Лістапад”, то для Алены і Эліны абодва прызы — прыемная нечаканасць: “Для нас вялікі гонар дакрануцца да творчасці беларускага Песняра, якая мае сусветнае значэнне”.

***

  • Мемарыяльную дошку ў гонар Янкі Купалы адкрылі ў Пячышчах 22 жніўня 2022 года — на сцяне будынка Пячышчынскага хлебакамбіната, у якім ён жыў у 1941—1942 гадах. Імпрэза прысвячалася 140-годдзю Песняра, праходзіла ў рамках Дзён культуры Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Татарстан. Мемарыяльная дошка створана пры падтрымцы Прэзідэнта Татарстана Рустама Мініханава, яе аўтар — малады расійскі скульптар Цімафей Цюрын.

  • Сёстры Абызавы родам з сям’і настаўнікаў, якая жыве ў сяле Верхні Услон. Гэта райцэнтр на правым беразе Волгі насупраць Казані — як і Пячышчы, за 5—7 кіламетраў ад яе па рацэ. Маці Рыма Юр’еўна — дырэктар Музея Янкі Купалы, педагог па адукацыі, філолаг. Бацька Яўгеній Валянцінавіч — дырэктар Пячышчынскай школы, настаўнік фізкультуры.
  • Для анімацыйнага фільма “Вечарынка” сёстры зрабілі малюнкі ўручную: штук 70—80. Далей працавалі з імі ў праграме камп’ютарнай графікі Аdobe Аnimate.
  • У музеі ў Пячышчах, створаным у 1975 годзе, захоўваюцца і ўспаміны мясцовых настаўнікаў ваеннага часу пра сустрэчы з Янкам Купалам і Уладзіславай Францаўнай. Яны былі прадстаўлены на перасоўнай выставе “Тут усякая рэч, як гавора з табой…”, якую ладзілі сумесна Музей Янкі Купалы ў Пячышчах і Купалаўскі музей у Мінску і якая адкрылася летась 1 красавіка ў Казані ў Доме дружбы да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. Ладзілася выстава і ў Мінску, калі праходзілі Дні культуры Рэспублікі Татарстан у Рэспубліцы Беларусь (верасень 2023 года).
  • “Беларускія” паэтычныя фільмы-анімацыі сясцёр Абызавых дэманструюцца на розных культурных імпрэзах у Татарстане, даступныя і ў сацсетках — напрыклад, тут. Іх можна выкарыстоўваць і на ўроках беларускай мовы і літаратуры ў школах.
  • Дыпломныя работы сясцёр Абызавых былі прысвечаны Беларусі. Алена зрабіла анімацыйны дакументальны фільм пра свайго земляка-партызана Паўла Пранягіна: у гады вайны ён быў камандзірам партызанскага атрада ў Беларусі, які выратаваў звыш 300 яўрэяў з Косаўскага і Слонімскага гета. Пасля вайны паехаў дадому, працаваў настаўнікам, дырэктарам школы якраз у Верхнім Услоне — а потым вярнуўся ў Беларусь, быў дырэктарам школы ў Вялікіх Луках пад Баранавічамі. Пазней пасяліўся ў Брэсце, і ў 1974-м герою прысвоілі званне “Ганаровы грамадзянін горада Брэста”. Пра гісторыю кахання беларускі і татарына ў гады вайны зрабіла дакументальную анімацыйную работу і Эліна. Абедзве работы атрымалі высокія ацэнкі дзяржкамісіі на абароне дыпломаў.
  • Акрамя твораў Янкі Купалы, сёстры Абызавы знаёмы з творчасцю Якуба Коласа, ім найбольш падабаюцца яго творы для дзяцей. Ведаюць вершы Максіма Багдановіча, Юркі Лявоннага, Міхася Чарота і некаторых іншых беларускіх творцаў. Дзейнасць Алены і Эліны не абмяжоўваецца анімацыяй: яны ствараюць ілюстрацыі, афішы, футажы, робяць вёрстку ілюстраваных кніг, агучку і мантаж відэаролікаў. Некаторыя з работ можна пабачыць на сайце Музея Янкі Купалы ў Пячышчах, у Telegram, Instagram і Facebook — @kupalapech.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара і з архіва Музея Янкі Купалы ў Пячышчах