Чаму Валянціна Церашкова называе Беларусь сваёй Радзімай — як і яраслаўскую зямлю?

- 15:09Новости

У чэрвені мы адзначылі 60-­гадовы юбілей першага палёту жанчыны ў космас. Нашай супляменніцы Валянціне Церашковай было толькі 26 гадоў, калі яна здзейсніла гэты подзвіг. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пра землякоў, сваякоў, суайчыннікаў і супляменнікаў

Ну што вы, якая яна вам супляменніца?.. Наша: руская! Так можа сказаць нехта з расіян і прывесці як доказ: “Нарадзілася 6 сакавіка 1937 года ў вёсцы Вялікае Масленнікава, у Тутаеўскім раёне Яраслаўскай вобласці”. Гэта першыя “каардынаты адліку” — час і месца нараджэння, пачатак зямной “дарогі да зор” Валянціны Церашковай. І калі нехта лічыць, што чалавек “пачынаецца з нічога” ў момант нараджэння ў гэтым свеце, што продкі яго, і род, і народ — рэчы абстрактныя і ў зямной біяграфіі няважныя, што спадчынныя гены, культурны код і гістарычную памяць “прыдумалі кабінетныя вучоныя”, то… ці варта спрачацца з такімі знаўцамі жыцця? Для іх правіць баль канкрэтыка: дзень, месяц, год і месца нараджэння — на расійскай тэрыторыі? Кропка.

Рыхтуючы нататкі, я знайшоў публікацыю пра тое, як Віцебшчына ў 1970 годзе прымала ў гасцях Валянціну Церашкову. Дарэчы, ёй у 1973 годзе было прысвоена званне ганаровага грамадзяніна Віцебска, у 1975-м у гонар супляменніцы названа вуліца ў абласным цэнтры, якая і цяпер злучае праспекты Фрунзэ і Маскоўскі.

У тэксце чытаем, што нарадзілася Валянціна Церашкова, калі бацька яе ў калгасе трактарыстам працаваў, маці — на тэкстыльнай фабрыцы. Можа, на Тутаеўскай ільняной мануфактуры (скарочана “Тульма”)? Інтэрнэт падказвае: у розныя гады працавала там да 5000 чалавек. Ёсць і звесткі, што маці спачатку займалася хатняй гаспадаркай, і толькі пасля пераезду сям’і ў Яраслаўль (1945) пайшла ў ткачыхі: на камбінат тэхнічных тканін “Красный Перекоп”. На тым камбінаце, дарэчы, працавалі потым і старэйшая дачка Людміла, і Валянціна — з 1955 па 1962 год (апошнія два гады — вызваленым сакратаром камітэта камсамола камбіната). І што сімвалічна: у Віцебску наведвала касманаўтка панчошна-трыкатажную фабрыку імя КІМ (абрэвіятура ад: камуністычны інтэрнацыянал моладзі).

Уладзімір Аксёнавіч, бацька касманаўткі, быў родам з вёскі Выйлава Бя­лыніцкага раёна Магілёў­шчыны. У 1939 годзе яго прызвалі ў Чырвоную Армію, і ён прапаў без вестак на савецка-фінскай вайне. Маці ж, Алена Фёдараўна (1913—1987), у дзявоцтве Круглова, з Віцебшчыны: нарадзілася ў вёсцы Ерамееўшчыне Дубровенскага раёна.

А што ёсць радзіма для Валянціны Уладзіміраўны? У загаловак гутаркі з ёй, змешчанай у “Народнай газеце” (1997, 16 красавіка), былі вынесены словы: “Для меня Беларусь, как и ярославская земля, — тоже Родина”.

Пра пераломны момант у лёсе Церашковых пішуць: “Сям’я выехала ў Цэнтральную Расію на пачатку ХХ стагоддзя”. Дарэчы, этымалогія прозвішча Церашковых чыста беларуская! Пахо­дзіць яно ад імя Цярэшка, якое блізкае да рускага Цярэнцій. То ўдумлівы знаўца мовы Рыгор Барадулін і называў калегу-паэта Івана Цярэнцьевіча Бурсава пасвойску: Іван Цярэшкавіч. Да таго ж імя Цярэшка ў беларускім фальклоры мае міфічны персанаж, своеасаблівы апякун маладых сямейных пар. Водгаласам пра той статус Цярэшкі — абрадавая гульня Каляднага цыкла “Жаніцьба Цярэшкі”. Што цікава: у арэале пашыранасці гульні ў Лепельскім раёне значыцца і вёска Цярэшкі…

Валянціна Церашкова ў Віцебску, 1970 г.

У наш час у Выйлаве, пісала ў 2016 годзе газета “Рэспубліка”, лічы, паўвёскі — Церашковы. І ў Краснаярску цэлы клан Церашковых жыве: іх родавыя карані даследуе доктар навук прафесар Сібірскага федэральнага ўніверсітэта Васіль Куімаў, маці якога — з роду Церашковых. З даследаванняў вынікае: Церашковы перасяляліся ў Расію, бо сем’і мелі вялікія, зямлі, каб усім пракарміцца, не хапала. І калі ў Яраслаўскую губерню з’язджаў з жонкай і дзецьмі Аксён Церашкоў, то сыну яго Уладзіміру было два гады. Ён з 1912 года, і, магчыма, бацькі падаліся ў бежанцы яшчэ і таму, што па Беларусі ў Першую сусветную вайну праходзіла лінія фронту. Таму ў словах “перасяленцы з Беларусі” (так пішуць пра бацькоў першай касманаўткі) прыхавана трагедыя мільёнаў бежанцаў пачатку ХХ стагоддзя.

У тых жа мясцінах Расіі ўжо ў галодныя 20-я аказаліся бацькі, сям’я Алены Фёдараўны, у якой з васьмі сясцёр і братоў трое памерлі з голаду. Хоць працы беларусы, вядома ж, не бая­ліся. Валянціна Церашкова пісала: “И родители отца, и родители мамы, приехавшие на Ярославщину из Белоруссии, стали первыми колхозниками”. Яе працавіты дзядзька Аркадзь з часам быў выбраны і старшынёй мясцовага калгаса, чым мог дапамагаў выжываць сям’і загінуўшага брата.

Родная для маці Ерамееўшчына — паблізу Дуброўны, дзе з 1900 па 1941 год працавала фабрыка “Дняпроўская мануфактура”, перапрацоўвалі лён. Можа, нехта з яе роду працаваў там? У Дуброўне ж і цяпер ёсць ільнозавод. Валянціна Церашкова на момант выбару яе кандыдатуры на касмічны палёт па базавай адукацыі была ткачыхай. А Мікіта Хрушчоў шмат увагі ўдзяляў развіццю тэкстыльнай прамысловасці. Ну і гэта ж так па-савецку было: запусціць у космас ткачыху!..

Сканцэнтруем факты, якія за “савецкасцю” кас­манаўткі даюць магчы­масць разгледзець і яе беларускасць. Пра Цярэшку згадалі. Словы самой кас­манаўткі паўторым: “Для меня Беларусь, как и ярославская земля, — тоже Родина”. Што родавыя карані бацькі, маці з Беларусі — відавочна. І абодва з вяс­ковай глыбінкі, а значыць, продкі Валянціны ў Выйлаве ці Ерамееўшчыне былі не прышлыя. За тое ёсць і моцны моўны аргумент: Валянціна Церашкова не раз гаварыла, што абедзве яе бабулі (у некаторых крыніцах: “усе мае бабулі…” ) па-беларуску размаўлялі, песні спявалі. Натуральна, іх унучка, нарадзіўшыся ў Расіі, тую мову засвоіла, як кажуць, з малаком маці. У дзяцінстве з яе часам пасмейваліся аднагодкі, бо, напрыклад, замест фразы “Открой дверь” яна казала па-нашаму: “Адчыні дзверы”. Касманаўтка ў час сустрэч у Віцебску не хавала, як прыемна ёй пабыць у горадзе, газеты збераглі словы: “Витебщина — родина моей мамы. Так что мы свояки”.

Як першая ступень ракеты лёсу…

Кажуць, хто пабываў на арбіце, той вяртаецца дадому з іншым светабачаннем. Прыўзнімаецца не проста над Зямлёй — над многімі грамадскімі, сацыяльнымі праблемамі, стэрэатыпамі. Бачыць планету адзінай, не падзеленай дзяржаўнымі межамі, а людзей — не раз’яднанымі па класавых, рэлігійных, нацыянальных прыкметах: проста як дзяцей маці-зямлі. А што: “прышчэпка космасам” кожнага з нас можа зрабіць больш цярпімым да іншых, больш міласэрным, разважлівым, дружалюбным? З улікам такіх назіранняў лёгка робім выснову, што Валянціну Церашкову пытанні яе нацыянальнасці — руская ці беларуска? — пэўна што і не займалі. На высокай арбіце папулярнасці, дзяржаўных ды іншых клопатаў ці ж да таго? Ну запісаўся бацька рускім, калі атрымліваў пашпарт (у 1932-м?), бо, лічы, усё жыццё нядоўгае (27 гадоў) ён у Расіі пражыў. І дачка за ім услед стала рус­кай па пашпарце, хоць і беларуска па крыві. Вось і ўсе пытанні па нацыянальнасці…

Але… Так выбудаваны ў нас традыцыі выхавання, адукацыі, што дзецям, падлеткам і маладым людзям, якія стартуюць у жыццё, для ўдалага палёту, як правіла, патрэбен станоўчы прык­лад: “делать жизнь с кого”. Блізкі, даступны, зразумелы ўзор для пераймання. Гэта як “першая ступень” у ракеце лёсу, якая, хоць з часам і згараючы, дае моцны імпульс для ўвасобленай у фізічным целе душы “памк­нуцца да зор”, вырвацца ў космас новай рэальнасці. Каб пачаць вершы пісаць, музыку, кнігі чытаць, спортам займацца, імкнуцца стаць як Гагарын, як Навіцкі ці як Церашкова… Мы ўсе ганарымся поспехамі папярэднікаў, геройскімі ўчынкамі бацькоў і дзядоў. Многія звяртаюцца цяпер у архівы, складаюць радаводы. Вышукваем землякоў сярод вядомых людзей — каб умацавацца ў перакананні: ён жа змог — і я змагу!

16—19 чэрвеня 1963 года савецкая касманаўтка Валянціна Церашкова з пазыўным “Чайка” здзейсніла палёт у космас на караблі “Восток-5”, які 48 разоў абляцеў вакол планеты. Валянціна Уладзіміраўна ўвайшла ў гісторыю чалавецтва як першая жанчына-касманаўтка. І па гэты час яна з жанчын — адзіная, хто прайшоў праз адзіночны касмічны палёт. Герой Савецкага Саюза.

Скажаце, энергарэсурс нацыянальнасці, зямляцтва, супляменніцтва ў “ракетах лёсу” нашых дзяцей не працуе? А гэта як для каго… Па ўсім свеце за межамі гістарычнай Бацькаўшчыны цяпер жыве больш за 3 з паловай мільёны (!) этнічных беларусаў: выхадцаў з нашых земляў, іх нашчадкаў. І Валянціна Церашкова — адна з тых мільёнаў. Многія ж, як і яна, памятаюць пра родавыя карані. Ганарацца імі, шануюць культурныя традыцыі продкаў, і мову беларускую — вывучаюць. Прычым не з прагматычных меркаванняў, бо, скажам, недзе ў Іспаніі, Канадзе,  Італіі, Аргенціне, Уругваі, Аўстраліі ці расійскай Сібіры не маюць ад таго матэрыяльных прыбыткаў. Але ж як мова ўзбагачае душу! У інтэрнэце я знайшоў, што і тата касманаўткі гармонь у рукі браў ды спяваў, і дзве Алены (маці, якую Валянціна называла “беларусачкай”, і названая ў яе гонар дачка — першае “касмічнае дзіця”) спявалі па-беларуску. Алена Нікалаева не раз і гасцявала ў Беларусі, а неяк спявала Пятру Машэраву вядомую песню “У суботу Янка ехаў ля ракі”.

Эстафету прынялі Марына і Настасся

Зусім нядаўна, як спецыяльна пад юбілей палёту Церашковай, стала вядома: беларускі-такі зноў адправяцца на касмічную арбіту! Пагадзіцеся, нешта прыемнае ў тым ёсць, што НАШЫ жанчыны ўславяць такім чынам родную Беларусь. А канкрэтыка, нагадаем, такая: бортправадніца авіякампаніі “Белавія” Марына Васілеўская прызначана ў асноўны экіпаж для палёту на Міжнародную касмічную станцыю, а яе дублёрам — дзіцячы хірург з Рэспуб­ліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай хірургіі Настасся Лянкова.

У жыцці заўсёды ёсць месца подзвігу. Няхай будзе пра тое нам напамінам і лёс простай вясковай дзяўчынкі, знакамітай касманаўткі і дэпутата Дзярждумы Расіі Валянціны Церашковай — нашай знакамітай супляменніцы.

Іван ЖДАНОВІЧ