Чаму важна ўдзяляць увагу духоўна-маральнаму выхаванню, разважалі на рэспубліканскай дыялогавай пляцоўцы

- 10:05Актуально, Духовность и патриотизм

Рэспубліканская дыялогавая пляцоўка “Рэсурсныя цэнтры па духоўна­маральным і патрыятычным выхаванні ў Год якасці: праблемы і перспектывы дзейнасці” адбылася ў сярэдняй школе № 14 Маладзечна, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

На пачатку мерапрыемства яго ўдзель­нікі азнаёміліся з вопытам Мінскай вобласці ў кірунку духоўна-маральнага выхавання, які быў прадстаўлены на тэматычнай выставе, што разгарнулася ў фае школы.

Пра праекты, якія рэалізуюцца ў краіне ў адпаведным кірунку, а таксама аб праб­лемных момантах, з якімі даводзіцца сутыкацца, абавязкова трэба гаварыць. У гэтым упэўнена рэктар Акадэміі адукацыі Ірына Старавойтава.

— Сёння, у Год якасці, гэтай тэме неабходна ўдзяляць больш увагі, — адзначыла І.Старавойтава. — Мінская вобласць была выбрана першым рэгіёнам, дзе праводзіцца сустрэча ў такім фармаце. Пасля гэтага дыялогавыя пляцоўкі па вызначанай тэме будуць арганізаваны і ў астатніх абласцях краіны.

Аб тым, чаму менавіта Міншчына дала старт маштабнай рэспубліканскай ініцыятыве, нагадала намеснік міністра адукацыі па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Кацярына Пятруцкая.

— Мінская вобласць нездарма першай прымае дыялогавую пляцоўку па такой важнай і значнай для нас тэме, — звярнулася да прысутных Кацярына Аляксандраўна. — У вобласці 21 рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні, засталося адкрыць яшчэ два, а значыць, імі будуць ахоплены ўсе раёны цэнтральнага рэгіёна. Той вопыт, які вы прадставілі на выставе, вельмі важны і значны, яго трэба распаўсюджваць і, несумненна, аб ім трэба расказваць.

К.Пятруцкая ўпэўнена, што пра важ­насць духоўна-маральнага выхавання нагадваць не даводзіцца, таму што гэта адзін з асноўных напрамкаў выхаваўчай работы ўстаноў адукацыі краіны. А тыя школы, у якіх адкрыты рэсурсныя цэнтры, былі выб­раны не па выпадковым прынцыпе: у іх багаты вопыт, які неабходна распаўсюджваць у межах інавацыйных праектаў, эксперыментальных пляцовак.

— Вопыт устаноў адукацыі па адзначанай тэме трэба прадстаўляць на навуковых канферэнцыях, калядных чытаннях, яго варта шырока тыражаваць у рабоце бацькоўскіх клубаў, адукацыйных праектаў, — адзначыла намеснік міністра адукацыі. — Духоўна-маральнае выхаванне — гэта той кірунак работы, які мы рэалізуем сумесна з Беларускай Праваслаўнай Царквой.

Наколькі гарманічна духоўна-маральнае выхаванне спалучаецца з адукацыйным працэсам? Аб гэтым на прыкладзе ўстаноў адукацыі Міншчыны расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко. З яго слоў, якасць згаданай работы ў першую чаргу залежыць ад забяспечанасці высока­кваліфікаванымі кадрамі і навукова-метадычнымі рэсурсамі.

— У Мінскай вобласці створана сістэма духоўна-маральнага выхавання, якая мае выразныя, дакладныя мэты і задачы, апрабаваныя формы і метады работы з навучэнцамі, педагогамі і бацькамі, — пад­крэсліў начальнік галоўнага ўпраўлення. — Духоўна-маральнае выхаванне арганічна ўплецена ў адукацыйны працэс устаноў адукацыі, складае яго неад’емную частку і забяспечваецца праз рэалізацыю праграм супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і Праваслаўнай царквой.

Прыкладам паспяховай работы цэнтральнага рэгіёна па духоўна-маральным выхаванні з’яўляецца дабрачынны фестываль-марафон “Крылы анёла”, які не так даўно адзначыў юбілей — 10 гадоў рэалізацыі праекта ў Мінскай вобласці. Разам з традыцыйнымі формамі развіваецца новы напрамак у духоўна-маральным выхаванні — супрацоўніцтва з сястрыцтвам пры Свята-Елісавецінскім жаночым манастыры. Яно ўключае правядзенне экскурсій, сумесных мерапрыемстваў, удзел у праваслаўных калядных і велікодных фестывалях. Да таго ж эфектыўнай формай работы з навучэнцамі з’яўляецца развіццё міласэрнасці і дабрачыннасці, валанцёрскага руху.

На думку М.Башко, узаемадзеянне ў кірунку духоўна-маральнага выхавання станоўча ўплывае на развіццё праваслаўнага краязнаўства.

— Установы адукацыі арганізуюць для навучэнцаў наведванне рэлігійных, у тым ліку праваслаўных, аб’ектаў як аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, — звярнуў увагу Мікалай Мікалаевіч. — Таксама праводзяцца экскурсіі для членаў ваенна-патрыятычных клубаў па найважнейшых духоўных цэнтрах краіны з улікам пераліку турыстычна-экскурсійных маршрутаў “Праваслаўныя святыні Беларусі”. На сайтах галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама, Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі размешчаны віртуальны даведнік “Экскурсійныя маршруты Міншчыны”. У яго ўключаны і 12 маршрутаў духоўна-маральнай накіраванасці, якія распрацавалі навучэнцы. Таксама створаны інтэрактыўны даведнік “Па святых мясцінах Міншчыны”, які адлюстроўвае гісторыю малой радзімы, лёсы мясцовых жыхароў. У перспектыве — стварэнне інтэр­актыўнай карты духоўных маршрутаў у кожным раёне Мінскай вобласці.

Наталля САХНО
Фота аўтара