Чаму вучаць дзяцей у лабараторыі здаровага харчавання «ШкольнікАМ» Давыдаўскай сярэдняй школы

- 13:15Лето-2023, Новости, Проекты

Лета ў Давыдаўскай сярэдняй школе Светлагорскага раёна — карыснае, смачнае і тэатральнае. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У навучальнай установе на працягу апошніх гадоў працуюць два лагеры — дзённага знаходжання для дзяцей да 14 гадоў і кругласутачны працоўны лагер, разлічаны на дзяцей старэйшага ўзросту. Акрамя таго, летам тут дзейнічаюць гульнявыя пляцоўкі.

“Летам у працоўным лагеры нашы вучні зай­маюцца перасадкай хатніх раслін або рамонтам бібліятэчнага фонду, добраўпарадкаваннем тэрыторыі. Прышкольны ўчастак у нас вялікі: ёсць сад, агарод, цяпліцы. Вырошчваем практычна ўсю агародніну для школьнага харчавання, якое, дзякуючы свайму ўраджаю, робім больш танным. Акрамя таго, яшчэ і зарабляем. У нас тры цяпліцы, таму вырошчваем на продаж расаду (прадаецца мясцоваму насельніцтву). Заробленыя грошы ідуць на бягучы рамонт школы пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года, абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы”, — адзначыла дырэктар навучальнай установы Святлана Маркевіч.

А пасля запрасіла пагля­дзець, што ў іх і як расце. Найперш звярнула ўвагу на арэхавую алею, якая з’явілася пасля семінара па харчаванні, які прахо­дзіў на базе Давыдаўскай школы. Па дрэўцу пасадзілі прадстаўнікі кожнага раёна Гомельскай вобласці. Пасля да праекта падключыліся выпускнікі школы, якія пасадзілі свае грэцкія арэхі. У мінулым годзе сабралі першы ўраджай.

Побач з алеяй знаходзіцца школьны сад. Дрэўцы таксама маладыя, але ўжо пладаносяць. Увогуле, дагледжаная тэрыторыя школы ўражвае маштабам і ўпарадкаванасцю. Яркія кветкі, роўны газон з дэкаратыўнымі раслінамі сустракаюць кожнага наведвальніка навучальнай установы. За будынкам школы размешчаны агарод, цяпліцы — такія ж дагледжаныя. Бульба, буракі, памідоры, цяпліца з агуркамі. Гэта тое, што кідаецца ў вочы адразу. Пасля заўважаем грады з лекавымі раслінамі.

Па ходу справы Святлана Маркевіч расказвае пра створаную ў школе лабараторыю здаровага харчавання “ШкольнікАМ” пад адкрытым небам, што дзеці не проста вырошчваюць садавіну і агародніну, а вучацца рабіць гэта па правілах, гэтак жа як і харчавацца. Правільнае і смачнае харчаванне тут норма, таму калі нам прапанавалі пачаставацца карыснымі напіткамі, то дэгустацыя ператварылася ў кулінарны клас. Бо зварыць кампот з гарбуза з карыцай або мядовы кісель з сухафруктаў — справа не на адну хвіліну. Але яно таго варта, бо не толькі вельмі смачна і прыгожа, але і карысна. Да таго ж дзеці ахвотна адказвалі на ўсе нашы пытанні.

Для нас у навучальнай установе падрыхтавалі яшчэ адну дзею — тэатралізаваную, таму пераехалі на іншую лакацыю. У Давыдаўскай школе рэалізуецца тэатральны праект “Нацыянальны каларыт”, у межах якога дзеці вучацца касіць, танцаваць народныя беларускія танцы, ка­лоць дровы, запрагаць каня, ­даіць карову, іграць на народных інструментах. Ідэя праекта — ва ўзнаўленні мясцовага сельскага побыту. Як заўважыла дырэктар, дзеці не толькі ахвотна падтрымалі прапанаваную ідэю, але і актыўна ўключыліся ў яе рэалізацыю. Усім было цікава не проста даведацца, напрыклад, як жа запрагаюць каня, а самім паспрабаваць зрабіць гэта. Да таго ж да справы падключыліся і мясцовыя жыхары — бабулі з дзядулямі, якія з задавальненнем перадавалі вопыт і традыцыі.

“Аднаўляючы традыцыі, мы захоўваем сваю культуру”, — заўважыла Святлана Маркевіч.

Мы сталі ўдзельнікамі майстар-класа, як жаць жыта сярпом. Акрамя таго, даведаліся пра традыцыі зажынак. Слова ўзяла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Давыдаўскай школы Тамара Гумбатава, якая расказала пра беражлівае стаўленне старажылаў да коласа і хлеба, пра абрады, якімі суправаджалі такія знакавыя падзеі, як пачатак жніва.

“Першы сноп рабіўся самай старэйшай жанчынай. Жаць пачыналі пад песні і абавязкова па-святочнаму апранутыя мясцовыя жыхаркі. Лічылася, што зерне ў першым снапе валодае гаючымі ўласцівасцямі, таму сноп упрыгожвалі стужкамі, ручніком і ставілі ў хаце на пачэснае месца. Ён называўся “Гаспадарок”, — адзначыла Тамара Бякіраўна.

Падчас майстар-класа першыя каласы сярпом зрэзала самая старэйшая мясцовая жыхарка Лілія Карпаўна. Нягледзячы на пачэсны ўзост (86 гадоў), зрабіла яна гэта вельмі спрытна. Нам жа давялося пастарацца, каб хоць трохі налаўчыцца. Але атрымалася. І жыта зжаць, і да традыцый далучыцца. Дзякуй!

 Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА