Чаму вучні настаўніцы матэматыкі Алены Ануфрыюк з Жабінкі не баяцца выходзіць да дошкі

- 12:20Образование

Для настаўніцы матэматыкі Алены Ануфрыюк з жабінкаўскай сярэдняй школы № 2 імя А.Д.Дзмітрука педагогіка стала сямейнай справай. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Па слядах маці Ніны Іванаўны Забурчык, якая выкладала біялогію, пайшлі тры яе дачкі — залатыя медалісткі. Праўда, усе яны звязалі прафесійную дзейнасць з дакладнымі навукамі, любоў да якіх перадалася ад бацькі. Наталля Васільеўна Чолык працуе настаўніцай матэматыкі ў брэсцкай сярэдняй школе № 35 імя Маршала Савецкага Саюза К.К.Ракасоўскага, а Вольга Васільеўна Барнюк — настаўніцай інфарматыкі ў сярэдняй школе № 3 Іванава.

— Стаць педагогам марыла з дзяцінства, бо разам з сёстрамі бачыла прыклад маці, якая цалкам аддавала сябе любімай справе, — гаворыць Алена Васільеўна. — Ды і са школьнымі настаўнікамі пашанцавала. А тата падтрымаў жаданне пайсці ў педагогі.

Паколькі матэматыка давалася дзяўчыне лёгка, яна накіравалася пасля заканчэння школы на матфак БрДУ імя А.С.Пушкіна, выкладчыкам якога яна вельмі ўдзячна за грунтоўныя веды і належную падрыхтоўку. Акрамя настаўніцкага дыплома, дапытлівая студэнтка паспела атры­маць ва ўніверсітэце і дыплом эканаміста-правазнаўца.

Прафесійны шлях Алена Ануфрыюк пачынала ў брэсцкай сярэдняй школе № 7. Калектыў установы на чале са Святланай Язерскай цёпла сустрэў маладога спецыя­ліста, стварыўшы камфортныя ўмовы для станаўлення.

— Калегі ахвотна аказвалі метадычную дапамогу, — успамінае Алена Васільеўна. — Але без цяжкасцей не абышлося, бо патрабавалася хутка і эфектыўна наладзіць канструктыўны дыялог з вучнямі, выкарыстоўваючы педагагічныя і псіхалагічныя веды. Дзякуючы ўніверсітэцкай пад­рыхтоўцы знайшла індывідуальны падыход да кожнага выха­ванца.

За 11 гадоў настаўніцкай дзейнасці Алена Ануфрыюк не расчаравалася ў прафесійным выбары, а толькі ўмацавалася ў ім:

— Люблю бачыць вочы дзяцей, асабліва слабапаспяваючых, якія разумеюць прадмет і гатовы ісці за табой па краіне ведаў. З дапамогай матэматыкі можна доб­ра пракачаць інтэлект і палеп­шыць фінансавую адукаванасць. Вучням вельмі падабаюцца задачы,  звязаныя з выкарыстаннем матэматычных ведаў у рэальным жыцці. Так, школьні­кі з за­давальненнем падлічва­юць коль­касць рулонаў шпалер ці фарбы для рамонту памяшкання, разлічваюць даход­насць банкаўскіх укладаў…

Педагог не ацэньвае адказы вучняў ля дошкі, таму яны не баяцца выходзіць да яе і памыляцца. У сваёй рабоце Алена Васільеўна звяртаецца да метаду актыўнай ацэнкі і дзейнаснага падыходу, які дазваляе дзецям кантраляваць вучэбную дзейнасць і бачыць канчатковы прадукт уласных намаганняў. Гэта асабліва важна пры выкананні розных навукова-даследчых праектаў. Так, пад кіраўніцтвам настаўніцы школьнікі падрыхтавалі праекты “Залатое сячэнне ў аб’ектыве фотаапарата”, “Цудоўныя кропкі трохвугольніка” і “Метад мас у рашэнні геаметрычных задач”, адзначаныя на раённым і абласным узроўнях.

— У педагогіцы вельмі важны зрокавы кантакт з выхаванцамі, каб усе яны былі навідавоку, адчувалі справядлівыя адносіны да сябе і дабрыню, — лічыць настаўніца, якая з’яўляецца класным кіраўніком для 27 дзяцей.

З імі ў Алены Васільеўны склаліся паважлівыя і даверлівыя адносіны. Канфліктныя сітуа­цыі яна вырашае без павышэння голасу.

Педагог двойчы ўдзельнічала ў конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”, па выніках аднаго з якіх выйшла ў абласны этап. Па словах Алены Ануфрыюк, вопыт і веды, атрыманыя там, аказаліся вельмі карыснымі, бо дапамаглі ў метадычнай арганізацыі ўрокаў і ацэначнай дзейнас­ці. А прафесійныя кампетэнцыі і аўтарытэт сярод калег дазволілі педагогу ўзначаліць раён­нае вучэбна-метадычнае аб’яднанне настаўнікаў матэматыкі.

— Ад любімай работы атрымліваю радасць, энергію і задавальненне, — прызнаецца Алена Васільеўна, якая захапляецца фотасправай і экскурсіямі з выхаванцамі па краіне.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ