Чарнобыль: успаміны праз 30 гадоў

- 14:12Адукацыйная прастора

Страшная па сваіх наступствах аварыя на Чарнобыльскай АЭС скалечыла тысячы людскіх лёсаў. З тых часоў мінула 30 гадоў. Немалы тэрмін, але метадысту аддзела фізкультуры, АБЖ, дапрызыўнай падрыхтоўкі і працоўнага навучання Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Рыгору Сачанку здаецца, што гэта было яшчэ ўчора. Настолькі свежыя ў яго памяці тыя трагічныя падзеі.

Рыгор Аляксеевіч родам з Гомельшчыны. Ідучы за дзіцячай марай, ён атрымаў прафесію настаўніка. Праз некаторы час абзавёўся сям’ёй, вярнуўся на малую радзіму. Неўзабаве стаў дырэктарам. Адразу кіраваў Акопскай, потым Вуглоўскай сярэдняй школай Нараўлянскага раёна. Ва ўкраінскі гарадок Прыпяць сям’я вырашыла перабрацца, бо бачыла там жыццёвыя перспектывы.

— Горад быў малады, але дынамічна развіваўся. Добрая інфраструктура, транспартнае забеспячэнне, новыя жылыя мікрараёны. І месцы там былі вельмі маляўнічыя: рака Прыпяць, мноства азёр у акрузе. Насельніцтва ў асноўным маладое. Як цяпер памятаю: на вуліцах шмат дзяцей школьнага ўзросту, мам з нямаўлятамі ў калясках. Усе жылі з упэўненасцю ў стабільнай будучыні, — расказвае Рыгор Сачанок.

Маладая сям’я пасялілася ў інтэрнаце па вуліцы Дружбы народаў. Працаўладкаваліся ў сферу адукацыі. Рыгор Аляксеевіч настаўнічаў у адной з гарадскіх школ, жонка працавала выхавальніцай у дзіцячым садзе.

— Так атрымалася, што праз год пасля нашага прыезду ў Прыпяць я змяніў настаўніцкі партфель на міліцэйскую форму. Заступіў на службу інспектарам па справах непаўналетніх лінейнага пункта міліцыі на чыгуначнай станцыі Корасцень, потым на станцыю Янаў. На гэтай пасадзе і знаходзіўся на момант аварыі, — адзначае Рыгор Аляксеевіч.

Дзень 26 красавіка 1986 года Рыгор Сачанок памятае ледзь не па хвілінах. У тры гадзіны ночы ў іх кватэру прыбыў дзяжурны. Яго па трывозе выклікалі да месца службы.

— У мяне быў асабісты аўтамабіль, але запомнілася, што новы “Масквіч” не жадаў заводзіцца. Ісці прыйшлося пешшу. Па дарозе бачыў слуп аранжава-блакітнага полымя, якое ўздымалася высока над лесам, што рос побач з АЭС. У роце адчуваўся горкі металічны прысмак, — успамінае Рыгор Сачанок.
Ужо ў аддзеле ён даведаўся, што на атамнай станцыі здарылася аварыя. А вось жыхары Прыпяці яшчэ доўга знаходзіліся ў няведанні.

— Зранку ў горад сталі прыбываць нарады міліцыі з іншых раёнаў, пажарныя, ваенныя і палівальныя машыны, аўтамабілі хуткай дапамогі. У паветры пастаянна лёталі верталёты. А між тым гараджане жылі сваім звыклым жыццём, — паведамляе суразмоўца.

Як звычайна, з раніцы дзеці пайшлі ў школу, дарослае насельніцтва — на работу. Была субота, таму бліжэй да абеду ў ЗАГСах пачалася рэгістрацыя вяселляў. Многія жыхары пайшлі на рэчку: на адпачынак, на рыбалку. Пра тое, што на атамнай станцыі адбыўся выбух, гараджанам стала вядома толькі каля абеду 27 красавіка. Пра аварыю і неабходнасць эвакуацыі было абвешчана па гучнагаварыцелі. У бяспечныя месцы людзей везлі спецыяльнымі аўтобусамі і спаранымі цягнікамі, браць з сабой дазвалялася толькі дакументы і рэчы першай неабходнасці.

Рыгор Сачанок напярэдадні вывез сваю сям’ю ў Нараўлянскі раён да сваякоў, а сам па абавязку службы вярнуўся ў Прыпяць. Лінейны пункт міліцыі са станцыі Янаў перадыслацыравалі на чыгуначны вузел Вільча. Нягледзячы на тое, што ўсіх жыхароў эвакуіравалі, працы супрацоўнікам міліцыі хапала. Яны займаліся падтрыманнем парадку, выяўленнем правапарушальнікаў, суправаджэннем грузавых цягнікоў, якія везлі матэрыял для астуджэння рэактара. Пастаянную дапамогу міліцыянеры аказвалі таксама вайскоўцам, пажарным, медыкам. Як кажа Рыгор Аляксеевіч, толькі сумеснымі намаганнямі ўдалося ліквідаваць наступствы катастрофы.

У цэлым Рыгор Сачанок прабыў у чарнобыльскай зоне амаль сем месяцаў. Наглядзеўся ўсялякага: даводзілася бачыць і гераічныя ўчынкі ліквідатараў, і подласць, марадзёрства. Але самаахвярнасці, гераізму ўсё ж было больш. Многія прыязджалі на ліквідацыю аварыі добраахвотна.

— З нашага лінейнага аддзела міліцыі амаль увесь асабовы састаў застаўся ліквідаваць наступствы аварыі. З практычна ста чалавек у жывых зараз засталіся адзінкі, — кажа Рыгор Аляксеевіч.

У канцы 1986-га сям’я Сачанок перабралася на пастаяннае жыхарства ў Магілёў. Паступова жыццё стала наладжвацца: абзавяліся жыллём, стабільнай работай. Са службы ў міліцыі Рыгору Аляксеевічу прыйшлося сысці па стане здароўя, і ён вярнуўся ў адукацыйную сферу. Вось ужо больш за 26 гадоў працуе ён у Магілёўскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. За плённую педагагічную дзейнасць узнагароджаны знакам “Выдатнік адукацыі”, медалём “За працоўныя заслугі”.

Незаўважна прайшлі дзесяцігоддзі: выраслі дзеці, з’явіліся ўнукі. Многае сціраецца з памяці, але тых чорных трагічных дзён Рыгор Сачанок не забудзе ніколі. Пра іх ён расказвае і сучаснай моладзі. Напярэдадні трыццацігадовай гадавіны чарнобыльскай катастрофы Рыгор Аляксеевіч сустрэўся і пагутарыў са студэнтамі факультэта матэматыкі і прыродазнаўства МДУ імя А.А.Куляшова. На яго думку, маладое пакаленне не павінна забывацца пра тыя падзеі, трэба шанаваць подзвіг ліквідатараў наступстваў аварыі. Страшная трагедыя мінулага стагоддзя павінна стаць для іх урокам на будучыню.

Фота з архіва
Рыгора САЧАНКА.