Час натхнення і спраўджвання мары

- 10:40Актуально, Апошнія запісы

Старт рэспубліканскай акцыі “Падары дзіцяці спартыўны мяч” дадзены 30 мая ў Бабініцкай сярэдняй школе Аршанскага раёна.

Прысвечаная “Апошняму званку” лінейка — самая важная і хвалюючая школьная ўрачыстасць напярэдадні лета. Яе ганаровымі гасцямі ў гэтым годзе сталі міністр адукацыі Ігар Карпенка, начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міні­стэрства адукацыі Эдуард Тамільчык, старшыня Беларускай федэрацыі футбола дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Базанаў, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Віктар Пенін, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Віталь Стрыгельскі, кіраўнікі органаў мясцовай улады і шэфскіх прадпрыемстваў, знакамітыя выпускнікі і бацькі навучэнцаў.

Перад пачаткам свята Ігар Карпенка сустрэўся з педагогамі, азнаёміўся з арганізацыяй і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем адукацыйнага працэсу. Школа аграгарадка Бабінічы — адна з самых буйных у раёне: больш за 500 навучэнцаў і 54 настаўнікі, 25 класаў-камплектаў. Установа рэалізуе праграмы пачатковай, базавай і агульнай сярэдняй адукацыі на базавым узроўні, а таксама на трох ступенях — праграмы дадатковай адукацыі, на першай — спецыяльнай і на трэцяй — павышанага ўзроўню вывучэння асобных вучэбных прадметаў (мадэль 3); арганізаваны факультатывы прадметнага, ваенна-патрыятычнага, прафарыентацыйнага, спартыўнага, музычнага, харэаграфічнага, тэатральнага напрамкаў, дадатковыя заняткі на платнай аснове. Атрад юных інспектараў дарожнага руху з Бабінічаў — неаднаразовы пераможца і прызёр абласных і рэспубліканскіх, удзельнік міжнародных злётаў, газета старшакласнікаў “Цалкам несакрэтна” — лаўрэат Рэспубліканскага конкурсу школьнай прэсы. Не менш вядомыя ў раёне і за яго межамі школьны ансамбль акардэаністаў “Мушкецёры”, танцавальны калектыў “ПАРАФРАЗ”, студыі вакальнага і тэатральнага майстэрства, дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Амаль трэць педагогаў школы складаюць яе выпускнікі, двое маюць кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, 35 — вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, трое ўзнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”.

Дырэктар школы Юрый Лук’янаў: “Наш педагагічны калектыў вылучае асаблівы мікраклімат павагі, творчасці і ўзаемадапамогі, беражлівых адносін да традыцый установы адукацыі. Гэта моцная каманда прафесіяналаў, здольных нестандартна думаць і дзейнічаць, актыўны ўдзельнік абласных, рэспубліканскіх, міжнародных праектаў. Усё, чым жыве школа, робіцца не толькі для дзяцей, але і самімі дзецьмі разам з настаўнікамі”.

Бабініцкая сярэдняя школа з’яўлялася эксперыментальнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі па апрабацыі новых тэхналогій навучання матэматыцы ў пачатковай школе па дапаможніку Герасімава, інавацыйнай — па ўкараненні мадэлі мультыпрофільнага навучання на трэцяй ступені; ма­дэлі Інавацыйнага цэнтра павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў (ІЦПК) па ўкараненні мадэлі мультыпрофільнага навучання на трэцяй ступені; мадэлі кансалтынгавага цэнтра па выкарыстанні сучасных адукацыйных тэхналогій на ўроках і факультатыўных занятках; па фарміраванні грамадзянскіх кампетэнцый удзельнікаў адукацыйнага працэсу ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці; па фарміраванні метапрадметных кампетэнтнасцей навучэнцаў ва ўмовах профільнага навучання; з гэтага навучальнага года выступае інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі па тэме “Укараненне мадэлі фарміравання асобасных і метапрадметных кампетэнцый навучэнцаў у вучэбнай і пазавучэбнай рабоце”. Установа адукацыі — удзельнік шматлікіх міжрэгіянальных праектаў. У мінулым годзе па выніках работы школа перамагла ў раённым конкурсе на званне лепшай установы агульнай сярэдняй адукацыі.

У планах калектыву на найбліжэйшую перспектыву — стварэнне цэнтра дадатковай адукацыі дарослых і дзяцей (праект рэалізуецца пры падтрымцы Сусветнага банка ў Рэспубліцы Беларусь). Жыхары аграгарадка і яго ваколіц упэўнены: іх сельская школа ў многім не саступае гарадскім гімназіям.

…Так атрымалася, што з апошнім званком на школьны двор завітала двайное свята. Гэта быў зорны час для адзінаццацікласнікаў, за якімі з захапленнем і зайздрасцю сачылі навучэнцы малодшых класаў. Захапленне выклікалі не толькі бездакорны знешні выгляд, але і сур’ёзныя дасягненні старэйшых: з 20 навучэнцаў — два прэтэндэнты ў залатыя медалісты, практычна ўсе — удзельнікі і праз аднаго — пераможцы і прызёры алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў, канферэнцый, конкурсаў, фестываляў ад раённага да міжнароднага ўзроўню. Па традыцыі лепшым з лепшых на лінейцы дырэктар уручыў дыпломы, граматы, падзякі за стараннасць і поспехі.

Сапраўднымі героямі дня адчувалі сябе і першакласнікі. Госці прывезлі і на лінейцы ўручылі ім выдатныя падарункі — футбольныя мячы і спартыўную форму з лагатыпамі рэспубліканскай акцыі “Падары дзіцяці футбольны мяч”. Сёлета акцыя, якая праводзіцца Беларускай федэрацыяй футбола пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, стартавала ў Бабініцкай сярэдняй школе.

— Напэўна, кожны з прысутных зараз мімаволі ўзгадвае свае школьныя гады. Успаміны пра школу, цікавыя справы, сяброўства, першае каханне мы захоўваем як вялікую каштоўнасць. Але “Апошні званок” не падстава сума­ваць аб дзяцінстве. Як бы ні хацелася яго ўтрымаць учарашнім школьнікам, наперадзе чакаюць вялікія перамены, вынік якіх залежыць ад іх асабіста, — падкрэсліў Ігар Карпенка. — Пачынаецца новы жыццёвы этап, трэба рабіць усвядомлены выбар і шмат у чым спадзявацца на ўласныя сілы. Жадаю выпускнікам заставацца вернымі сабе, заўсёды памя­таць свае вытокі і карані, родную школу і тых, хто даў пуцёўку ў жыццё, — бацькоў і настаўнікаў. Наша дзяржава робіць усё магчымае, каб малады чалавек мог знайсці сапраўднае прызванне, рэалізаваць прафесійны і творчы патэнцыял, плённа працаваць на карысць Радзімы, народа, сям’і. Прыярытэт развіцця сучаснай Беларусі — здаровы і адукаваны чалавек, таму вучоба са спортам ва ўстановах адукацыі і­дуць побач і ў адным кірунку. Для першакласнікаў завяршаецца першы год, калі яны адчулі, што значыць вучыцца, зразумелі, якая гэта сур’ёзная, адказная праца. Спадзяюся, лета нашы дзеці правядуць з карысцю для сябе, умацуюць здароўе, атрымаюць новыя веды і ўменні, яркія ўражанні, пасябруюць са спортам. А ў будучыні многія змогуць увайсці ў спорт высокіх дасягненняў. Магчыма, менавіта кагосьці з вучняў Бабініцкай сярэдняй школы мы ўбачым у складзе нацыянальнай зборнай рэспублікі па футболе.

Міністр адукацыі ўручыў прадстаўнікам ад рэгіёнаў сертыфікаты з указаннем колькасці мячоў, што будуць перада­дзены ў кожную з абласцей. Усяго ў рамках акцыі напярэдадні летніх канікул футбольныя мячы ў падарунак атрымаюць 18 163 першакласнікі з устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.