Чат­-бот пачатковай школы № 29 Мінска «Пытанне дырэктару»: можна цікавіцца і пра змены ў харчаванні

- 11:10Образование

У Telegram-­канале пачатковай школы № 29 Мінска імя братоў Сянько створаны чат­-бот “Пытанне дырэктару”, дзе бацькі могуць задаць пытанні па змяненнях у харчаванні, выказаць свае прапановы, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Пачатковая школа № 29 Мінска імя братоў Сянько знаходзіцца на вуліцы Сонечнай. Педагогі школы разам са сваім дырэктарам Аксанай Арловай імкнуцца адпавядаць гэтай назве і стварыць сонечную атмасферу для сваіх выхаванцаў.

Як расказала Аксана Яўгенаўна, школа мае 110-гадовую гісторыю. Яна створана 1 кастрычніка 1913 года. За гэты час шмат чаго давялося перажыць, але галоўная задача — вучыць дзяцей — заставалася і застаецца нязменнай. Школа носіць імя герояў Вялікай Айчыннай вайны, юных падпольшчыкаў, выпускнікоў школы братоў Уладзіміра і Канстанціна Сянько. Памяць аб юных героях увекавечвае мемарыяльная дошка, размешчаная каля ўвахода ў школу, і помнік. Статус пачатковай школы ўстанове адукацыі быў прысвое­ны ў 2000 годзе, і цяпер у ёй вучыцца больш за 700 пачаткоўцаў, сярод якіх і дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Сёлета будуць сфарміраваны 7 класаў інтэграванага навучання і выхавання.

Для вучобы і адпачынку выхаванцаў створаны ўсе неабходныя ўмовы: для навучання спецыяльна абсталяваны кабінеты, у зонах адпачынку — гульнявыя пляцоўкі з разнастайным абсталяваннем. У школе ёсць спартыўная і актавая залы, медыцынскі кабінет, бібліятэка, сталовая, лыжная база. Створана музейная экспазіцыя “Помнім і ганарымся”, якая ўключае ў сябе два раздзелы: “Памяць захаваем” (пра дзяцей — вязняў канцлагераў і пра спаленыя вёскі), “Маленькія героі вялікай вайны” (пра юных герояў-антыфашыстаў). Распрацаваны музейныя ўрокі, якія праводзяць навучэнцы 3-х класаў. У зале музейнай экспазіцыі праходзяць тэматычныя класныя і інфармацыйныя гадзіны, урачыстыя прыёмы. У пачатку новага навучальнага года плануецца адкрыць трэці раздзел музейнай экспазіцыі “Гісторыя маёй школы”.

Маючы вялікі вопыт разнастайнай праектнай дзейнасці, актыўны і ініцыятыўны калектыў школы не мог застацца ў баку ад эксперымента па арганізацыі харчавання, тым больш што тут вучацца не проста пачаткоўцы, але і дзеці з асаблівасцямі развіцця, якім патрэбен індывідуальны падыход. Да пачатку рэалізацыі гэтага праекта кіраўніцтвам школы была праведзена пэўная работа, у першую чаргу па аснашчэнні харча­блока, добраўпарадкаванні памяшкання сталовай. Павялічана колькасць пасадачных месцаў у абедзеннай зале (з 180 да 230). Набыты новыя падстаўкі для сталовых прыбораў, латкі для хлеба. У харчаблоку заменены змешвальнікі вады, набыты стэлаж для сушкі талерак.

Істотным у эксперыменце стала цеснае ўзаемадзеянне школы з бацькоўскай грамадскасцю, педагогамі і навучэнцамі. Вялася змястоўная інфармацыйная работа. Змяненні ў арганізацыі харчавання абмяркоўваліся з бацькоўскім камітэтам школы, затым быў праведзены агульнашкольны бацькоўскі сход з удзелам прадстаўнікоў камбіната школьнага харчавання Мінска, дзе была прадстаўлена поўная інфармацыя па рэалізацыі гэтага праекта. У час эксперымента праводзілася апытанне дзяцей і іх бацькоў, якім задаваліся самыя розныя пытанні: ці падабаюцца стравы, што трэба змяніць альбо палепшыць у графіку арганізацыі харчавання, ці прыйшліся ім даспадобы два варыянты меню? У Telegram-канале створаны чат-бот “Пытанне дырэктару”, дзе бацькі, іншыя зацікаўленыя могуць задаць пытанні па змяненнях у харчаванні, выказаць свае прапановы, падзяліцца вопытам. Рубрыка па арганізацыі харчавання будзе дзейнічаць пастаянна.

Ала КЛЮЙКО
Фота прадастаўлены пачатковай школай № 29 сталіцы