Чатыры беларускія школьнікі адправяцца ў ЗША

- 11:56Актуально, Апошнія запісы

Імёны шчасліўчыкаў былі названы па выніках фіналу навукова-інжынернага конкурсу навучэнцаў Belarus Science&Engineering Fair-2015, які сёлета праходзіў на базе БДУІР. Магчымасць прадставіць свае праекты на навукова-інжынерным конкурсе ў ЗША атрымалі Уладзіслаў Гадалаў, Віктар Беляўцоў, Іван Саечнікаў і Дзмітрый Крывянчук. 
Міжнародны конкурс Intel ISEF (Intel International Science and Engineering Fair) будзе праходзіць з 10 па 15 мая ў Пітсбургу (штат Пенсільванія, ЗША). Яго прызавы фонд — звыш 5 млн долараў.

У гэтым годзе на нацыянальны конкурс “Belarus Science&Engineering Fair-2015” было заяўлена 243 даследчыя праекты ад школьнікаў ва ўзросце 13—18 гадоў з усіх рэгіёнаў нашай краіны. У фінал выйшлі 82 праекты.
Традыцыйнай формай прадстаўлення праектаў на згаданым конкурсе з’яўляецца адкрытая стэндавая абарона, падчас якой юныя навукоўцы дэманструюць свае вынаходкі. Удзельнікам фіналу неабходна было паказаць сваё ўменне лагічна разважаць, адказваць на пытанні членаў журы і адстойваць уласны пункт гледжання.
У склад навуковага журы ўваходзілі вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Белдзяржуніверсітэта, БНТУ, МДЭУ імя А.Д.Сахарава і інш. Акрамя таго, праекты ацэньвала педагагічнае, маладзёжнае і бізнес-журы.
Пасля абароны праектаў юныя навукоўцы дэманстравалі свае работы ўсім жадаючым на адкрытым “Кірмашы праектаў”.
Журы давялося нямала папрацаваць, перш чым былі названы пераможцы конкурсу ў розных катэгорыях (“Біялагічныя навукі”; “Экалогія і праблемы навакольнага асяроддзя, энергазберагальныя тэхналогіі”; “Хімія”; “Інфарматыка”; “Матэматычныя навукі”; “Фізіка”; “Праектаванне: электратэхніка і механіка”). Пераможцы конкурсу атрымалі дыпломы, а таксама прызы — смартфоны, шматфункцыянальныя ўстройствы, знешнія дыскі, рукзакі і іншыя карысныя падарункі.
Асобныя ўдзельнікі конкурсу атрымалі адмысловыя прызы ад кампаніі Intel, карпарацыі Ricoh, матэматычнага таварыства Mu Alpha Theta, біялагічнай суполкі Society for In Vitro Biology.
Самыя перспектыўныя праекты былі вылучаны для ўдзелу ў Міжнародным конкурсе Intel International Science and Engineering Fair. Тут журы ўлічвала перш за ўсё практыкаарыентаванасць і актуальнасць праектаў, камунікатыўныя навыкі аўтараў, іх уменне цікава прадставіць праект, а таксама ўзровень валодання англійскай мовай.
Напэўна, варта назваць праекты, якія будуць прэтэндаваць на перамогу ў Міжнародным конкурсе Intel International Science and Engineering Fair: “Сістэма бяспекі Artemis Web Security” (Уладзіслаў Гадалаў); “Новы тып крыла” (Віктар Беляўцоў); “Рэалізацыя метаду аўтаномнага пазіцыянавання нанаспадарожніка класа Can Sat для пабудовы вертыкальных профіляў газавага складу атмасферы і карт вегетацыйных індэксаў” (Іван Саечнікаў); “Распрацоўка дзеючай мадэлі ўніверсальнага беспілотнага лятальнага апарата і даследаванне яго асноўных фізічных характарыстык” (Дзмітрый Крывянчук).
Арганізатары конкурсу — адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій, карпарацыя Intel, Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі і ўпраўленне адукацыі Мінскага аблвыканкама — пастараліся зрабіць фінал сапраўдным святам для навукоўцаў усіх узростаў.
Так, для кіраўнікоў праектаў на базе БДУІР была арганізавана адкрытая лекцыя на тэму “Інтэлектуальная культура ў тэрмінах прыродазнаўчанавуковых ведаў” і трэнінг “Фарміраванне ў навучэнцаў псіхалагічнай гатоўнасці да інтэлектуальных спаборніцтваў”.
З публічнай лекцыяй “Intel. Ад працэсараў да інтэрнэту рэчаў” перад удзельнікамі конкурсу выступіў каардынатар Intel ISEF у краінах СНД Аляксандр Аленеў.
Зусім юных наведвальнікаў конкурсу чакала навуковае шоу Ximikids, дзе дзеці змаглі паўдзельнічаць у вясёлых хімічных і фізічных эксперыментах.
Таксама ў рамках конкурсу прайшоў форум маладзёжнай навукі. На розных факультэтах БДУ, БНТУ і БДУІР былі арганізаваны адкрытыя лекцыі і экскурсіі.

Галіна СІДАРОВІЧ.