Чатыры бронзавыя медалі заваявалі беларускія школьніцы на еўрапейскай матэматычнай алімпіядзе

- 17:48Образование

Чатыры бронзавыя медалі заваявалі прадстаўнікі Беларусі на ХІІ Еўрапейскай матэматычнай алімпіядзе для дзяўчат (EGMO). Узнагарод удастоены Алена Вярцінская (11-ты клас, гімназія № 3 імя В.І. Саломавай Гродна), Аліна Вяруціна (11-ты клас, гімназія № 2 Віцебска), Ганна Пятрышына (11-ты клас, гімназія № 58 Гомеля імя Ф.П. Гааза) і Марына Ільіна (9-ты клас, гімназія № 41 Мінска імя В.Х. Сярэбранага), паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Кіраўнікамі каманды беларусак выступілі Дзмітрый Базылеў і Паліна Чэрнікава. Дарэчы, зборная нашай краіны штогод, пачынаючы з 2013-га, вынікова прымае ўдзел у гэтых спаборніцтвах. У 2015 г. IV Еўрапейская матэматычная алімпіяда для дзяўчат паспяхова была праведзена ў Беларусі.

Гістарычна ў матэматыцы не так многа дзяўчат, і такія спаборніцтвы даюць удзельніцам адчуць, што не так ужо і мала юных аматарак дакладнай навукі ва ўсім свеце. Гэта вельмі стымулюе працягваць займацца матэматыкай. Таксама гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з аднадумцамі, — пракаменціравалі ў Міністэрстве адукацыі.

Упершыню матэматычная алімпіяда для дзяўчат адбылася ў Кембрыджы, у ёй прынялі ўдзел каманды з 16 краін Еўропы і 3 краін-гасцей. Наступныя спаборніцтвы плануецца правесці ў Грузіі.

Навучэнка гімназіі № 3 імя А.І. Саломавай Гродна і слухачка курсаў «Алімп» вучэбнага цэнтра «Школа дакладных навук» факультэта матэматыкі і інфарматыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Алена Вярцінская расказала, як рыхтавалася да алімпіяды. З раніцы — у гімназіі са сваім трэнерам Яўгенам Разумавым, а ў другой палове дня — на курсах з выкладчыкамі ГрДУ Ірынай Карлюковай і Наталляй Казлоўскай, увечары — дома сама.

Акрамя магчымасці працаваць з выкладчыкамі наведванне курсаў таксама дазваляе трапіць у канкурэнтнае асяроддзе, што немалаважна. Курсы для падрыхтоўкі да алімпіяд ва ўніверсітэце я наведваю з 7-га класа, — адзначыла дзяўчына.

ХІІ Еўрапейская матэматычная алімпіяда для дзяўчат праходзіла ў красавіку ў Славеніі і аб’яднала 151 удзельніцу з 55 краін свету.

EGMO праводзіцца з 2012 г. Краіны-ўдзельніцы дэлегуюць каманды, якія складаюцца з чатырох дзяўчат-матэматыкаў школьнага ўзросту. Спаборніцтвы арганізоўваюцца ў два дні, кожны дзень неабходна рашыць па тры задачы. Дарэчы, прыняць удзел у іх могуць і нееўрапейскія краіны ў якасці гасцей.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота з архіва ўдзельніц алімпіяды