Чым менш забарон — тым свабодней можна працаваць

- 10:25Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Беларусь трымае курс на максімальную дэмакратызацыю і адкрытасць выбарчага працэсу. Аб гэтым паведаміў у Віцебску сакратар Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік.

Гаворачы аб асаблівасцях цяперашняй выбарчай кампаніі, Мікалай Лазавік звярнуў увагу на тое, што гэтыя парламенцкія выбары пройдуць ва ўмовах змененага выбарчага заканадаўства з арыентацыяй на рэалізацыю рэкамендацый міжнародных арганізацый і ў першую чаргу АБСЕ. “Мы ўзялі курс на максімальную дэмакратызацыю і адкрытасць выбарчага працэсу. Такая ўстаноўка дадзена арганізатарам выбараў па ўсіх абласцях. І я павінен у гэтым кантэксце з добрага боку адзначыць Віцебскую вобласць. Тут арганізатары паказалі прыклад, як трэба працаваць, каб зняць непатрэбныя абмежаванні і забароны. Чым менш забарон — тым свабодней могуць працаваць і члены ініцыятыўных груп, і агітатары, і самі кандыдаты ў дэпутаты”, — сказаў сакратар ЦВК.

Мікалай Лазавік растлумачыў, што рэгіён заслужыў такую высокую ацэнку ўжо на старце выбарчай кампаніі — на этапе фарміравання тэрытарыяльнай і акруговых выбарчых камісій. “У Віцебскай вобласці гэты працэс прайшоў бездакорна, таму што ўсе кандыдатуры, якія былі прапанаваны ў склад камісій, абмяркоўваліся, праводзілася рэйтынгавае галасаванне. Незалежна ад партыйнасці прадстаўленых кандыдатур у склад камісій увайшлі тыя асобы, якія набралі больш галасоў членаў выканкама і прэзідыума аблсавета. Спадзяюся, што гэтак жа дэмакратычна і адкрыта будуць праходзіць і наступныя этапы выбарчай кампаніі, асабліва фарміраванне ўчастковых выбарчых камісій”, — падкрэсліў сакратар ЦВК.

Мікалай Лазавік у размове таксама выказаў меркаванне, што сур’ёзныя палітыкі, якія маюць намер змагацца за дэпутацкі мандат, будуць вылучацца ў кандыдаты шляхам збору подпісаў грамадзян.

“Паводле закона, кандыдат у дэпутаты можа быць вылучаны ад працоўнага калектыву, ад палітычнай партыі і шляхам збору подпісаў. Сур’ёзны палітык, які мае намер змагацца за дэпутацкі мандат, абавязкова скарыстаецца спосабам збору подпісаў, таму што ў час гэтага працэсу ён сустракаецца з выбаршчыкамі, вывучае іх меркаванні, выслухоўвае наказы і тым самым значна павышае свае шансы на выбранне. Сур’ёзныя прэтэндэнты будуць актыўна займацца зборам подпісаў і для таго, каб данесці сваю праграму да выбаршчыкаў і атрымаць ад іх зваротную рэакцыю ў выглядзе наказаў”, — падкрэсліў Мікалай Лазавік.

Днямі ў Віцебску адбыўся вучэбны семінар для старшынь і членаў абласной і акруговых выбарчых камісій. Мікалай Лазавік звярнуў увагу калег на новаўвядзенні і асаблівасці выбарчай кампаніі, прэзентаваў зборнік метадычных матэрыялаў.

Нагадаем, што выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання пройдуць у Беларусі 11 верасня.